Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую,
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла.
Купіў на рынку берда густа-частае.
Ніты сама яна спляла.
Садзіцца мае сэрца-ткаля ў кросенькі,
Набіліцамі громка б'е,
Кладуцца ўтоку гусценька палосанькі,
Сучу я цэўкі для яе.
Так шчыра з ёю ўзяліся дарэчы мы;
Яна ўсе тчэ, а я сучу
І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу.
Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок.
О, каб хаця аснова ўжо не рвалася!
Каб моцны й спорны быў уток!
Няхай ад берда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сцяг,
А доўгі - як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасцінец-шлях.
Каб сцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,
Дайшла ў старонку знаную-нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.
5. Выган у поле жывёлы
Спаўзлі з загонаў зімнія снягі
І ў мора паплылі ракой-вадзіцай,
Запелі жаўранкі. І чорныя лугі
Ўсміхацца сталі першаю травіцай.
У поле статак выганяць пара.
Кароўку маем мы - завецца Аўтарыняй,
Багацце кожнага гаспадара,
Скарб і пацеха кожнай гаспадыні.
«Мая» не выгнала яе за край
Платоў, на пашу, дзе яна хадзіла,
Пакуль таго, што вучыць абычай,
Над ей сваей рукою не ўчыніла.
Свянцоным хлебам, соллю і вадой
Абнесла навакол яе тры разы,
Паставіла да сонца галавой
І загавор чыніла ад заразы.
Ў крыніцы тры разы кусочак шкла
Скупала і, перад вачмі кароўкі
Трымаючы, шаптала, як змала,
Такія мудры заклінання слоўкі:
«Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет,
І вы, на небе часценькія зоры,
Вы ўсе, што кропіце расою цвет
І асвятляеце сушу і моры, -
Зямлю агрэйце, вырасцце траву,
Не пашкадуйце есць і піць жывінам,
Шаўковую сцяліце мураву,
Абгарадзіце жалязяным тынам.
Вартуйце, сцеражыце ад цара
Ляснога, палявога, вадзянога,
Ад царанят яго, ад упыра
І ад людскога вока нелюдскога!»
6. Агляд поля
Вялікі свет! Не згледзець тых абшараў,
Што прадзеды пакінулі і нам:
Дзе лес, дзе лозы, дзе ляжаць папары,
Дзе рунь абходзіць ўжо на хлеб людзям.
Сягоння, мілая, быць хочу я з табою, -
Дык ручку на плячо мне палажы,
Я стан твой атулю рукою
І ў поле пойдзем, пойдзем пад крыжы.
Як дзеці, пазабытыя тым светам,
Свае налеткі будзем аглядаць
І, пад загонам седзячы сагрэтым,
Пачнем аб жніве будучым гадаць.
Багата мы з табою маем гоняў,
Ў пару абсеяць, зжаці толькі б іх
Ды ў добры час злажыць у застаронне
Сям'ю снапкоў паспелых, залатых.
Так станам песцячысь яе прыгожым,
Ідзем, ідзем з загона на загон,
Дзе перш араць, дзе сеяць перш - варожым -
З надзеяй дачакаць нядзельных дзён.
Абняўшыся, пад крыжам адным селі,
З бакоў стаяў другі і трэці крыж,
З крыжамі мы, як здані, ў свет глядзелі,
І душы нашы ўзносіліся ўзвыш.
Мы блаславілі неба воблік сіні,
Што нашы думкі ўзносіў да сябе,
І ў думках кланяліся той часіне,
Што нас злучала ў шчасці і ў жальбе.
Жыццё, зямлю і сонца блаславілі,
Старыя грушы, вербы на мяжы,
А пракліналі толькі скону хвілі
І тыя вечныя па нас крыжы.
7. Радаўніца
На радаўніцу мы на могілкі пайшлі,
Свянцонага з сабой астаткі ўзяўшы,
Як гэта з давен-даўна на нашай зямлі
Дзяды і прадзеды рабілі нашы.
Маніліся нябожчыкаў адведаць мы.
На могілкі народу шмат сышлося,
І людзі сноўдаліся між крыжоў, як цьмы,
Хістаючысь, як ветрам гнутае калоссе.
На плітах каменных парос зялены мох,
Бярозы, хвойкі плакалі над імі,
А пасярод капліца жудка, як астрог.
На свет глядзела вокнамі сляпымі.
Ля насыпу мы з мілай селі ў старане, -
Пад насыпам тым спала яе матка, -
І прашаптала мілая, схіліўшыся ка мне:
«Адзін, адзін цяпер ты ў мяне, братка!»