Выбрать главу

Абуджаў непраходнае і падманлівае чараўніцтва вечнасці. І гэта непраходнае і падманлівае штосьці ці хтосьці, што не паддаецца вызначэнню, крыж на пузе, як у нас кляліся, невідушчае і нябачнае было стоена, схавана ў той хаце, якая пазбавілася гаспадара і пусціла на яго месца чорнага чалавека. Нешта злепленае і сатканае з аскалепкаў і парэшткаў неўразумеласці, што не ўбачыць вокам і не адчуць слыхам, не выкрыць нават сонечным промнем, варочалася, ціхенька стагнала і цяжка ўздыхала. Толькі дзе - у былым красным куце ля абразоў, са столі, ці пад падлогай, а мо і ўва мне - гэтага я не мог, ніяк няздольны быў уцяміць. Не хапала ні клёпак, ні арыентацыі. Але я ўжо добра, хаця і не асэнсавана, ведаў, хто гэта: невыяўна патаемны дух жытла, уласцівы ўсяму існаму на зямлі. Чыстай кармушцы каровы, у якую яна смачна дыхае жуйкай лугавой тра­вы. Малочнаму, толькі-толькі ўстаяламу сваімі нагамі на жытняй саломе цяляці. Маладому і сталаму ўжо дрэву, асабліва вячыстаму векавому дубу, падворку, траве-мураве, сакатлівым курам і жоўта-жоўценькім куранятам.

Зведаў усё гэта яшчэ ў няўцямным дзяцінстве. Але з цягам часу спакваля пачаў забываць гэтае веданне. Яно адышло зусім ад мяне, калі я падаўся на чужыну і ніяк не мог прынюхацца да яе, не зважаючы на ўсю прыязнасць да мяне. Мой дух жытла ніяк не хацеў звыкнуцца і парадніцца, паяднацца з набытым, нязвыклым мне чужым духам. Яны не пярэчылі адно аднаму, але і не пабраталіся. І таму ці то я забыўся на яго, ці то ён забыўся і пакінуў, збег ад мяне. Значна пазней я ўзгадаў пра яго і часткова набыў, як ні дзіўна, на чужбіне па-за морам-акіянам: ці не далячынь, выдаленасць і адрачонасць свайго, абсалютная чужасць паспрыялі гэтаму. Даводзіцца толькі гадаць, як гуляе з намі прастора і час. У нейкай меры гукнулася, адбылося гэта ў Нью-Ёрку, у так званым жаблоце - супермаркеце для неграў і савецкіх дыпламатаў. Думаю, што гэта ўсё ж было знакавае, сакральнае прадбачанне, прадчуванне хуткай будучыні, праз акіяны і мора навеенае сонечным промнем пакінутай радзімы. Але пра гэта пазней.

А тады... Гэта ж была першая для мяне сустрэча з дзяржаўным чала­векам. У яго асобе сама дзяржава паклала на мяне свае вока. Абрала і вылучыла, як Паўліка Марозава. Так ужо, пэўна, у нас заведзена, наканаванае і мройна летуценнае здольны сыходзіцца і сыходзяцца ў хаосе, сумяшчацца ў нашым жыцці. Савецкім працягам таго ж Паўліка і шматлікіх іншых нашых Паўлікаў, таму што захапіўся чытаннем кніжак. Усякіх і розных, якія траплялі пад руку і вока. Вучыцца амаль не вучыўся, чытаў пры сонцы і месяцы, у хаце за сталом падчас абеду, пасвячы карову ў полі і лесе, у школе на ўроку, прарабіў на два друкаваныя радкі шчылінку ў парце. Маёй мэтай было прачытаць усе да адзінай кніжкі ў свеце - еди­ного слова ради. Слова адкрыцця. Схаванай ад мяне праўды, набыцця мудрасці, стоенай друкавана ў сусветна вялізнай шафе, як уяўлялася мне на тую пару, скрыні, накшталт зусім мне не казачнага Кашчэя: той, дзе захоўваўся амаль увесь жыццёвы набытак маёй бабулі, яе пасмяротны пахавальны пасаг.

Як ужо казаў, вызначыў сабе штодзённую норму чытання - пяцьсот друкаваных дробнымі літарамі кніжных старонак - і выконваў яе, бо такая ж норма была ў Леніна і яшчэ ў некага з правадыроў. Як гэта ні дзіўна, ў школьныя гады я быў ці не самым вялікім паглынальнікам тагачаснай макулатуры, чым, на вялікі жаль, заняты і сёння: ні больш, ні менш - самы сапраўдны кніжны наркаман. З той розніцай, што сёння з паглынальніка макулатуры я нейкім чынам ці не пераўтварыўся ў вытворцу яе, перараджэнне падобна таму, як з брыдкага бязглуздага вусеня ці балотнай казюркі вылупляецца гожы матылёк ці асвяжальная і астуджальная воку страказа. Так гожыя, але хіжыя, бясконца хіжыя і шкодныя, пра што ў сабе мне цяжка меркаваць. Некалі так прагнучы праўды, сёння я яе баюся і па магчымасці, на жаль, цураюся. Бо надта ж яна жорсткая, не па маёй галаве.