Хісткі агеньчык свечкі адбіўся ў васільковых, як неба над Мічыган-Возерам, вачах Хроснага.
-- Хіба ўсё гатова? -- шнары і зморшчыны на разважлівым твары склаліся ў мазаіку зацікаўленасці.
-- Га? Зараз усё і пабачыце, і зразумееце, таварыш амерыканскі камінтэрнавец.
-- Колькі разоў табе казаць, гэта для Дэфензівы я камуняка, а насамрэч -- нармальны тутэйшы буржуазны нацыяналіст.
Капэзэбовец хітра прымружыўся і задзьмуў свечку.
-- Зразумеў. Канспірацыя, га?
-- Га-га, -- нібыта пагадзіўся Хросны і махнуў рукой, -- гакала!
Бразнула клямка, вязні выбраліся з вільготнай цемры былой манаскай келлі на свежае лагернае паветра.
Мярцвянае электрычнае святло пражэктараў з ахоўных вышак аблівала старажытныя муры былога Картэзіянскага кляштара, ператворанага прыхаднямі-палякамі ў канцлагер для нацыянальна-свядомых, камуністых і сацыялістых беларусаў. Вецер звінеў калючым дротам агароджы. Ад балотных чаратоў, што пачыналіся адразу за кантрольна-следавай паласой, плыў паўпразрысты туман.
Хросны і капэзэбовец крадком прабраліся ўздоўж сцяны турэмнага корпуса і спыніліся за штабелем жалезабетонных бэлек, якія палітвязні штодня цягалі праз увесь пляц пад прыцэламі карабінаў аховы. Гэтыя фізічныя практыкаванні рабіліся па загадзе пана каменданта. З самое раніцы і да палудня зняволеныя цягалі бэлькі ад лямуса да былой плябаніі, а пасля палудня -- ад плябаніі да лямуса.
-- А бэлькі не ляснуцца? -- насцярожыўся Хросны.
-- Нашы сябры-грамадоўцы спецыяляна іх гэтым разам так склалі, каб вам было дзе схавацца, -- патлумачыў капэзэбовец.
Палітвязні асцярожна ўскараскаліся па складзеных крыжом бэльках. Адсюль, з вышыні, можна было разгледзець не толькі пругкую спіраль калючага дроту па-над шчарбатым кляштарным мурам, але і балота з рэчкай, за якой прамалёўвалася стужка шашы.
Воля была зусім блізка. Здавалася, варта добра разагнацца, скочыць -- і пабяжыш па роснай траве ў вільготную ноч, да цёмнае шашы. Але паміж мурам і кантрольна-следавой паласой сувора паўставалі загостраныя дубовыя слупы, густа пераплеценыя калючым дротам, праз які было не прабрацца, не праціснуцца.
Вецер з балота разгойдваў на ліхтарах бляшаныя конусы са сляпучымі электрычнымі лямпачкамі. Пачварныя цені бязладна кідаліся па лагерным двары. За руінамі касцёла злавесна чырванелі вокны асабняка пана каменданта. З іх даляталі ледзь чутныя гукі накцюрна.
-- Нават пасля адбою свайго Шапэна грае. Кат! -- маладзён звузіў вочы. -- Нічога, мы з ім яшчэ сустрэнемся на барыкадах!
Нябачны кажан са свістам успароў крыламі павертра над галовамі вязняў. У гадавальніку забрахалі сабакі, і лагодныя гукі накцюрна сцішыліся.
-- А ты казаў, усё гатова, -- расчаравана нагадаў Хросны, аглядаючы непахісныя слупы. -- Як дзейнічаць збіраешся?
Капэзэбовец хітравата пасміхнуўся і выцягнуў з кішэні жалейку-самаробку.
-- Эх, скручу я дудку! Такое зайграю! -- прамовіў ён і ціха-ціха зайграў.
Песня жальбы паплыла над тужлівым беларускім краявідам, бязлітасна перакрэсленым калючым дротам. Ноч нечакана адгукнулася далёкім шчаслівым рохканнем.
-- Стасік, Чэсік! Га?! -- узрадваўся заходнекамуністы маладзён.
-- Рох-рох, плюх-плюх, -- азывалася начное балота.
-- А хто там ідзе? -- насцярожыўся Хросны.
-- Нашыя хлопцы ўжо блізка, -- вочы маладога камуніста заззялі падзабытым сялянкім шчасцем.
-- Чаму яны рохкаюць?
Малады вязень змоўніцкі прыклаў палец да вуснаў.
З чаратоў, што хісталіся адразу за калючым дротам, выткнуліся дзве вусатыя морды і цікаўна забліскалі дробнымі, што пацеркі, вачанятамі. Насы прагна ўцягвалі паветра, маленькія лапкі нецярпліва абмацвалі траву, нібыта нечага шукалі і не знаходзілі.
-- Хлопцы з суседняга барака цэлы тыдзень ані хлеба, ані солі не елі. Для вас стараліся, -- пафасна пахваліўся маладзён.
-- А гэтыя “рох-рох, плюх-плюх” жэрлі? -- недаверліва прымружыў вока беларускі мафіёзі.
-- Па начах цэлы тыдзень ім салоны хлеб за драты кідаў, да жалейкі прывучыў. І што цяпер будзе, самі пабачыце. Га?
А ў прывітальным рохканні ўжо прабіваліся ноткі лёгкага расчаравання і нават незадаволенасці.
Капэзэбовец выцягнуў з кішэні загорнутую ў анучку лусту турэмнага хлеба, шчодра пасыпаў яе буйной соллю і кінуў пачастунак на кантрольна-следавую паласу, але гэтым разам не за межы канцлагера, а акурат перад слупамі з нацягнутым дротам. Яго галодныя вочы зайздросна лыпнулі.
Бабры з бліжэйшай рэчкі, ужо тыдзень як прыкормленыя камуністым, звыкла кінуліся да жаданага, але пакуль недасяжнага пачастунку.