- Не, - кажу, - таварыш старшыня, каб у каго другога, а то нязручна...
- Чаму нязручна? - пытае старшыня. - Адна вярста ад твайго дома, зямля на яць...
- Бачыш, - кажу, - таварыш старшыня, я з яго сынам...
- Ведаю. Ты яго сына ад смерцi выратаваў - гэта мне казаў мой земаддзел, дык гэта ж яшчэ лепей... а апрача таго, i глядзець на яго не трэба: зямля народная!
Я даў згоду. Думаю, шкада будзе Дашэўскаму зямелькi, але куды ён дзенецца. Цераз пару тыдняў я ўжо i хатку пачаў перацягваць на свой надзел.
Спачатку Дашэўскi ветлiвы быў.
- Ты ведаеш, браце, як я рад, што табе маёй зямлi парэзалi, а не каму другому: ты мне блiзкi чалавек, табе не шкада, - казаў ён не раз, сустракаючыся са мною.
Калi ж мая хата вянок за вянком пачала расцi на адрэзаным ад Дашэўскага надзеле, Дашэўскi раптам спахмурнеў. I прыйдзе iншы раз да мяне i гаворыць, здаецца, мякка, i раiць сёе-тое, нiбы родны бацька, а вочы ўсё неяк убок адводзiць, рукi i ногi пачалi дрыжаць.
- Зямелька гэта, - кажа ён мне аднойчы, - гэта ж спадчына наша крэўная, спрэкувечная, ад дзядоў i прадзедаў дайшла, нам даравана... Але цяпер - усё прахам пайшло... Вам за нiшто, дарма дастаецца.
- Што ж, цяпер усiм так, дарма даюць: зямля народная, - кажу я.
- Так-так, час такi, уласць такая...
Iш ты, гад, думаю, не падабаецца табе нi час, нi ўласць... Але нiчога, прывыкнеш...
Хутка да мяне яшчэ некалькi чалавек прысуседзiлася. Арганiзаваўся цэлы пасёлак. Значыцца, парадак. Стала весялей. Адно кепска, што ўся ваколiца на два лагеры падзялiлася: шляхта i ўсякiя кулакi i падкулачнiкi - адзiн лагер, а мы, пасялкоўцы i бедната, - другi. Ваяваць - не ваявалi, але i не па-прыяцельску жылi.
- Ну, што чуваць у вас, пралiтарыя? - пытае звычайна хто-небудзь з iх, сустрэўшыся з кiм-небудзь з нашых. - Цi праўда гэта, што вы сёлета ў споведзь не да папа, а да рабiна паедзеце?
- Мы дык нi да кога не паедзем, - адказаў я аднойчы аднаму такому "разумнiку", - нi да папа, нi да рабiна, а вось вы глядзiце, каб вам не давялося куды паехаць.
З цягам часу такiя сутычкi пачалi здарацца ўсё часцей i часцей i штораз усё больш вострыя i варожыя. А што выраблялася ў нас на сходах ды на перавыбарах розных - i гаварыць не прыходзiцца.
З усiх пасялкоўцаў шляхта найбольш ненавiдзела мяне, бо я хутка пасля звароту з армii быў абраны старшынёю камiтэта беднаты, а жонка стала дэлегаткай (увесну перад выхадам на пасёлак я ажанiўся быў).
Цяжэй было з усiмi ладзiць, але куды ж ты дзенешся: пасада такая. Стараўся быць абыходлiвым з кожным, але ж, сам разумееш, рэвалюцыя яшчэ да канца не даведзена, варожыя элементы як на ражон лезуць... Думаю, дабром усё гэта не скончыцца. I тут, як на лiха, яшчэ адно здарэнне. Прыязджае нешта раз да нас у Падлессе адна жанчына з выканкама, па жаночых справах. Нашых жанок склiкалi на сход. Каля тае хаты, дзе адбываўся сход, з усяе ваколiцы сабралiся мужчыны: кожнаму цiкава ведаць, аб чым тут у жанчын гамонка iдзе. Некаторыя заможныя "разумнiкi" тут i разышлiся: кпiлi, рагаталi. А стары Дашэўскi з адным хлопцам, Яськам, дык нават у хату, дзе сход адбываўся, уварвалiся i такi там вэрхал учынiлi, што чуць сход зусiм не сарвалi. Iх абодвух запiсалi ў пратакол. Мая жонка, як на тое лiха якраз была старшынёю гэтага сходу.
