У маладосці Янка Брыль разам з сябрам на ўсё жыццё Уладзімірам Калеснікам аб’ехаў на ровары мясціны баявой партызанскай славы, каб на свае вочы пабачыць, што адбываецца "На Быстранцы" і ці сапраўды "У Забалоцці днее". Пазней, у пару жыццёвай і творчай сталасці, Брыль выкарыстоўваў любую магчымасць, каб пабываць у блізкім і далёкім замежжы, бо толькі здалёк, на адлегласці добра бачыцца Беларусь ва ўсёй сваёй шырыні і харастве. Няма такога кантынента, акрамя толькі бязлюднай Антарктыды, дзе не ступала нага нястомнага следапыта, які выдатна ведаў, што "Душа — не падарожніца", і напісаў радкі, вартыя самога Фламарыёна, фантаста і вандроўніка: "...Тады яе, нашай любай і страшнай Зямлі, яшчэ ніхто не бачыў зводдаль, у блакітным ззянні. Самотная, яна паволі, вусцішна круцілася ў чорнай бездані, загадкава паслухмяна і вельмі дакладна паварочвала да святла то адзін, то другі бок жывога глобуса, мокрага ад крыві і шурпатага ад руін".
Можна ў вялікай колькасці пералічваць і перагортваць напісанае і надрукаванае пісьменнікам, каб урэшце здзіўляцца яго бясконцым захапленнем і выбарам убачанага, ацэненага, прадуманага, зразуметага... У выніку ўзнікае неверагоднае імкненне ўрэшце азірнуцца навокал, вярнуцца ў дзіцячыя, падлеткавыя, юнацкія, сталыя, дарослыя хвіліны, гадзіны, часы, дні, гады, дзесяцігоддзі і раптам жахнуцца, колькі ў нас страчана часу, змарнавана жыцця... Зноў і зноў пры думцы пра Янку Брыля нараджаецца моцна запозненае жаданне хаця б перагледзець страчанае...
У часопісе "Дзеяслоў" (2006, № 1) раптам сярод раздзелаў "Згадкі", "Крытыка", "Угодкі", дзе пазнаеш многія імёны, паміж якіх сустракаеш нечакана былых сваіх вучняў, з задавальненем чытаеш Віктара Каваленку з "Запісамі розных гадоў" і неспадзявана яшчэ жывога (у спасылцы "Нашы аўтары": "Жыве ў Мінску") Янку Брыля чамусьці пад рубрыкай "Спадчына". Я. Брыль у апошняе сваё паўгоддзе, як можна зразумець, надзвычай старанна і дбайна падводзіў вынікі жыцця і творчасці. Менавіта таму такая бліскучая назва яго публікацыі "Яшчэ адзін...", у якой у добрым сэнсе гучыць яго канчатковае: "Рэабілітаваны".
Рэабілітаваны рэдактар навамышскай газеты "Перамога" Барыс Андрэевіч. "Людскім, вясёлым ды шчырым, цікавым чалавекам аказаўся гэты Барыс Андрэевіч Ржэўскі. Ён якраз з тых людзей, пазнаёміўшыся, неўзабаве пачаўшы і сябраваць з якімі, думаецца, што інакш яно і не магло быць, як толькі лічыць іх не проста новымі, але і даўнімі сябрамі, — такое адчуванне. Адтуль, з пушчы гучыць часамі ў маёй памяці яго захоплены голас, калі ён дэкламуе Купалава "Гэта крык, што жыве Беларусь" або нешта іншае з любімага. Жыва прыгадваюцца нашыя бясконцыя гутаркі — то ўтрох з цікава гаваркім Гіршам, то мы ўдвух з Барысам, ці ў рэдакцыйнай хаце, ці ў якой зямлянцы, а то проста ў лесе. Успамінаецца і ранне-пасляваеннае: нашыя сустрэчы, на жаль, нячастыя... "
Жыццё аднаго чалавека, як воблака ў многіх рэках і азёрах, мноства разоў адлюстроўвалася ў жыццях іншых людзей. Чалавек — самае вялікае наша багацце: гледзячы на яго, мы бачым саміх сябе, пазнаючы ў ім да сябе падобнага, пачынаем адносіцца да яго так, як адносіліся б да сябе. Так узнікае і ўмацоўваецца вялікая сувязь чалавека і людзей, так жыццё чалавека напаўняецца асаблівым маральным сэнсам. Ну, а калі гэта пісьменнік, з яго ўсвядомленым імкненнем бачыць больш і чуць больш? Вынік яго працы відавочна залежыць ад таго, колькі людскіх лёсаў увабрала пісьменніцкая памяць, колькі чалавечых абліччаў адлюстравалася ў ягонай душы. Прынамсі, многія пісьменнікі на пытанне, што было штуршком да творчасці, адказваюць: перапоўненасць жыццёвымі ўражаннямі. Дзе яшчэ, як не ў дарозе, назапашвае душа так актыўна веды пра жывое жыццё! Дык, можа, таму так любяць нашы пісьменнікі, ажно ад Скарыны і Гусоўскага, дарогу, падарожжа?
Дарога — гэта жыццё, а жыццё — гэта бясконцая дарога ў новае, нязведанае. Дзіўна нарадзіцца ў гэты свет, зразумець, які ён вялікі і чароўны, і пакінуць яго, не пабываўшы ў самых гожых яго куточках. Асабліва ў наш час, калі ўся Зямля стала агляднай і маленькай, як бацькоўская хата... Чалавек падарожнічае, але душа — не падарожніца. Да такой высновы прыходзіць Янка Брыль... вярнуўшыся з чарговага падарожжа. Душа — не падарожніца, бо проста любіць вяртацца дахаты, каб потым зноў імкнуцца ўдалячынь. Няўжо толькі дзеля звычайнай цікавасці, якая аднолькава лёгка прыходзіць і знікае? Дык жа ўсё роўна не паспееш пабываць усюды, дзе хацелася б! Цікаўнасць і захапленне праходзяць, але не праходзіць сапраўднае, тое, што ўзбагаціла агульны малюнак свету, а, адпаведна, і душу. "З набытым у вандраваннях, — робіць выснову Янка Брыль, — мне лепш бачыцца наша Радзіма, з тым, чаго яна дасягнула, і з тым, што ёй перашкаджае стаць яшчэ прыгажэйшай. У далёкай дарозе мне ўдавалася нават па-новаму збоку пабачыць самога сябе — колькі я трачу напуста і колькі я мог бы не страціць".