Стасік першым тыцнуўся вусатай пысай у калючы дрот і злосна загырчэў. А вось разумнейшы Чэсік адразу сцяміў, як можна дабрацца да салонага хлеба за непраходным бар’ерам. Дробныя, як у дзіцёнка, лапкі абхапілі дубовы слуп. З-пад шырокіх здароўчых зубоў пасыпалася-паляцела пілавінне і трэскі. Неўзабаве слуп нахіліўся, і нацягнутыя драты зазвінелі. Праз колькі хвілін поруч з Чэсікам шчыраваў Стасік. Суседні слуп ён схрумкаў, як тая амерыканская бензапіла. Слупы валіліся адзін за адным, нібы даміношныя косткі, і цягнулі-абрывалі сталёвы дрот.
Галодныя жывёлы спрытна ўхойдалі апошні шэраг слупоў і навыперадкі кінуліся да прысоленага ласунка. Вільготныя шырокія хвасты надзейна замяталі сляды на ўзаранай кантрольнай паласе.
Апалітычныя беларускія бабры Стасік і Чэсік нават не здагадваліся, што праз сваю ненажэрнасць спрычыніліся да беспрэцэдэнтнай чакісцкай акцыі па арганізацыі ўцёкаў з Бярозы-Картузскай. Таварыш Баян, які на загад камандзіра “Халоднай галавы” здзяйсняў аператыўнае кіраўніцтва, прафесійна збудаваў увесь ланцуг выканаўцаў. Уцёкі не каштавалі ані шэляга меднага, бо паслухмяны камуністы, як і мае быць, рызыкаваў жыццём адно за абстрактную ідэю.
У таемным месцы пад балотнай купінай Хроснага ўжо чакала гумовая торба з цывільнай вопраткай, якасна падробленымі дакументамі і пачкам златовак -- вядома ж, фальшаваных. Сам Баян на вялікай амерыканскай машыне “Пакард” быў ужо выправіўся з Гародні, каб падабраць уцекача ва ўмоўленым месцы.
Маладзён выцягнуў з бетоннага штабелю прыхаваны драўляны брус і перакінуў яго на мур.
-- Ну што, таварыш Хросны… Перадайце прывітанне нашым таварышам з Камінтэрна. Га? -- малады камуністы расчулена шморгнуў носам і выцягнуў з кішэні кісет з махоркай, -- гэта таварышы грамадоўцы вам у дарогу сабралі.
-- Ведаеш, я перадумаў уцякаць, -- з нечаканай суворасцю прамовіў той.
-- Га? -- не паверыў маладзён.
-- І па той бок дроту “долі не відаць, кайданы няволі на руках звіняць”, -- працытаваў адукаваны Хросны, -- дый, што там, зрэшты, добрага быць можа? Асадніцтва, прастытуцыя, парнаграфія, эксплуатацыя, беспрацоў’е, санацыя, дыскрымінацыя, паланізацыя, Дэфензіва… Бездухоўнасць, як той казаў. Бач, бабры -- і тыя галодныя.
-- А можа, так яно і трэба? -- пранікнёна запытаў камуністы.
-- Не, хлопча, я лепш тут застануся, сярод сваіх. Тут чыста, цёпла і не страляюць, як у іншых месцах. За калючым дротам выспа стабільнасці і спакою. Мяне паважаюць, у мяне абутак і вопратка па сезоне, гарантаваная ежа тры разы на дзень і ніякага беспрацоў’я. Наш канцлагер -- адзінае месца ў свеце, дзе нават прыхадні не сумняваюцца, што ты праўдзівы беларус.
-- Усё слушна... Толькі б не было вайны, таварыш Хросны! Мне за кратамі таксама тое-сёе падабаецца. Але ж трэба некаму і там за духоўнасць, за народнае шчасце змагацца! -- разгубіўся камуністы. -- Калі не вы, дык хто? Га?
-- Там, -- Хросны паказаў на начную беларускую дрыгву, -- барацьбітоў са змагарамі ніколі не бракавала. А дзе плён? Дзе шчаслівае, заможнае жыццё?
-- Ад вас плён будзе, так і вашыя таварышы казалі, з гэтага, як яго там … з Чэ-Ка. Га?
-- З Чыкага? -- знерухомеў Хросны. -- Чаму ж ты раней не казаў, што гэта янкі мне ўцёкі зарганізавалі?
-- Мо і янкі. Не ведаю. Але яны хлопцы чэ-ка-скія, дакладна. Я ж ад пачатку казаў, -- канчаткова сумеўся маладзён, -- вас будзе чакаць вялікі амерыканскі самохуд… Сухая яблыня дзічка… На шашы… Дык што ім цяпер сказаць, га?
-- Не пераймайся. Сам скажу.
Хросны сунуў у кішэню кісет, раскінуў рукі крыжом і пайшоў па хісткім брусе да шчарбатага кляштарнага мура. Перш чым скочыць, ён азірнуўся:
-- Цябе як клічуць?
-- З-за жалейкі Пеюном празвалі, -- разгубіўся маладзён і войкнуў.
3.
-- Ой, бярозы ды сосны… -- размілавана роў кіроўца ў чакісцкай скуранцы і круціў руль шляхотнага “Пакарда”.
-- ... партызанскія сёстры… -- згодна падхапіў таварыш Баян і нервова глянуў на гадзіннік. -- Праз тры гадзіны мусім быць пад Картуз-Бярозай. Цісні на акселератар!
За сіняватым куленепрабівальным шклом амерыканскага лімузіна шпарка беглі балоты, лясы, сенажаці ды іншыя някідкія адметнасці класічнага тутэйшага краявіду.
Бралася на вечар. Па шашы нетаропка каціліся палягчэлыя сялянскія вазы. Гаспадары, што ўдала распрадалі на Гарадзенскім кірмашы сала, яйкі і млека, адзначалі свае бізнесовыя поспехі дарагой “вудкай крамнай ”.
-- Счакай, не апярэджвай, -- загадаў кіроўцу Баян і апусціў шкло дзвёркі.
“Пакард” паволі сунуўся каля самага воза. Конь палахліва скасавурыўся на нікеляваны радыятар з крылатай срэбнай скульптуркай.