Сярод мужчын Каленік сустрэў і даўнейшага свайго знаёмага — паляка Віняцкага. Віняцкі з‘явіўся ў Крапілаўцы хутка пасля таго, як мясцовасць за войскам Доўбар-Мусніцкага занялі немцы. Сяляне сустрэлі яго недаверліва, доўгі час многія чураліся яго і яшчэ і зараз усе звалі легіянерам. Недаверлівасць гэтая засталася надоўга.
Пры выканкоме з комуністаў і комсамольцаў быў арганізаваны атрад часцей асобага прызначэння. Атрад, узброены вінтоўкамі і кулямётам, амаль кожны вечар збіраўся на выканкомаўскі двор, або на паповай палянцы для вайсковых заняткаў. Калі ў атрадзе разам з некалькімі яшчэ маладзейшымі мужчынамі з беспартыйных з'явіўся і Віняцкі, да Каленіка прышоў Сімкавец Антон і выказаў сваё нездаваленне.
— Навошта трэба было пушчаць у атрад гэтага? — пытаў ён, стоячы перад Каленікам.
— А чаму-б не пусціць?
— Воўк да сваёй стаі бяжыць, калі што. Я не веру яму.
— Дарэмна. Ён не з такіх.
— Дарэмна, кажаш? А чаму-ж ён тады пабег?
— Але і ад іх-жа хутка пайшоў.
— Мала што, глядзі...
У Крапілаўцы зноў пачыналіся трывожныя дні. Яшчэ ў кожнага ў памяці жыла страшная ноч, калі ўланы абходзілі двары, хапалі мужчын і білі іх бізунамі і шампаламі, а пасля бралі самі з засекаў дабро, выганялі з хлявоў жывёлу і гналі, што на панскі двор, а што ў горад. I вось зноў папаўзлі чуткі, што хутка прыдуць палякі. Чуткі прыходзілі з млына Геллера, з хутароў з-за рэчкі і з гораду. Ім не хацелі верыць і пачыналі баяцца іх. Вечарамі, калі заходзіла сонца і пачынала змяркацца, крапілаўцы палахліва паглядалі на захад, за рэчку, нібы чакалі ўбачыць на тым баку здань страшнага і чужога, што непрыкметна ішла да іх. Калі на зямлю клалася цёмная ноч, калі ўсё змаўкала, шмат хто з крапілаўцаў паціху выходзіў з хаты і, нерухома стоячы сярод двара, услухоўваўся ў цішыню, ці не чуваць глухіх далёкіх гарматных стрэлаў. Але нішто не парушала начное цішы, фронт быў яшчэ далёка і з надыходам дня людзі супакойваліся. Начамі толькі, здавалася, часцей вылі сабакі, уздымаючы ўгору пысы, і ў крапілаўцаў ад іхняга працяглага завывання мурашкі бегалі па целу, верылася, што сабакі чуюць бяду. Іх слухалі і білі нагамі, каб змоўклі.
Праз некалькі дзён яшчэ завідна ў Крапілаўку прыехала верхам чалавек сем чырвонаармейцаў. Яны прыехалі з-за ракі. На валасны двор, дзе сталі яны пакарміць коней, адразу сышлося поўсяла. Сяляне таўпіліся па двару, загаварвалі з чырвонаармейцамі і распытвалі іх, ці далёка фронт. Ім не хацелася верыць, калі чырвонаармейцы сказалі, што да фронта шэсцьдзесят вёрст. Яны бачылі, што вайскоўцы раней, чым прыехаць на валасны двор, аб'язджалі суседнія з Крапілаўкай лясы і праехалі ўздоўж рэчкі. Што-ж яны выглядалі? Сяляне хадзілі каля коней, падкідвалі ім сена, глядзелі ў зубы, ці маладыя, гладзілі па худых спінах і нібы між іншым пыталі ў чырвонаармейцаў:
— Ну, то як, добрая ў нас пазіцыя будзе?
Чырвонаармейцы хітравата ўсміхаліся, адказваючы:
— А калі што — не дрэнная, толькі мабыць, не спатрэбіцца.
— Думаеш?
— Так мяркую,— адказваў чырвонаармеец.— Шэсцьдзесят вёрст фронтам прайсці — не раз плюнуць. Калі падкінуць нам сіл, можка іх назад штурхануць.— I ў сваю чаргу пытаў:— А вы, што-ж, баіцёся іх, ці чакаеце?
Сяляне злавалі.
— Ласку панскую мы ўжо бачылі, а баяцца — як сказаць, абы вы не збаяліся...
Чырвонаармейцы збіраліся ад'язджаць. 3 іх камандзірам з выканкома вышаў і Каленік. Чырвонаармейцы падцягвалі коням падпругі ў сёдлах, садзіліся на коней, а сяляне маўчалі. Толькі калі крануліся яны ехаць з двара, Сімкавец Антон сказаў:
— Хоць-бы павячэралі вы ў нас, да пераначавалі, таварышы...
— Няма калі, таварышы, дзякую,— адказаў камандзір разведкі.
— I не пагаварылі, нічога не сказалі нам, — пашкадаваў Сімкавец.
— Другім разам можа, а сёння вам што-ні-што раскажа таварыш Каленік.
I камандзір і чырвонаармейцы разам казырнулі сялянам, кранулі з месца коней і паехалі за раку.
— Разведка ад штаба войск, аглядалі нашыя месцы,— сказаў Каленік, калі чырвонаармейцы зніклі ў змроках вечара. Усе маўчалі. Усе ведалі, што фронт наблізіцца і да іхнага сяла. Чакалі, што яшчэ скажа Каленік. І нехта спытаў, не дачакаўшыся слоў Каленіка: