Выбрать главу

Ён гаварыў доўга, паўтараючыся, часам не ўмеючы знайсці словы, каб вытлумачыць, што хоча сказаць. І то садзіўся крыху супакоіўшыся, то хапаўся з месца, прыпомніўшы яшчэ нешта, пра што меркаваў сказаць.

Каленік супакойваў яго, апраўдваючы Сімкаўца.

— Ведаеш, яго білі легіянеры. Калі ён думае, што і ты можа гэтак-жа біў каго, ён не верыць табе. Над ім доўга здзекваліся...

— Я нікога не крануў пальцам,— глуха адказваў Віняцкі.— Я другім не даваў біць...

Віняцкі прасядзеў з Каленікам далёка за поўнач. Потым яны яшчэ пастаялі на дварэ, бо пачулі за сялом галасы. Яшчэ чуваць было тарахцелі калёсы па дарозе ад рэчкі. Ехаў абоз.

Няўжо Чырвоная армія?

Каленік не вярнуўся ў хату, а пашоў да выканкома. Там на плошчы размяшчаўся абоз. На самым выканкомаўскім дварэ уладжваліся на мураве чырвонаармейцы. Каленік пашоў у пакой, дзе змяшчаўся штаб партызанскага атрада. У пакоі быў Гайшынскі, каравульны начальнік і некалькі чалавек камандзіраў. Сярод іх камандзір палка, які прышоў у Крапілаўку.

— Я ад мясцовага партызанскага атрада,— сказаў да камандзіра палка Каленік.— Я хацеў-бы пагаварыць з вамі.

Яны ўдваіх зайшлі ў асобны пакой.

— Заўтра мы пойдзем далей,— сказаў камандзір палка, выслухаўшы Каленіка.— Да гэтага трэба вырашыць, як быць з вашым атрадам. Колькі ў вас чалавек?

— Комуністаў і комсамольцаў семнаццаць і сто семдзесят шэсць сялян, беспартыйных.

— Амаль столькі, як у мяне ў палку асталося. Што-ж, заўтра збярэмся і пойдзем за Бярэзіну. Як вы мяркуеце, існаваць асобна ці ўвайсці ў рэгулярныя часці арміі?

Каленік маўчаў. Здавалася, вось-вось усё разбурыцца, аб чым ён марыў, ствараючы атрад. Задрыжэлі рукі і ён узяўся рукамі за край стала, каб не выказаць усхваляванасці.

— Мы спадзяваліся, што вы застанецеся ў нас,— сказаў ён.

— Такія меркаванні раней былі і ў камандавання, але людзі нашы вельмі стаміліся і іх задужа мала, каб утрымацца,— сказаў камандзір палка.— Фронт скрозь адыходзіць за Бярэзіну, там мы здолеем умацавацца.

— Вам трэба застацца,— нясмела запярэчыў Каленік.— Мы будзем несці ўсю службу, а чырвонаармейцы адпачнуць. Дазоры, варту, усё на сябе бярэм, толькі ў бой разам, вядома.

— А хіба мы здолеем з такімі сіламі, як у мяне і ў вас утрымаць участак фронта ў пятнаццаць вёрст? — Камандзір разгарнуў на стале карту, адшукаў на ёй крапілаўскую воласць і правёў алоўкам па лініі фронта. — Не, гэта задужа багата для такой колькасці людзей,— сказаў ён.

— Гэта яшчэ не ўсе людзі,—сказаў Каленік.— Такія-ж атрады мы маем у Старой Рудні, у Зубарэвічах і ў Рожанцы.— Ён у сваю чаргу нахіліўся над картай і пачаў шукаць названыя вёскі.

— Але людзей-жа мала?

— Тры атрады. Я не скажу, колькі дакладна людзей у тых атрадах, але...

— Калі вы арганізавалі свой атрад?

— Учора прынялі клятву.

— Значыць, учора толькі паслалі людзей у іншыя вёскі?

Каленік замяўся.

— Гэта нічога, што толькі ўчора. Удзень будзем мець весткі.

— Мала людзей,— ціха сказаў камандзір палка.

— Людзі будуць, людзей трэба і можна сабраць сотні ў два дні.

— Я ўсё-ж думаю, што атрад злучыцца з намі і мы пойдзем на вызначаныя пазіцыі за Бярэзіну,— сказаў камандзір палка.

Каленік маўчаў.

— Мы пойдзем а полудні,— дадаў яшчэ камандзір палка.

— Мы просім застацца,—азваўся Каленік.

— Нельга.

— Тады пакіньце частку чырвонаармейцаў,— прасіў ён.

— І гэтага нельга.

Пауза.

— Гэта дужа крыўдна,— сказаў Каленік, адхінуўшыся ад стала.— Сяляне арганізаваліся, каб не пусціць палякаў, а вы не хочаце падтрымаць іх.

— Як не хочам? — падхапіўся камандзір палка з месца.— Чаму ты ставіш так пытанне? Прыняўшы тут бой, мы рызыкуем страціць і рэшту людзей.

Каленік не слухаў.

— Мы сабраліся ў атрады, каб ні на адзін крок далей не пусціць іх і мы адсюль не пойдзем, як-бы вы не зрабілі.— І цішэй, спакайней дадаў:— Я толькі хочу прасіць дапамагчы нам вінтоўкамі і патронамі з запасаў палка.

Абодва пасля гэтага доўга маўчалі. Камандзір палка пазіраў на карту і ўсё стукаў па стале алоўкам, а Каленік стаяў, не кранаючыся з месца, трымаючыся за край стала.

— Вы канчаткова так вырашылі? — запытаў камандзір палка.

— Мы прымалі перад усім народам клятву,— адказаў на гэта Каленік.