Выбрать главу

Вычварэнец заенчыў і сплюнуў малочным зубам. З каламутнага вока выплыла празрыстая сляза. Рот расцягнуўся авалам. З рассечанай губы закропала. На тонкай мурзатай шыі запульсавала пакручастая сіняя жылка.

Аматар чужых таямніцаў размазаў кулаком ружовую сліну з саплямі і спрытным пацучком заскочыў у шафу.

-- Мужыкі-хамы-быдла! -- пачулася з сярэдзіны істэрычнае скавытанне. -- Вось вырасту, пайду ў пшэцкія жандары і ўсім вам адпомшчу!

Як праўдзівы нашчадак яблонаўскіх засцянкоўцаў, Янка Лабановіч ваяўніча ўрэзаў у дзвёрку кулаком.

-- Выходзь, Пярдолэк! Выбірайся, мудзіла! -- гукнуў ён. -- Адразу на горкі яблык дастанеш!

У шафе імгненна сцішылася.

Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але ў калідоры з’явілася старая мнішка з вільготным эмаліраваным гаршчком.

-- Матка Боска Чэнстахоўска! -- жахнулася яна, гледзячы на крывавыя пісягі. -- Цо то ест?

-- Яны сцягнулі з яе майткі! -- імгненна сігналізаваў з шафы Пярдолэк, -- збіраліся гуляць у паноў гінеколагаў!

-- Пан Езус! -- кармелітка закаціла вочы пад лоб. -- От, падшыванцы, што надумаліся -- паненку распрануць! Вы што робіце?!

А хлопцы тым часам расстаўлялі на падлозе рознакаляровыя аптэкарскія пляшачкі. Мулатка засяроджана разлівала ў іх зафарбаваную бураковым сокам ваду. Янкель каніфоліў смык.

-- Чым займаемся? -- перапытаў Лабановіч і ўзняў на мнішку даверлівыя валошкавыя вочы. -- Ды ў шынок гуляем!

Кармелітка ўздыхнула і паківала галавой.

-- Я абавязкова давяду пра вашыя паводзіны пану пробашчу.

-- Калі ласка, не трэба нікому нічога даводзіць, -- годна папрасіла мулатка.

Рудое кастрычніцкае сонца плавілася ў кляштарным вітражы. Жоўта-барвовыя лісты нячутна зляталі з шатаў старасвецкага сада. Ад бульбяных палеткаў варшаўскага мудзілы-асадніка цягнула горкім дымам спаленага бацвіння. Спаланізаваны ліцвін Тадзік Касцюшка маркотна пасміхаўся дзеткам-беларусам з партрэта ў залачонай раме. На падворку стаяў 1925 год.

-- Сястра Тэкля, не кажыце пану пробашчу, -- Ісабэль шчыра прыклала кулак да сэрца. -- Гэта мая віна, мая віна...

Сястра Тэкля была тоўстай, добразычлівай і спагадлівай цёткай. Яна вырашыла нікому нічога не казаць, бо па-першае, Ісабэль ужо мела рахунак сумлення, а па-другое, асаблівай правіны за мулаткай не было. Цікаўнасць да першасных полавых прыкметаў кармелітка палічыла натуральным памкненнем сіротаў, якія паспелі пазабыцца на бацькоўскія ласку і суворасць. У гэтую кармеліцкую Школу Падставову траплялі толькі тыя дзеткі, у каго не засталося бацькоў.

-- Маладыя гады, маладыя жаданні… -- спагадліва пасміхнулася мнішка, -- няма на вас, небаракі, бацькі... Хаця б хроснага.

2.

Празрыстая алкагольная кропля павольна выкацілася з навюткага меднага змеевіка і завісла над донцам, нібы вагалася: сарвацца адразу ці падгадавацца яшчэ. Але яе ўжо падганялі сотні сёстраў-блізнятак. Імгненне -- і струмок бураковага первака зацурчэў у ёмістую металёвую бочку.

-- З пачынам, хлопцы, -- пасміхнуўся хударлявы дзядзька ў акулярах, падобны да вясковага настаўніка. Ён адрэгуляваў венціль, і стрэлка манометра знерухомела, -- ну што, Хросны, каўтнеш?

-- Не для сябе робім, на продаж. Янкі і пакаштуюць, -- разважліва азваўся з гулкай паўцемры хрыплаваты барытон.

Пад конус электрычнага святла да гіганцкага самагоннага апарата выйшаў немалады ўжо мужчына са слядамі шматлікіх ліхтугаў на абліччы. Шнары і маршчыны на ягоным твары складаліся ў малюнак, які сведчыў пра вялікі розум і нялёгкі жыццёвы досвед.

Абрысы вялізнага індустрыяльнага памяшкання размываліся вільготнай цемрай. Словы, крокі і цурчэнне струменьчыкаў адгукаліся сцішаным рэхам. Дзесяткі драбнейшых самагонных апаратаў булькацелі, вывяргаючы паўпразрыстую пару. У паветры лунаў чароўны водар первака. Незлічоныя пляшкі каля сценаў міжволі вабілі вока таямнічым бляскам.

Той, каго хударлявы дзядзька ў акулярах назваў Хросным, сеў за пашарпаны палісандравы стол пад вакном, запаліў лямпу і адчыніў фортачку. Скразняк зашаргацеў лісткамі насценнага календара з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.

Калі тэхналагічны працэс на гіганцкім апараце быў канчаткова адладжаны і заставалася адно чакаць, калі наспее час змяніць бочку, да Хроснага пацягнуліся хаўруснікі. Беларускія мужчыны паселі на доўгую лаву і годна памаўчалі, адно шморгалі насамі. Хударлявы ў акулярах няспешна выцягнуў з вялікай капэрты колькі беларускіх газетаў.

-- “Звязда”, -- голасна прачытаў ён.

З канца лавы нехта перадражніў:

-- Ага! Мы сядзелі з табой каля яру, і шукалі ў небе “Звязду”... Не прышый рукаў! -- і дурнавата рагатнуў.