Янка Купала
Яна і я
1. Стрэча
На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся -
Куды ісці, не ведала яна,
І я не ведаў - ў полі я ці ў лесе,
І мне ляжала сцежка не адна.
Як путнікі, заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
І слухам клікалі найменшы шум.
Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыллямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчаслівы!
Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!
І рукі злучывалі нам навекі,
Багаслаўленне далі нам свае
Ісці у свет праз горы, долы, рэкі,
Ісці супольна праз усё жыццё.
Вясельны гімн, як плачкі, нам запелі
І заракалі крыллямі зарок -
Над ей, заручанай, у шлюбнай белі,
І нада мной, ахутаным у мрок.
А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб не зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе не звабіў вас курган!
Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас
І расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі ці ў добры час.
І мы пайшлі, як тыя цені-мары,
Няспынна ад расы і да расы;
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.
2. У хаце
У хаце ўжо маёй будзь гаспадыняй, -
Няма ў мяне нікога, проч цябе;
Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,
І будзем думы думаць аб сабе.
Палац мой, бачыш, хоць і не багаты,
Але я сам яго узбудаваў,
Сам сцены вывеў, клаў на кроквы латы
І сам пад стрых саломай пакрываў.
Не выбіты атласам сцены, лавы,
Падлога не заслана дываном
Турэцкім, што сваей красой іскравай
Гарыць, зіяе, як той жар, агнем.
Над печкай, што стаіць каля парога,
Не працавалі мудры разьбяры,
Сам з гліны збіў яе й з пяску сырога
Ды вапнай пабяліў разы са тры.
Вось ложак, зроблены маёй рукою,
З смалістай сосны дошкі выслаў ў ім;
Пасцель пуховую пасцелем мы з табою,
Каб мякка спаць было нам абаім.
У ночнай цішы, ў любым упаенні,
У патаенні ад жыцця, людзей,
Агонь душу і сэрца распрамене,
Агонь гарачых, злучаных грудзей.
І мнагацветныя акружаць нас вясёлкі,
Маланкі залатыя замігцяць,
А думкі нашы, верныя саколкі,
Да неба з добрай весткай паляцяць.
Так мілаванне к шчасцю след адчыне,
А мілаванне - над царамі цар, -
І будзеш век маёй ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.
3. Праталіны
Ўжо на зямлю ляглі праталіны,
Снягоў спаўзае зімавая бель,
Узгоркі свецяць - як апалены,
Вада ў лагчынах жаліцца, як чмель.
Дзе-нідзе глянула нясмелая
Пралеска вочкамі на божы двор, -
Людскіх слёз кветка сіня-белая
Шукае сонца днём, а ночкай - зор.
Крылатыя стварэнні з выраю
Па Млечнаму пуці плывуць, як шнур,
І, творачы малітву шчырую,
Сваіх шукаюць кінутых пячур.
Спагаднае святло нябеснае
На колькі вёрст звялічыла свой шлях,
Па нівах промені пачэсныя,
Як лён той, сцелюцца ў жывых агнях.
І ў хатку заглядаюць промені, -
Дармо што нізкія аконцы ў ёй, -
Гуляюць радасна па коміне
Бліскучай і вясёлаю сям'ёй.
Па ложку, па пасцелі ласяцца,
Цалуючы яе і мой гарачы твар,
Як тыя ветрыкі на пасецы,
Гуляючы ў пякучы летні сквар.
Устань, галубачка бяскрылая,
Заспаны зоры-вочанькі пратры,
Збяромся з думкамі і з сілаю
Жыцця парадак валачы стары!
Праталіна лягла на гонейках,
Збудзілася пралесачка ад сна...
Устань, устань, мае ты сонейка!
Залатаструнна йграе ўжо вясна.
4. За кроснамі
За кросны ненагляднай сесці трэ было
Ядваб-кужэль сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў не было, -
Прылады стаў я майстраваць.
З бярозы вычасаў ставы ёй новыя,
Набіліцы кляновыя зрабіў.
А панажы выстругаваў кляновыя.
Навой, як трэба, зарубіў.
~ 1 ~