Хросны крыху прыўзняўся над парапетам. Падлетак апярэдзіў пытанне:
-- Карлу Спагеці шукаеце? Вунь гэты стары мафіёзі за апошнім “Крайслерам”.
І сапраўды, з-за лакіраванага крыла легкавіка выторквалася сівая галава сухенькага дзядка. Карла Спагеці сядзеў на кукішках і засяроджана ладзіў запал да гранаты. Яго шыкоўная “барсаліна” ляжала на капоце машыны. Сіцыліец апусціў гранату ў кішэню плашча, надзеў капялюш і склаў далоні рупарам:
-- Presto… Prestissimo… -- прыспешыў ён малодшых па рангу мафіёзі.
Тым часам хлопчык-верабей спрактыкавана заправіў стужку ў казённік. Хросны злавіў у прыцэл цыбатага вусача, які на мігі паказваў Спагеці, што дзверы бойні зачынены з сярэдзіны.
Карла таргануў драцяное колца з гранаты.
-- Forсe! -- гукнуў ён.
Граната тройчы перакулілася ў палёце і грукнула ў дзверы. Выбух мякка і важка скалануў вечаровае сутонне. Калі дым і пыл знесла ветрам, на месцы дзвярэй чарнела прамакутная дзіра. З вокнаў упэўнена бахнула колькі стрэлаў, і на шэрым плашчы вусатага мудзілы расплылася барвовая пляма. “Томпсан” грукнуў дыскам аб брук.
-- Хросны, страляйце ж... -- азартна зашаптаў падлетак, калі адзін з сіцылійцаў запаліў паходню і пабег да склада з падрыхтаваным да продажу перваком.
-- Трэба іх бліжэй падпусціць, -- кулямётчык засяроджана глядзеў у прыцэл.
-- Хросны, стрэлка манометра дзевятку перайшла, -- даляцеў знізу голас блюзнера.
-- Яшчэ цярпіма, -- прагучала ў адказ.
Сіцылійскія мафіёзі, як па камандзе, ускінулі “Томпсаны”. Загрукацелі чэргі, заценькалі аб сцены спрацаваныя гільзы, зазвінела шкло, шрапнеллю разляцелася тынкоўка. З вільготнай цемры дзвярнога праёма халодна бліснулі шкельцы акуляраў. Дзядзька з тварам настаўніка, не цэлячы, дуплетам гахнуў з абрэзу, і “Крайслер” са свістам прысеў на пашкамутанае кола.
-- Porka misere! -- вылаяўся Карла і зноў шпурнуў гранату.
Выбухнула.
Пад прыкрыццём пылу смуглыя мафіёзі нясмела пайшлі на штурм. Першаму, хто сунуўся ў праём, лоўка кінутая з цемры швайка ўвайшла ў кадык. Другі сіцылійскі мудзіла неадкладна атрымаў бейсбольнай бітай у лыч.
-- Ну што, скаштаваў залупы? -- дурнавата рагатнуў блюзнер.
З глыбіні стадолы пагрозліва зараўла бензапіла.
І тут Хросны нарэшце прыціснуў гашэтку. “Максім” ажно затанчыў на даху.
-- Во скача! -- у захапленні прамовіў падлетак. -- Як тая Лявоніха на вяселлі!
Трое гангстэраў адразу скурчыліся на пыльным бруку. Астатнія баязліва пахаваліся. Кулямёт па-сялянску разважліва змоўк.
-- Хросны, стрэлка манометра ўжо дзесятку перайшла! -- голас нябачнага бутлегера звонка парушыў злавесную цішу.
Кулямётчык не паспеў адказаць. З-за суседняга дома вылецелі тры паліцэйскія “форды” і даўжэзны “Пакард” з зоркай шэрыфа на дзвёрцы. Завішчэлі на віражы тармазы, рэхам адбіліся ад сценаў каманды. За колькі секундаў бойні аказаліся бязлітасна блакіраваныя чыкагскімі копамі. Паліцэйскія машыны імгненна ашчэрыліся рулямі вінчэстараў і кольтаў.
-- How do you do, mister Spagacci?.. -- прывітаўся ў бляшаны рупар шэрыф.
-- Fine. Thanks, signіor Smith-Vesson! Sempre vivace! -- пасміхнуўся Карла і толькі пасля гэтага рэзануў па “Пакарду” з машын-гана.
Лабавое шкло вадаспадам правалілася ў салон. Перадсмяротны енк пацвердзіў, што гэтым разам мафіёзі не змарнаваў набоі.
Рулі паліцэйскай зброі выплюнулі агонь. Колькі сіцылійскіх гангстэраў у адначассе выправіліся хто ў чысцец, а хто і адразу ў пекла. Заціснутаму паміж бойнямі і паліцыяй старому Карла Спагеці не засталося аніякіх шанцаў на паратунак.
І тут здарылася тое, чаго не чакалі ані чыкагскія копы, ані сіцылійскія мафіёзі. Хросны прыўзняў рулю кулямёта і кароткімі ашчаднымі чэргамі стаў садзіць па паліцэйскіх легкавіках. Копы разгубіліся: мафіёзная салідарнасць невядомага кулямётчыка на даху цалкам змяшала іх планы. Карыстаючыся момантам, Карла Спагеці і ацалелыя сіцылійцы кінуліся ў цемру дзвярнога праёму. Зброя беларускіх бутлегераў талерантна змоўкла.
Праз колькі хвілін сівая галава Карла Спагеці ўжо вытаркнулася з люку.
-- Mama miо, Santa Lucia! -- аўтарытэтны сіцыліец беспамылкова пазнаў клятага ворага, павагаўся, але ўсё ж паціснуў Хроснаму руку.
Лідэры мафіёзных кланаў хутка паразумеліся пры дапамозе мімікі, жэстаў і ангельска-італьяна-беларускай трасянкі. Агульны вораг здольны ствараць і не такія дзіўныя хаўрусы.
Тым часам копы апрытомнелі і пайшлі ў наступ. Зноў загрукатаў на даху кулямёт, заляскалі стрэлы. На бруку аганізавалі смяротна параненыя, падалі забітыя, гарачая кроў лілася ў каналізацыйныя краты. Сонца канчаткова схавалася за скрай хмарачоса.