У студзені 1989 г., знаходзячыся ў адпачынку на Рыжскім узбярэжжы, Я. Брыль зрабіў у сваім сшытку запіс: "У каго спытацца ў Кіеве, як мне даведацца больш пра Валодзю?" У Кіеве пытацца не давялося — уранні пазваніў незнаёмы журналіст, украінскі карэспандэнт "Литературной газеты", які выказаў жаданне яго "обрадовать...". Брыль — "Ад гэтай... радасці разрыдаўся". Упершыню ён пачуў слова "Быкоўня" — украінскі адпаведнік беларускіх Курапатаў. Неўзабаве ў газеце з’явілася ў мільённым памнажэнні паведамленне: "Пры эксгумацыі сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўнянскім лесе, па знойдзеных там рэчах з індывідуальнымі адзнакамі іх уладальнікаў следства здолела ўстанавіць прозвішчы чатырнаццаці бязвінна рэпрэсіраваных. Сярод іх — наш Валодзя. На месцы захавання знойдзены муштук з надпісам: "Брыль В. А. 16. ІХ. 1937 г.)". Толькі праз сем месяцаў Я. Брыль атрымаў на далоні лімоннага колеру касцяны муштучок, які пад зямлёй, сярод астанкаў жахлівай брацкай магілы праляжаў больш за палову стагоддзя. "Ледзь не адразу, — Янку Брылю, — падумалася, што напішу пра знойдзены муштук, нават слова гэта вынесу ў загаловак. І гэта, скажам у апраўданне сабе, відаць зусім натуральна. Калі думаць пра службу словам. Натуральна яшчэ і таму, што і ў той дзень, і пасля ды пасля да мяне ўсё ішлі ды ішлі сямейныя ўспаміны... "
У выніку цяжкой і зразумелай творчай працы ўзнікла некалькі дзясяткаў асобных раздзелаў аповесці, назвы якіх гавораць самі за сябе, вядома, тым, хто шмат і ўважліва чытаў і чытае творы Янкі Брыля. Гэта раздзелы: "Такая рамачка", "Над палавінай здымка", "Мая Адэса", "Брат № 17643", "Чаму ты пакінуў?..", "Вакол падтэксту", "Працяг", "Права болю", "Сваё". У раздзеле "Над палавінай здымка" размова пасля "сямейнай сагі" пайшла пра "высокае слова — архіў". Дома, у Загоры, на гарышчы антрэсолі былі забіты папкамі, а ў вялікай карзіне кнігі, прывезеныя з Адэсы "за польскім часам". Туды клаліся пісьмы ад замежных братоў, замежнага дзядзькі, замежных братавухаў... Свае рукапісы Я. Брыль загадзя закапаў у дубовай бачулцы, таксама адэскай, у суседняй вёсцы, у гумне дваюраднага брата. У канцы 1949 года разам з братам Міхаілам перагледзелі ўсё, што закопвалася: пазбягалі націску падазрэнняў ды паклёпаў, датычылася ўсё вакол службы ў польскім войску ў 1939—1941 г., а таксама ўцёкаў Янкі з нямецкіх лагераў для палонных, прымусовай працы рознарабочым у гуце крышталёвага шкла, дзе прымаў удзел у акцыі палонных беларусаў за вяртанне на вызваленую Чырвонай Арміяй радзіму, праводзіў асветніцкую і палітыка-растлумачальную работу сярод землякоў, уцёк з палону ў акупаваную фашыстамі Беларусь... Сёе-тое было спалена, каб "у выпадку чаго лішне не ўскладняць біяграфію". Даваенная перапіска не захавалася. Захаваліся фотаздымкі... Па фатаграфіях і можна было шмат што аднавіць у памяці пра мінулае, родных і блізкіх...
Успаміны Янкі Брыля пра наведванне Дома творчасці "Каралішчавічы" пачынаюцца з сустрэчы з Якубам Коласам, "дзядзькам Якубам", які прыехаў на адпачынак упершыню. У памяці захавалася першая Коласава фраза — паважаны патрыярх прыйшоў паслухаць чытанне вершаў паэтаў, якія часткова запомніліся аўтару: "Во, а пра старога Якуба і забыліся". Нягучна сказаў, трохі нібыта для смеху, а больш дык з прыкметнай крыўдай, зразумелай таму, хто і сам да нечага падобнага дажыў. Запомніліся яшчэ два моманты, дзе дзядзька Якуб расказваў пра сёе-тое з трыццатых гадоў — пра тое, "што тры гады ён спаў, не распранаючыся — чакаў..." Змест гэтых слоў, нібыта зразумелых, так і застаўся тады глыбей не раскрытым". Другі раз — пайшла гутарка пра Ф. Дастаеўскага. "У тыя паслясталінскія дні пра Дастаеўскага гаварылася яшчэ ўсё ледзь не шэптам, а кнігу яго можна было пазычыць па блізкім знаёмстве".
У кароткім успаміне пра паэта У. Дубоўку "Асцярожнасць" Я. Брыля ўразіў яго вонкавы выгляд: "Магутны і прыгожы чалавек. Нікому, здаецца, так не падыходзіла б вялікая сівая барада, пры светлых, чыстых вачах, харошай, прыязнай усмешцы, нетаропкай, разумнай гутарцы пра адзіную справу жыцця". На яго пытанне: "І як вы маглі столькі гадоў вытрымаць за кратамі, у лагеры, у тайзе?" — Быў адказ: "У тайзе? Калі мае таварышы грэліся каля вогнішча, я націраўся снегам". — "Ну, а разбуджаны інтэлект? А пакуты ад немагчымасці пісаць, хоць бы чытаць?" — "Я так навучыўся быў адключацца, што ў самай цясноце, у самым найбольшым шоламе ды гвалце мог анічога не чуць, думаць сваё". Як ні стараліся пісьменнікі ўзняць тост за яго ці яго жонку, юбіляр касаваў усе нашы намеры неабвержным: "Таварышы, за нашу родную партыю!"
У Янкі Брыля наогул была незвычайная цікаўнасць да жыцця, да людзей, не толькі да таленавітых пісьменнікаў ці мастакоў, але наогул да ўсяго, што нечакана, ці выпадкова траплялася на яго вочы, ці гэта быў мужчына, ці гэта была жанчына, дзіця, юнак... Яго даводзілася, хаця і не так часта, як магчыма хацелася, бачыць, калі ён — пра гэта згадваў не раз яго сябра Алесь Адамовіч — нечакана даставаў з кішэні запісную кніжку, адставаў на нейкі час ад сяброў і калег і хутка-хутка рабіў накіды, якія ў неверагоднай большасці неўзабаве з’яўляліся на старонках яго кніг. Імёны і прозвішчы многіх беларускіх пісьменнікаў сустракаюцца не толькі ў артыкулах Янкі Брыля, але нават у яго апавяданнях, аповесцях, раманах.