Выбрать главу

Міхась ТЫЧЫНА

ЯНКА БРЫЛЬ І ЛІТАРАТУРНЫ ЛАНДШАФТ ХХ СТАГОДДЗЯ

Сусветная літаратура ХХ стагоддзя не супадае з яе каляндарнымі межамі: мінулы век у Францыі пазначыў сябе ў момант публікацыі "Кветак зла" Ш. Бадлера і Парыжскай камуны, у Англіі гэту мяжу ў п’есах-дыскусіях і "новай драме" вылучыў Б. Шоў, у Германіі ў 1900 годзе "па ступенях канца мінулага стагоддзя" сышоў філосаф Ф. Ніцшэ, у Беларусі ў тым жа 1900 годзе пакінуў белы свет Ф. Багушэвіч...

На мяжы стагоддзяў нарадзіліся будучыя класікі беларускай літаратуры К. Чорны, У. Дубоўка, У. Жылка, А. Бабарэка, С. Баранавых... Гэты час апяваў Э. Верхарн: 1900 год успрымаўся "як парог, за якім паследуюць новыя адкрыцці, незвычайныя перамогі розуму, пераможнае шэсце чалавека-творцы". Т. Ман паказаў на "канец веку" пачатку Першай сусветнай вайны 1914 г.: "...гэта гістарычная вяха, якая адзначыла канец аднаго свету і пачатак чагосьці зусім новага". Новы век у абліччы сусветнай катастрофы 1914—1918 гг. пачаў разбуральныя рэвалюцыі, паўстала эпоха сацыяльных утопій і глабальнага крызісу.

Менавіта так і такім успрымаў Янка Брыль з першых гадоў існавання навакольны свет. У часы дзяцінства (будучы народны пісьменнік Беларусі нарадзіўся 4 жніўня 1917 года) гэта была паўднёвая экзотыка: горад Адэса на ўзбярэжжы чароўнага Чорнага мора стаў для яго старэйшых братоў і яго самога, малога, пяцігадовага, легендай. Пазней ён з гумарам згадваў яшчэ аднаго будучага народнага пісьменніка Беларусі Пімена Панчанку, які нарадзіўся 23 жніўня 1917 года, адно што на супрацьлеглым баку тагачаснай тэрыторыі Расійскай імперыі, а менавіта ў горадзе Рэвелі (цяпер Талін) у беларускай сям’і, якая апынулася там напярэдадні Першай сусветнай вайны ў пошуках заробку. Бацька і маці — беззямельныя сяляне з Міншчыны — вярнуліся ў Беларусь у 1921 г.

"Душа — не падарожніца", — згадваў у сталыя гады Янка Брыль выказванне Эмерсона. — У тым сэнсе, што куды б мы ні ехалі, яна — заўсёды дома... З маленства, з першых дзён свядомасці прыпамінаецца салодкае і светлае імкненне да незвычайнага. Знаёмае, абжытае — хоць і за першыя тры ці чатыры гады — вельмі прыемна было нечакана па-іншаму ўбачыць праз акенца на гарышчы або з воза сена, — якая, божа мой, вышыня!.. Свет адкрываўся куды больш прыгожа не толькі праз жоўтае ці зялёнае шкельца разбітай бутэлькі, але і ў той гімнастычнае паставе, калі ты раптам, па прыкладу трошкі старэйшага або хутчэй па нейкай інтуіцыі, нагінаўся і, ушчаміўшы галаву паміж каленямі, глядзеў назад. Усё па-новаму, і тое самае, а як незвычайна прыгожа!.. Відаць, ад малечай наіўнасці ідзе і тое, што згадваецца даўно і чамусьці даволі часта..."

Прыгадваў Янка Брыль і словы, нечакана звернутыя менавіта да яго спадарожнікам, баявым партызанскім разведчыкам, які, слухаючы ўважліва, раптам вынес прысуд; "Ты, брат, павінен усё гэта апісаць!"

Жаданне "апісваць" убачанае, пачутае, прадуманае выявілася ўжо ў маленстве пісьменніка, калі ён быў уражаны нечаканым адкрыццём аб тым, што ў яго па сутнасці "было два маленствы". Бацька Янкі, Антон Данілавіч Брыль, з ранняй маладосці працаваў на чыгунцы ў Адэсе правадніком. Не будучы па натуры селянінам, хутчэй за ўсё адчуваў сябе рабочым, пралетарыем, прысылаў сям’і грошы ў беларускую вёску Загора, паблізу ад Міра на Наваградчыне, дзе гаспадарыла маці Анастасія Іванаўна, або "гаспадар", "сяды-тады наязджаючы госцем дахаты". Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацька, паводле пазнейшых успамінаў Янкі Брыля, "узяў дый наогул забраў сям’ю назаўсёды ў Адэсу, усё вясковае дабро пакінуўшы адной з дзвюх замужніх дачок". Менавіта тады і там, у Адэсе, на ўзбярэжжы Чорнага мора, нарадзіўся самы малодшы ў сям’і — Янка.

Улетку 1922 года бацька, "знясілены доўгай хваробай, паддаўся жаночым угаворам" і вярнуўся з меншымі дзецьмі на радзіму ў Загору. Яна ўжо была за мяжой, у тагачаснай Польшчы, але Антон Данілавіч, як не адзін з жыхароў Заходняй Беларусі, лічыў мяжу часовай, бо колькі разоў яна пераходзіла з чужых рук у рукі і як беларусы перагукаліся адно з адным, "Ты — з Заходняй, я — з Усходняй, нашай Беларусі": "Адкрыецца — зноў вернемся ў Адэсу". Акурат сям’і не шанцавала — бацька ў лютым дваццаць чацвёртага зноў захварэў і памёр. Усё легла на жаночыя плечы маці, Анастасіі Іванаўны, — тры хлопцы, з якіх старэйшаму не было яшчэ чатырнаццаці гадоў. Два старэйшыя браты, "маміна горкая годнасць — "вучоныя", засталіся ў горадзе Адэса, які апынуўся за мяжой, а яна "і не думала адкрывацца", паводле слоў іх самага малодшанькага брата Янкі, які ўжо ахвотна зачытваў пісьмы, браты іх "скупа пісалі адтуль".

Пражытае і перажытае сям’ёй і самім Янкам Брылём на працягу сямідзесяці пяці гадоў — "гэта і трагедыі, і няшчасці, і беды, і светлыя мары і радасці, і глыбокая вера ў людскасць ад нязломнага духу" — усё, што вярэдзіла душу і розум, было расказана пісьменнікам праз шмат часу, у 1990 годзе, у аповесці "Муштук і папка". Толькі ў жніўні сорак дзявятага года, калі Янка Брыль, праз дваццаць сем гадоў пасля выезду з Адэсы, наведаў горад свайго дзяцінства: "Таго амаль легендарнага Валодзі, які павінен быў, — як узгадваў Янка Брыль, — забраць мяне з заходнебеларускай вёскі ў савецкі горад, як толькі я падрасту, а брат, закончыўшы свой сельгасінстытут, усталюецца ў пэўную самастойнасць. З гэтага не атрымалася... А ў трыццаць восьмым Валодзю закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам у саўгасе".