Праз месяц Дашэўскага i Яську выклiкалi ў суд i далi кожнаму па два тыднi прымусовых работ.
Вось пасля гэтага i пайшла пiсаць губерня. Дашэўскi i Яська проста ўчарнелi ад злосцi. А ўся ваколiца аж памiрае са смеху.
- Нiчога... Прыйдзе каза да воза... Гэта яшчэ толькi кветачкi... Пабачым! - кiнуў аднойчы Дашэўскi ў адказ на кпiнку, што бабы ў прымусоўку засудзiлi.
Нiхто тады i ўвагi нiякай на яго пагрозу не звярнуў. Рагаталi толькi, пацяшалiся.
Аднак мяне гэта пагроза насцярожыла. Але што ж будзеш рабiць? Думаю, урэшце, улада наша, за нас. Нiчога ён не зробiць, хоць i злуецца... Так i супакоiўся.
Надышла восень. Я ўжо, як i ўсе людзi, з поля ўсё сабраў, нават бульбу выкапаў. Ну, пачаў рыхтавацца да зiмы. Усё на лад iдзе нiбы.
I вось паехаў я аднойчы на начлег. Сам паехаў, бо жонку ж не выправiш.
Ноч была цёмная, бы нетра. А тут яшчэ вецер узняўся ды дожджык зацерушыў.
Расклалi мы агеньчык (са мною было яшчэ траiх пасялкоўцаў). Сядзiм, гутарым. Пасля паляглi. Мае хаўруснiкi спяць, а я варочаюся з боку на бок. Штосьцi трывога мяне агарнула, зрабiлася моташна, ды так, што хоць ты жывы ў дамавiну лезь. Па скуры дзiкi шораст iдзе. Раптам чую: "А-я-я-яй!.. Лю-у-дзi!.."
Падхапiўся, гляджу i вачам сваiм не веру. Як змей чырвоны, полымя: палыхае-гарыць мая хата!..
- Што ты кажаш?! - жахаецца мужчына ў шэрым фрэнчыку. - I хата згарэла?
- Да звання.
- Як жа гэта здарылася?
- Як здарылася... Падпалiлi!.. Назаўтра непадалёк нават бутэльку з-пад газы знайшлi...
- I хто гэта зрабiў? Не даведалiся?
Янка жорстка засмяяўся.
- Хто зрабiў - я ведаю, але паспрабуй давесцi!
- Значыцца, адплацiлi за паратунак сына?
- Выходзiць - так. Але, я думаю, не ў гэтым справа: мы там, на фронце, былi ворагамi, мы iмi i тут засталiся... Галоўнае тут - зямля, прыватная ўласнасць на зямлю. Вось што!..
- Аб гэтым i гамонкi быць не можа, - пацвердзiў мужчына ў шэрым фрэнчыку.
- Не, - разважаў далей Янка, - рэвалюцыя яшчэ не даведзена да канца. Разбiлi Калчака, Дзянiкiна, Урангеля... Але давядзецца, бадай, яшчэ i з гэтымi крывасмокамi схапiцца...
- Вось гэта факт! - горача згадзiўся з Янкам яго субяседнiк, мужчына ў шэрым фрэнчыку. - Справiлiся на франтах, а тут i рабiць няма чаго...
Завознiкi пачалi пацiху разыходзiцца.
А бойкi паравiк, як i раней, да поту завiхаўся, заўзята прастрэльваў белай парай празрыстае асенняе паветра.
1927 г.