I зноў абодва доўга маўчалі. Урэшце камандзір палка сказаў:
— Я звяжуся зараз-жа са штабам дывізіі, паведамлю аб вашых сілах і меркаваннях. Да вечара мы будзем ведаць...
Каленік схапіў руку камандзіра палка і паціснуў яе.
— Улічыце, што гэта не ўсе яшчэ людзі, мы збярэм багата людзей.
Назаўтра самым ранкам усе крапілаўцы, партызаны, жанчыны і ўся моладзь прышлі з рыдлёўкамі да ракі і даўгім ланцугом рассыпаліся ўздоўж яе. Іх прывялі Каленік і Віняцкі Віктар, стары сапёр. Віняцкі прайшоў з Каленікам уздоўж ракі, паказваючы, дзе капаць акопы. Пачалі капаць непадалёк ад рэчкі на полі, каб з акопаў добра быў відзен увесь другі бераг рэчкі і поле на тым баку.
Каля моста на рэчцы стаялі дазорныя чырвонаармейцы. Дзяўчаты крыкнулі ім:
— Ідзіце да нас, пасабіце, нам весялей будзе.
Адзін з чырвонаармейцаў застаўся на месцы, а двое прышлі да дзяўчат і ўзялі ў іх рыдлёўкі, а дзяўчатам далі патрымаць вінтоўкі. Пасля прышло з сяла яшчэ чалавек трыццаць чырвонаармейцаў са сваімі рыдлёўкамі. Яны саставілі вінтоўкі ў козлы, і камандзір, які прывёў іх, запытаў, дзе станавіцца на працу. Іх сустрэлі радасным гоманам. Дзяўчаты клікалі чырвонаармейцаў кожная да сябе, каб станавіўся побач. Чырвонаармейцы рассыпаліся па ўсёй лініі, як рылі акопы. Калі гадзіны праз паўтары спынілі працу, каб адпачыць, чырвонаармейцы і дзяўчаты сышліся разам. Да чырвонаармейцаў тады падыйшла Кавалевіч Ганна і сказала да іх:
— Бачыце, якія ў нас дзяўчаты, а вы ўцякаць ад нас хочаце. Што-ж вы за хлопцы?
Чырвонаармейцы ўсміхаліся, пазіраючы на дзяўчат. Яны адказалі:
— Мы не ўцякаем, адыходзім згодна загаду.
— І вам не хочацца застацца ў нас? — хітравата ўсміхалася жанчына, ківаючы галавой на дзяўчат.— Гэта-ж каб я на вашым месцы...
— 3 ахвотай, калі скажуць застацца, нам усё роўна біць легіянераў — там, ці тут.
— Каб усё роўна, не найшлі-б ад нас,— пярэчыла яна.— Я думаю, сорамна вам будзе ісці ад нас. Бабы ваююць, а вы — ходу.
Чырвонаармейцы ветліва ўсміхаліся. Адзін сказаў:
— А можа яшчэ мы і не пойдзем адсюль, тады мы вас у акопы не пусцім, нам сорамна будзе.
— Тады я дзевак да вас на вечарынку ў акопы прывяду. Ну, згаворымся? Шкада, няма вашага камандзіра, хоць-бы пасароміла яго.
— А можа не давядзецца сароміць, не спяшайся, цётачка,— адказаў той-жа чырвонаармеец.
— Каб-жа ж! А то прышлі, пераначавалі і ходу. А чаго? Ды калі ім так даваць дарогу, яны могуць далёка зайсці. Ты адкуль? — пытала яна ў чырвонаармейца, які гаварыў з ёю.
Чырвонаармеец пазіраў у твар ёй, бачыў яе сівыя валасы, што выбіваліся з-пад хусткі, бачыў яе светлыя вочы, маршчыны пад вачыма і думаў пра сваю маці.
— Пензенскі,— сказаў ён, абрадавана ўсміхнуўшыся.
— Гэта далёка?
— Далёка, уга.
— Ну, гэта не далёка, калі так даваць ім дарогу. Пусці іх сюды, ды ў другім месцы пусці, яны і да пензенскіх мужыкоў дойдуць.
— Яно верна.
— Ну во, значыць і нельга вам ад нас пайсці, давядзецца ў нас паваяваць.
Цяпер яшчэ з сяла прышло чалавек сорак чырвонаармейцаў з рыдлёўкамі, а за імі хутка прыехаў і камандзір палка.
— Адбілі мы ад вас, таварыш камандзір, вашых чырвонаармейцаў, не пойдуць яны ад нас цяпер, давядзецца і вам застацца. Гляньце во на іх.
Кавалевіч Ганна паказвала рукой у адзін і ў другі бок на чырвонаармейцаў. Тыя ўсміхаліся. Побач з імі, абапершыся на рыдлёўкі, стаялі дзяўчаты і дражніліся ўсмешкамі.
— Так, я бачу, прапала маё войска,— развінуўшы рукі, сказаў камандзір палка.— Давядзецца, мусіць, застацца.
Каленік увесь час чакаў, што скажа камандзір палка. Цяпер ён аж сарваўся з месца.
— Вырашана?
Камандзір палка кіўнуў яму галавою.
— Мы атрымалі загад застацца, — сказаў ён. I Каленік не здолеў што-небудзь адказаць.
— Сёння да ночы трэба звязацца з іншымі атрадамі. Зараз вернемся ў штаб і пашлем людзей для сувязі.
І чырвонаармейцы, і сяляне, усе стаялі цяпер вакол іх, і камандзір палка сказаў, звяртаючыся да сялян:
— Мы застаемся ў вас. Камандаванне дывізіі даручыла мне перадаць вам, таварышы, падзяку за арганізацыю абароны.
Да самага вечара капалі акопы. Вярсты на тры, ад лесу, легла ўздоўж ракі жоўтая паска зямлі, канец якой губіўся каля балотных хмызнякоў, за якімі цягнецца паласа непраходных, амаль зусім голых балот.
Дадому ішлі ўсе разам: крапілаўцы і чырвонаармейцы. Непадалёк ад рэчкі яны сустрэлі сем чалавек чырвонаармейцаў. Гэта ішла за раку разведка. Чырвонаармейцы перайшлі мост, пасля іхныя постаці выразна вызначыліся над узгоркам на небасхіле і цераз хвіліну яны зніклі зусім, адыходзячы ў ноч, у невядомае. А ноччу прышлі ў штаб людзі з атрадаў, якія былі арганізаваны ў Старой Рудні, у Зубарэвічах і ў Ражэнцы. Яны прышлі прасіць вінтовак і патронаў.