Былы вязень ніколі не спадзяваўся на цуды, ні ў каго не прасіў літасці: ані ў копаў-жандараў, ані ў прыроды. Махорка з разарванага зубамі кісета паляцела ў вусатыя бабровыя пысы. Стасік з Чэсікам адразу заенчылі і зацерлі лапкамі зацярушаныя вочкі.
-- Бывайце здаровы, жывіце багата, -- прымірэнча развітаўся з імі ўцякач і няспешна падаўся да крывога бервяна-кладкі, што рэльефна чарнела ніжэй па рачной плыні.
Тайнік з гумовым мехам Хросны адшукаў адразу. Някідкі, але шляхетны стройчык быў пашыты нібыта па мерцы, знятай з былога вязня. Праўда, навюткія палатняныя чаравікі з лакіраванымі насамі крыху мулялі. Пінжак падаўся яму падазрона зацяжкім. І не дзіва -- у кішэнях ляжалі дакументы, наладаваны партцыгар, запальнічка, ладны пачак новых златовак і нават срэбны гадзіннік на доўгім ланцужку. Але ўцекача больш за ўсё ўсцешыў цяжкі нікеляваны браўнінг з пукатым рыфлёным дзяржальнам.
Былы палітвязень нарэшце выбраўся з балота і агледзеўся. Шаша з прысадамі была непадалёк. Але дзе тая сухая яблыня-дзічка, пад якой яго павінна чакаць вялікая амерыканская машына?
Літыя гумовыя падэшвы хрумсцелі жвірам. Кіслародная свежасць вольнага ветру прыемна асцюджала твар. Хроснаму вельмі хацелася прылегчы ля старога гасцінца, рукі вольна раскінуць ушыркі і слухаць, як шумяць бярозы, калышуць-люляюць свой напеў векавы. Але ён мусіў ісці -- світанак ужо фарбаваў скрай неба ў колер малінаўскага яблыка.
За паваротам уцякач прыпыніўся. На ўзбочыне ўрачыста, нібыта пацярпелы аварыю акеанічны лайнер, высіўся вялікі самохуд. Былы чыкагскі бутлегер беспамылкова вызначыў марку грузавіка -- “Студэбекер”.
“Вялікі амерыканскі самохуд, -- згадаў Хросны словы маладога капэзэбоўца. -- Супала”.
З-пад узнятага капота лілося бляклае электрычнае святло. Нябачны механік корпаўся ў рухавіку, насвістваў самому сабе “Янкі дудль”. На тэнтаваным брэзентам кодабе бялеў вялікі надпіс JANKI.
“Ну, хлопцы зусім з глузду з’ехалі. Яшчэ б амерыканскі сцяг вывесілі!” -- жахнуўся былы чыкагскі бутлегер.
Але Хросны не спяшаўся падыходзіць да машыны, бо колькі ні ўглядаўся ў краявід -- старой сухой яблыні так і не ўбачыў.
І тут з-пад узнятага капота пырснулі-разляцеліся дробныя электрычныя жарынкі.
-- Fuck you! -- высокі ладны маладзён са шрубоўкай у руцэ адскочыў ад машыны і затрос перабінтаванай далонню, -- Shit!
Хросны замілавана пасміхнуўся, бо даўно ўжо не чуў мілай сэрцу амерыканскай лаянкі.
“Усё супала. Праўдзівыя янкі”, -- узрадваўся Хросны і без ваганняў падаўся да “Студэбекера”.
Маладзён са шрубоўкай цікаўна разглядаў мужчыну ў стройчыку, які невядома што рабіў у світальных прыцемках на старым гасцінцы.
-- Hello! How do you do? -- прывітаўся Хросны.
-- Fine. Thanks, -- надзвычай уздрадваўся маладзён і яго валошкавыя вочы нахабна бліснулі.
-- Янкі? -- прымружыўся былы чыкагскі бутлегер.
-- Янкі, янкі, -- хлопец з нахабнымі вачыма ганарліва павеў рукой, дэманструючы кідкі надпіс на тэнтаваным кодабе.
-- Are your from… з Чыкага, са штату Ілінойс? Выбачай, хлопча, даўнавата не было з кім па-ангельску слоўцам перакінуцца.
Маладзён зарагатаў і хітра падміргнуў:
-- Не! Не з Чыкага, але з Амерыкі.
-- Паехалі, пакуль пшэцкія мудзілы не панаехалі! -- Хросны нервова глянуў на гадзіннік.
-- Я іх таксама ненавіджу! -- узрадваўся роднаснай душы кіроўца “Студэбекера” і гасцінна запрасіў уцекача ў кабіну. -- Тады, дзядзька, сядай. Што пыл таптаць?
Зароў магутны рухавік, закалаціўся рычаг пераключэння скрыні бегаў. Амерыканскі грузавік-асілак упэўнена зашаргацеў па бруку.
-- Куды? -- Хросны з палёгкаю распусціў гальштук, і з-пад кашулі бліснуў залаты абразок са Святым Януарам.
-- У Рыгу. Бывалі там? -- кіроўца зубамі зацягнуў вузел на забінтаванай руцэ.
-- Падыйдзе. З рукой што сур’ёзнае? -- паспачуваў Хросны.
-- Не страшна. Гэта яшчэ, як у Амерыцы быў. Я там трох мудзіл на горкі яблык збіў.
-- Іх і ў нас не бракуе. Асабліва ў Картуз-Бярозе, -- пагадзіўся Хросны і канчаткова пераканаўся, што маладзён з нахабнымі вачыма, той самы янкі, пра якога гаварыў малады капэзэбовец.
5.
Вораг-жандар дапаліў папіросу і цяжкім позіркам прыціснуў да сцяны маладога капэзэбоўца, які стаяў апошнім у даўжэзным шэразе вязняў Бярозы-Картузскай.
-- Зубы пакажы, -- жандарскія пальцы бязлітасна схапілі крысо турэмнай робы.
Камуністы паслухмяна ашчэрыў дробныя, як часнык, зубкі.
-- І ў гэтага цэлыя, -- расчараваўся жандар, выцягнуў з кішэні галіфэ жменю свежых дубовых трэсак і зняважліва кінуў іх у твар капэзэбоўца. -- Ну што, так званыя “свядомыя” спадары і таварышы, а насамрэч -- мужыкі-хамы-быдла-тэрарыстыя. Апошні раз пытаюся -- хто з вас перагрыз слупы на кантрольна-следавой паласе? Маўчыце? Тады будзеце бетановыя бэлькі цягаць.