Хросны сувора зыркнуў у цемру -- блюзнер імгненна схаваўся за суседаву спіну.
-- Дык што там Саветы пішуць? -- пацікавіўся Хросны.
Зашамацелі старонкі. Хударлявы паправіў акуляры і, з цяжкасцю разбіраючы саўнаркамаўскую кірыліцу, распачаў пранікнёна:
Пасецца калгасны статак
На беразе ціхай ракі,
А там, у Злучаных Штатах,
Рэжуць кароў мяснікі!
Мужчыны памаўчалі -- асэнсавалі.
-- Лухта нейкая, -- вынес прысуд чарнявы фацат у акуратным стройчыку і кашулі-вышыванцы. -- Сапраўды… Прышылі рукаў.
-- А чаго ты ад “Звязды” хацеў? -- крыху баязліва нагадаў пра сябе блюзнер і шморгнуў носам.
-- Пішуць пра камуністых, ворагаў народу з “нацдэмаў”, ворагаў народу з “эн-ка-вэ-ду”... А яшчэ ўсіх тамтэйшых пісьменнікаў у нейкі Саюз зганяюць. І гэтых у калгас спалатняюць. А яшчэ справаздача пра надоі ад казлоў і пух ад свінняў.
-- А што ў Саветаў з самагонам? -- прымружыўся Хросны.
-- Не пішуць, гады, -- дзязька смачна плюнунуў і склаў газету напалам, -- відаць, маскоўскую манапольку жлукцяць. Хаця... -- угледзеўся ў літары, -- нейкі кактэйль Молатава прыдумалі.
-- Піць, чытаць і любіць трэба сваё, -- важка запэўніў Хросны, -- а Саветы ад нас далёка, як і тыя бацькаўскія гоні.
Зашамацела буржуазна-нацыяналістычная віленская газета. Беларуская лацініца давалася дзядзьку-каталіку куды лягчэй:
-- “Як гатуюць кумпяк у нашых Гальшанах. Скуру трэба абсмаліць саломай, абшкрэбсці нажом і на тры дні пакласці кумпяк у лёк пад гнёт”.
Блюзнер гучна каўтнуў сліну.
-- А мой бацька аднойчы суседа па пысе во-ось такім кумпяком перацягнуў! Ці тое свіныя плечы былі, ці...
Грымнуў люк, пад высокай столлю выявіўся квадрат вечаровага неба аздоблены самотным дыяментам Зоркі Венеры. Мужчыны ўскінулі галовы.
Дробны хударлявы падлетак, падобны да маладога вераб’я, порхнуў-скаціўся гулкімі металёвымі сходамі.
-- Дзядзька Хросны, там тры вялікія чорныя кары. Зноў гэтыя сіцылійскія мудзілы з Мічыган-Авеню ў адведкі прысунуліся! -- злякана выдыхнуў ён.
-- Як прысунуліся, так і адсунуцца, -- важка паабяцаў Хросны, -- старыя чыкагскія бойні -- наша дзялка!
З’яўлення гангстэраў з мафіёзнага клана “Сіцылійская вячэра” беларускія бутлегеры чакалі даўно. Як і ўсе паўднёвыя крымінальнікі, італьянцы лічылі ніжэй за сваю годнасць займацца якойсьці вытворчасцю. Падчас Сухога Закону, які дзейнічаў на тэрыторыі Штатаў ужо шосты год, яны ганялі грузавікі з шатландскім віскі з-за канадскай мяжы. Але шалёны і немудрагелісты пярвак тутэйшай чыкагскай вытворчасці моцна перабіваў ім бізнес.
Рэзнікаў-беларусаў, якіх Вялікая Дэпрэсія пазбавіла працы, зарганізаваў у крымінальны хаўрус Хросны. Рукі спрактыкаваных забойцаў яшчэ не адвыклі ад прафесійнага рыштунку. Мужчыны спрытна разбіралі зброю: нажы, швайкі, бензапілы, вілы і абрэзы. Былыя рэзнікі пасталі каля вокнаў, гатовыя бараніць свае гонар, годнасць і бізнес.
-- Хросны, дзе твой машын-ган, што мудзілаў косіць? -- блюзнер ляпнуў па шырокай сялянскай далоні аблупленай бейсбольнай бітай і красамоўна глянуў на змеявік.
-- Не лезь паперад бацькі ў пекла, -- Хросны па-гаспадарску падкруціў венціль гіганцкага самагоннага апарата з масянджовай шыльдачкай “General Electric” і бліснуў вачыма. -- Хлопцы, будзьце пільнымі! За стрэлкай сачыце!
-- А той троцкі караімчык, што паабяцаў нас з італьянцамі замірыць, значыцца, ён грошы ўзяў і ўсіх кінуў? -- нагадаў блюзнер.
-- Значыцца кінуў, сука, -- Хросны выцягнуў з-пад палісандравага стала свой смяротны машын-ган -- важкі кулямёт “Максім” без шчытка і колаў, загорнуты ў зашмальцаваны мотальскі кажушок.
Ён ускінуў яго, як цурбэлак, на плечы і няспешна падаўся металёвымі сходамі на дах. Падлетак ажно згінаўся пад цяжарам скрынак з набоямі і стужкамі, але не адставаў.
-- Што ў кулямётны кажух заліваў? -- не азіраючыся, спытаў Хросны. -- Пярвак, як мінулым разам?
-- Ваду з Мічыган-Возера, -- запэўніў хлопчык.
Панарама індустрыяльнага Чыкага, што адкрылася з вышыні, уражвала. У вечаровае неба ўклейваліся белыя, шэрыя, чырвоныя і чорныя дымы. Над люднымі вуліцамі з грукатам несліся вагоны сабвэя. Хмарачосы, а іх тут было болей, чым званіц у Вільні, струнка цягнуліся да першых зор.
-- А неба якое васільковае, амаль як у нас па-над Нёманам! -- замілавана прамовіў Хросны, усталяваў кулямёт і скіраваў рулю наніз.
Шыкоўныя, як лакіраваныя люксовыя труны, “Крайслеры” спрытна блакіравалі выезд з закінутых бойняў. Па двары рассыпаліся высокія смуглыя мужчыны, апранутыя ў доўгія шэрыя плашчы і модныя капелюшы “барсаліна”. Валасатыя рукі сіцылійскіх гангстэраў лашчылі машын-ганы сістэмы Томпсана.