Каб не паспалівалі вас спякоты,
Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты,
Каб вам заломаў не ламалі!
11. Поліць агародніну
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады:
Благое зелле вырывала, кідала у пасцілку,
Дзе каліў не было, - дасаджывала там расады,
Там прарывала, дзе ўзышло загуста праз памылку.
Чырыкалі над ею верабейкі на чарэсні,
Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.
І адазвалася мая палея сумнай песняй,
Такой, якую ў нас пяюць вясеннім днем дзяўчаты.
Вяснянка
Ой, брала вясна у сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на свет траву-мураву,
Адзявала у лісце бярозы.
Дзе толькі ні йшла яна, - з прыпала
Густа сеяла, сеяла кветкі,
На край свету гнала рэчкі яна,
Птушкам волю і голас давала.
Ой, выйду я, выйду на сенажаць,
Буду віць, завіваць вяночак,
Пяяць з салавейкам буду у тахт,
Сэрцу песняй вясну выклікаці.
Прыйдзі ты ка мне, сагрэй ты мяне,
Абымі ты мяне, як друг мілы,
Пасей на душы мне долейкі мак,
А на сэрцы - пшанічку кахання!
Каб доля, як мак цвіце, зацвіла,
Каб каханне расло, як пшанічка,
Каб мілы мяне мой верна любіў
І галубіў ў святліцы, як шчасце.
Звінела песня і злівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б'ючысь аб асінавы асушак...
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.
12. Яблыні цвітуць
Яблыні цвітуць, так хораша цвітуць,
Як белым высыпаны пухам,
Пчолкі на цвяткі па мед сабе лятуць,
З вулля ў вулей нясуцца духам.
Селі з ёю мы пад яблыню ўдваіх
На траўцы святачнай нядзеляй:
Сонца разлілося ў променях сваіх,
Лісткі на яблынях зардзелі.
Вецер плыў лісткамі, песціў, калыхаў,
Галінкамі трос, як крапілам.
Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў,
Кружыўся з белым кветак пылам.
Раем на зямлі выглядываў нам сад,
Я ў ім - Адам, яна ў ім - Ева;
У раі гэтым вецер быў нам бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва.
Птушкі ў мільён струн вяселле гралі нам,
Пасажнай маткай была пчолка,
Сонца несла ўцехі думкам і грудзям,
Пасцелю слала нам вяселка.
Капаў нам на вочы яблынёвы цвет,
На нас валіўся, як снег белы,
Мыслі нашы беглі сіняй далі ўслед
І свет сабой тулілі цэлы.
Мілая! О, колькі радасці даеш
Майму ты сэрцу маладому!
Нават ты сама таго не спазнаеш,
Які ты скарб у маім дому!
Мілая, сагрэй мяне сваймі грудзьмі!
К маім грудзям прыліпні шчыра;
Богамі хай станем мы паміж людзьмі,
Нябеснага князямі міру!
13. На сенажаці
Выйшлі з ёй, дзе сенажатная краса
Зіхцела, як вясёлкі мнагацветны ўзор,
Вострая яшчэ дзе не забразгала каса,
Дзе ў кветках луг ірдзеў, як неба ўноч ад зор.
Выйшлі, як душы дзве злучаны навек
Выходзяць, кінуўшы магільную жарству,
Светы аглядаць, якія ўзводзіць чалавек...
Прыйшлі мы й дзівімся такому хараству!
Краскамі ўсміхаецца ўся сенажаць,
Гараць урочнікі, румянкі і званкі,
Жоўтыя званцы зялены луг жаўцяць,
На кветку з кветкі шыбка скачуць матылькі.
Рэчка бурбаліць па каменнях між вольх,
Вадзіца бліскатна лялее ў бегацьбе,
Сціха штосьці шэпча, шалясціць трыснег,
А сонца сочыць у вадзе само сябе.
Кветкі з ёю рвем, вянок сабе пляце -
Карону ясна-цвет з нявысненай красы;
Хораша, да твару йдзе ён сіраце,
А з-пад вянка плывуць па плечах валасы.
Шчасна так, абняўшыся, ў траве плывем,
Купаюцца у кветках ногі да калень,
Шчокі, грудзі нам гараць, гараць агнем,
Іскрацца вочы, цела просіцца пад цень.
Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,
Калені штораз больш ласкоча нам трава,
Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць,
Жаданнем забыцця п'янее галава.