-- Пралетары ўсіх краінас злучайцеся! -- павітаўся Шалёнас, змушаны сітуацыяй і нормамі дыпламатыі.
-- Ад мора да мора, -- у адпаведнасці з пратаколам пацвердзіў таварыш Пранік і нервова таргануў пашчэнкай.
Пасля абавязковага двубою позіркамі, пагрозлівага скрыгатання зубамі і рыпення партупеямі ідэалагічныя ворагі змушана паціснулі адзін адному рукі. Калі прывітальны рытуал быў вычарпаны дарэшты, таварыш Пранік і Шалёнас Халерас перайшлі непасрэдна да справы.
Нагода перастрэцца на начным Віленскім гасцінцы наспела даўно. Так атрымалася, што напаўсухі закон санацыйнай Польшчы спакусіў заняцца бутлегерствам і засланых з СССР чакістаў з дыверсійнай групоўкі “Халодная галава”, і вялікадзяржаўнікаў-жмудзіласаў з Коўна. Першыя кантрабандна перакідалі ў Заходнюю Беларусь танную маскоўскую “манапольку”, каб свядома спойваць братоў-беларусаў. Другія з такімі ж мэтамі перакуплялі гуртам італьянскае “віно росо” ў партах Мемеля і Кёнігсберга. Усе спірытусовыя напоі паўпадпольна рэалізоўваліся на Крэсах Усходніх праз сетку шынкоў вядомага ў краі бізнесоўца Навума Фабрыканта. Алкагольныя грошы прызначаліся для стварэння шпегоўскіх сетак і шматлікіх баз баевікоў. Сутыкненне гаспадарчых інтарэсаў зрабілася непазбежным пасля таго, як людзі Шалёнаса Халераса пусцілі пад адхон дыпламатычны вагон спеццягніка “Масква-Кёнігсберг” бітма наладаваны “Пасольскай водкай”, прызначанай для Гародні. Халодная вайна ў кожны дзень магла выбухнуць узброеным канфліктам.
-- Гардзінас, Лідас і Навагрудакас -- спракаветныя аўкштайцкія гарады. Тут Вялікас Ліетувас -- па самае Маладзечнас, -- вялікадзяржаўна аргументаваў Шалёнас прэтэнзіі на Гарадзеншчыну з Віленскім краем і тыцнуў чакістаму пад нос карту, выдадзеную ў Кейданах.
-- Але насельніцтва гэтага краю спрадвеку імкнулася далучыцца да лепшай долі і вышэйшай культуры ўсходніх братоў, -- у якасці супрацьаргумента таварыш Пранік выцягнуў з кішэні галіфэ сувенірную літруху “Крамлёўскай”.
Крышталёвая пляшка ў выглядзе Спаскай вежы Маскоўскага крамля крышыла і вясёлкаю распырсквала святло фараў. На накрыўцы брутальна ззяла рубінавая зорка.
Шалёнас у адказ толькі кпліва пасміхнуўся. У хмызах агрэсіўна завуркатала -- матацыклетка выкацілася на брук. Кулямётная руля красамоўна ўтаропілася ў “Пакард”. У адказ няўсмешлівы волат Баян нетаропка выдраў колца з супрацьтанкавай гранаты, дэманструючы гатоўнасць да далейшай размовы.
За прысадамі прагучала напружанае:
-- Прыцэл на галаўную машыну жмудзілаў!
У начным паветры залунаў уяўны пах яшчэ не спаленага пораху. Мятлікі, што бязмэтна таўкліся ў святле фараў, падаліся баевікам душамі паплечнікаў палеглых у класава-бутлегерскіх войнах.
-- Таварыш Пранікас, ці хочуць рускія вайны? -- з нечаканым міралюбствам пасміхнуўся Халерас. -- Па вялікім рахунку мы робім адну і тую ж справу, хаця і кожны на сваю карысць. Але ж мусім дзейнічаць у тутэйшых неспрыяльных варунках…
Камандзір чакістаў маўчаў, бо не разумеў яшчэ, пра якія-такія “варункі” пляце ідэалагічны вораг.
-- … тутэйшы люд -- пераважна католікі, -- працягваў Халерас, -- як пан ксёндз мужыку скажа, так той і зробіць. А ксёндз скажа мужыку тое, што загадае біскуп, біскупу -- кардыналас, кардыналу -- Папеж. Папежу…
-- …таварыш Сталін, -- механічна ляпнуў палітычна падкаваны Пранік.
-- Папеж адно Пану Богу падпарадкоўваецца, -- сувора нагадаў Халерас.
-- Дык Бога ж няма! -- пераканана прамовіў чакісты і блазнавата пасміхнуўся. -- Гэта нават папы ведаюць.
-- Але ж Папеж Рымскі ёсць, -- жорстка абрэзаў Халерас, -- і ён прыслаў нам свайго легата.
Пакуль таварыш чакіст асэнсоўваў слова “легат”, двое жмудзіласаў выцянулі з задняга сядзення “Мерседэса” дробнага сухенькага дзядка, сівую галаву каторага пакрываў недарэчна модны капялюш “барсаліна”.
-- Porka Madonna! -- незадаволена прабурчэў дзядок у твар разгубленаму чакістаму.
-- Легат моліцца… -- паважным шэптам пракаментаваў Халерас.
-- За каго? -- ціха, бо прасякнуўся ўрачыстасццю моманту, спытаў Пранік.
-- За ўсіх людзей добрай волі, -- пранікнёна азваўся лідэр “Лабусаў”, -- а значыць, -- ён важка ўзняў палец, -- і за таварыша Сталіна.
Пранік страсянуў галавой, каб сагнаць рэлігійнае ачмурэнне:
-- Папоўскае цемрашальства! -- ён цвыркнуў слінай на брук, -- якое дачыненне мае гэты стары жмудзілас да нашых новых канфліктаў? З-пад якога ковенскага плоту вы яго выцягнулі? -- сказаў ён не вельмі ўпэўнена, бо шляхотная “барсаліна” відавочна сведчыла пра іншае.