Галоўнае з той колішняй і сённяшняй макулатуры ўражанне і адчуванне зусім не дабрачыннае і дабрадзейнае - праваслаўна-хрысціянскае. У свеце тысячагоддзі і тысячагоддзі бясконца, згодна ўсходніх веравызнанняў, адбываецца, цягнецца так званая, модная сёння і ў нас рэінкарнацыя. Не толькі людзей, але і вякоў, часоў, падзей і народаў, толькі сама прастора чалавека і чалавечнасці сцягваецца і сцягваецца, нібы шагрэневая скура. А рэінкарнаваная гісторыя доўжыцца, доўжыцца і працягваецца ў непамятнасці. Са зменай ладаў, рэвалюцый і бунтаў. Выцягнутая на Божы свет і Божае святло з канібальскай няцямнасці пячор у людажэрнае сярэднявечча. І далей, далей, далей. У бяконцасць нашага роду. Зноў жа, тую ж самую канібальскую людажэрнасць. У сённяшні гуманістычна-цывілізаваны, часам нават рафінавана-адукаваны і вытанчаны дзень. Рэінкарнацыя часу, прасторы і сучасных уладных месій. Цара Івана Жахлівага, імператара Пятра Вялікага, месій і правадыроў усіх часоў і народаў Леніна-Сталіна, фюрэра Адольфа Шыкльгрубера. Гэта толькі адзінкі з тых, хто рэінкарнавана ўзыходзілі і адроджана рэінкарнаваліся, падобна птушцы Фенікс на крыві адзін за адным і адзін ад аднаго. А колькі было іншых, дробных, рэгіянальных, месцячковых, вясковых і нават ворных. Крывавая справа рэінкарнацыі была пастаўлена на канвеер, пэўна, мо нават з большай магутнасцю, чым у самога Форда. Таму што краіне ды і свеце паўсюль і бясконца не хапала герояў. А як адзначыў яшчэ Б. Брэхт горкім усхліпам Галілея: “несчастная та страна, которая нуждается в героях”. Як вядома, у нас героем можа стаць кожны, дзяржава была надта ж плоднай на іх.
Ці не штосьці падобнае, ахвярнае, мо ўжо не аднойчы рэінкарнаванае стоена стагнала, хваравіта дыхала і спрабавала аб нечым папярэдзіць мяне ў той, пазбаўленай гаспадара, службовай хаце. Чалавек нешта даводзіў нязвыклымі мне яшчэ ў маім узросце словамі. Я чуў і не чуў іх, успрымаў хутчэй скурай даўнавата ўжо не мытага цела, чаму яны і захрасалі там без пранікнення ўглыб, у макацоўбіну, сэрца. Слізгацелі па паверхні кароткай, але ўчэпістай памяці. Учэпістай на захаванне ў падсвядомасці на гады:
- У цябе пільныя вочы. Ты павінен і надалей захоўваць іх пільнасць.
У мяне не было пярэчання гэтаму. Я ніколі не наракаў на свае вочы, не прыглядваўся да іх, у галаве не трымаў, якія яны. Мае - і ўсё.
- У цябе не сквапныя і не хіжыя, чыстыя рукі. Верым, ты не скраў гаманцы. І з іх нічога не ўзяў.
Гэта была праўда, толькі не наконт чысціні маіх рук. Ваду і мыла яны ведалі толькі зрэдзьчасу.
- Добрая, кемлівая галоўка. Ты не выкінуў знойдзенае, данёс куды трэба. Прама ў органы. Трымайся гэтага і ў будучым. Будзь як савецкі піянер Паўлік Марозаў. Ведаеш яго?
- Ведаю, - адказаў я, крыху здзіўлены, хто ж у той час не ведаў Паўліка Марозава, амаль Леніна нашых дзён.
- Будзеш такім, як ён?
- Буду, - без ваганняў прамовіў я. Таму што ўжо ганарыўся сабой. І сапраўды, з такой кемлівай галавой, чыстымі рукамі, пільным вокам, а там было яшчэ нешта лагоднае мне і пра сэрца - мне без дурняў быў угатаваны лёс Паўліка Марозава. Я ўжо ці не рэінкарнаваўся ў яго. Сама рэчаіснасць была скіравана на такую рэінкарнацыю. Сістэма прарабляла гэта па-майстэрску.
Два тысячагоддзі таму пры вывяржэнні Везувія загінулі Пампеі. Заліло вогненай лавай, засыпала попелам. Людзі гінулі імгненна. Выпараліся ў вулканічнай лаве. Замест іх там ўтвараліся пустоты, што захоўвалі форму некалі жывога чалавека. Форму жывога чалавека распазналі сучасныя археолагі. Яны залівалі вулканічныя пустоты гіпсам і атрымлівалі чалавека, які жыў дзве тысячы гадоў таму. Ці не тое ж рабілі і тут, і адносна зусім нядаўна, з жывымі людзьмі, канвеерна выраблялі з жывой біямасы гіпсавых балванчыкаў, адлітых з удзелам творцаў - творчасцю, абвешчанай самім Максімам Горкім як сацрэалізм.
Творцы-песеннікі ўшаноўвалі іх музычна, нотна, творцы-скульптары наставілі гэтых гіпсавых балванчыкаў ці не па ўсёй краіне, адмыслова для мяне і шмат іншых, падобных да мяне. Апелі сваё тварэнне ў вершах, песнях, паэмах, увекавечылі ў каменных ідалах. Вось такі быў сацыялістычны рэалізм.
А самога Паўліка Марозава, як гэта ні дзіўна, не было. Не было нічога і блізкага да створанага савецкімі інжынерамі чалавечых душ. Быў няшчасны, смаркаты і вашывы хлопчык у зрэбных штоніках і кашулі. Дарэчы, хаця і сібірскі хлопчык, але беларус па паходжанні, з Віцебшчыны. І ніякага подзвігу ён не здзейсніў. Была чыста сямейная, без палітыкі крымінальная разборка, пасля якой забілі і ўзвялі на ідэлагічна-бальшавіцкі п’едэстал творцы таго ж сацрэалізму. Павязалі яму чырвоны піянерскі гальштук, са здрайцы роднага бацькі стварылі пакутніка і пачалі гіпсава множыць па краіне. Быў попыт на падобных крывавых ахвярных хлопчыкаў з бальшавіцкага гіпсу. А хлопчыка, да вашага ведама, Аляксей Максімавіч, усё ж не было - адзіна попыт.