Пасля полудня Каленік першым прыехаў з поля дадому. Перад захадам сонца, як было ўмоўлена ўчора на партыйным сходзе, на плошчы каля выханкома сабраўся чонаўскі атрад. Чонаўцы прыйшлі з чырвоным сцягам, усе ўзброеныя. Кулямётчыкі прыкацілі на плошчу вычышчаны кулямёт. Другі і трэці нумары стаялі па абодвы бакі кулямёта, абпаясаныя накрыж патроннымі стужкамі. Як толькі сабраліся чонаўцы, у царкве зазванілі трывогу. Густы бас самага большага звона, захлынаючыся ў сваім гуле, клікаў у наваколле. Тры разы пракрычаў так звон, і на плошчы сыйшліся амаль усе крапілаўцы, мужчыны, жанчыны і дзеці. Хто быў дома, адразу кідаў усё і бег да выканкома. Хто затрымаўся ў полі, спяшаўся дадому, каб распрэгчы каня, ці павесіць да часу пад стрэхай касу і ісці на сход. Натоўп людскі рос з кожнай хвілінай.
Чонаўцы стаялі выстраіўшыся ў два рады. На правым флангу асобна стаялі кулямётчыкі і чонавец са сцягам. Каленік стаў наперадзе іх і ўзняў угору руку.
— Таварышы! — сказаў ён.— Мы не хочам хаваць ад вас праўды, хоць і цяжкая яна і можа для каго страшная. 3 дапамогай Антанты польскія легіёны зноў ідуць, каб аднавіць у нас памешчыцкія, буржуйскія парадкі. Мы ведаем, што гэта значыць. Небяспека падыходзіць да нас, і ўсе як адзін, мы павінны стаць грудзямі за нашу рэспубліку. А калі стане кожнае сяло, кожная вёска, не пройдуць яны далей ні на адзін шаг. Мне паручыў наш партыйны сход клікнуць вас усіх на барацьбу ў партызанскі атрад, каб перагарадзіць жывой сцяной дарогу беламу гаду, каб не даць яму ступіць на нашу зямлю...
Каленік, гаворачы, пазіраў на людзей, што стаялі велізарным натоўпам перад ім. Можа заўтра прыдзе вайна да ракі і кожны з іх пэўне думае зараз, што можа заўтра ўжо не давядзецца выйсці ў поле. Твары ўва ўсіх былі ўдумлівыя, урачыста сур'ёзныя. Бачыў ён перад натоўпам і сваю маці. Маці гаварыла з ім раніцою. Калі дзеці спалі яшчэ, яна вывела яго з хаты і сказала:
— Ходзіш ты нешта не такі, як заўжды, скажы мне.
Ён сказаў, што блізка фронт і будзе збіраць партызанскі атрад.
— Значыць, зноў на вайну, на смерць,— сказала яна.— I неяк не пажывеш ты са мною, ды з дзецьмі.— У яе вачах былі слёзы, а яна казала:— Я не трымаю цябе, я толькі хочу ведаць усё.
Пасля яны моўчкі стаялі на дрывотніку. Каленіку хацелася пахваліць сваю маці, і ён паклаў ёй на плячо руку і сказаў:
— Я-ж ад цябе ні ў чым не таюся, што раблю, усё ведаеш. Толькі от зноў табе адной давядзецца дзяцей даглядаць нейкі час.
I вось цяпер яна стаіць побач з Кавалевіч Ганнай зусім спакойная, склаўшы наперадзе рукі, сашчапераныя ў пальцах.
Мужчыны адзін за другім выходзілі з натоўпу, каб падыйсці да Гайшынскага запісацца ў атрад. Паміж іх хадзіла Кавалевіч Ганна.
— Вас на добрую справу клічуць, мужчыны і хлапцы,— казала яна.— За вамі стаяць вашыя жонкі і маткі. Маткі як ніхто ведаюць цану крыві сваіх дзяцей і яны пасылаюць вас. Я страціла сваіх сыноў на вайне для іншых. Я шкадую, што ў мяне няма ні мужа, ні сыноў. Я паслала-б іх. I вы ніколі не пачулі-б маіх галашэнняў, не ўбачылі-б маіх слёз, калі-б я страціла іх. Я ганарылася б імі, калі-б яны памерлі, як трэба. Ідзіце, мужчыны і хлопцы. Ідзіце і не пусціце іх... Ідзі, Зіновій,— гаварыла яна да Рагаўца і, узяўшы яго пад рукі, вяла да Гайшынскага.— Глядзіце, які ён малайчына яшчэ, у самы раз армеец, — казала яна, ласкава ўсміхаючыся, і сам Рагавец усміхаўся, ідучы побач з ёю
Акурат у гэты час да Гайшынскага падышоў Віняцкі. Ужо калі ён спыніўся перад сталом, за якім сядзеў Гайшынскі, да яго падаўся Сімкавец Антон.
— А ты што, таксама ў партызаны? — спытаў ён.
Віняцкі не разумеў, чаму яго пытаюць аб гэтым.
— Вядома,— адказаў ён.
— А пасля зноў уцячэш у легіёны? То можа, зараней падаўся-б куды ад нас, каб не замінаць.
Віняцкага гэта як громам ударыла. Ён моўчкі стаяў перад сталом, і Сімкавец убачыў, як уздрыганулі яго губы. Можа, ён мерыўся што адказаць Сімкаўцу, але нічога не адказаў. Кавалевіч Ганна, якая прывяла да стала Рагаўца, узяла за руку Віняцкага.
— Антон умее гаварыць і не падумаўшы, не слухай,— сказала яна і сурова і ласкава прыкрыкнула на Гайшынскага.— А ты, малойчык, пішы хутчэй, раз чалавек стаіць перад табой. Глядзі, якога прывяла.