Выбрать главу

Гэтая ноч прайшла спакойна. Чырзонаармейцы вячэралі за сталамі ў крапілаўцаў, а пазней спалі ў хатах, у мяккіх пасцелях. Яны адпачывалі. Раніцою з-за ракі прышло чацвёра мужчын. Яны расказалі, што яшчэ ўчора ў іхную вёску, вёрст за дзесяць ад рэчкі, прыязджала польская конная разведка з дванаццаці чалавек. Яна паказалася з суседняга з вёскай лесу і ў тым-жа лесе знікла, паехаўшы назад. Пэўне блізка было і ўсё войска. Гэта пацвердзілася і весткамі, якія пазней прынесла разведка. Пасля гэтага камандзір палка паслаў людзей для сувязі ў атрады, у суседнія вёскі і загад з вечара заняць акопы. Акурат у гэты час прыбыў з горада і невялікі абоз, які даставіў харчы чырвонаармейцам, вінтоўкі і патроны.

Як толькі змерклася, атрад Каленіка сабраўся каля выканкома. Ад выканкома атрад аддзяленнямі крануўся да рэчкі. Кожны з партызанаў адчуваў сябе ў гэтыя хвіліны зусім па-іншаму, чым яшчэ ўчора ці нават у гэты дзень раніцою. Учора, нават капаючы акопы, ніхто з іх не адчуваў так рэальна блізка ад сябе небяспекі. Цяпер рэчка лягла граніцай паміж сваім і чужым, варожым. Адтуль са змрокаў ночы, з-за узгоркаў выйдуць ланцугом польскія легіянеры і ў адну з хвілін будзе пададзена каманда страляць. Гэта будзе пачаткам першага боя і з гэтым у жыцці кожнага пачнецца нешта зусім іншае. У кожнага побач была свая хата, маці або жонка, дзеці і сёстры, і кожны ў гэтыя хвіліны думаў пра іх.

Сядзелі на зямлі каля акопаў. Каленік быў супроць моста. З ім Гайшынскі і Віняцкі. 3 таго часу, як Віняцкі прышоў у атрад, яму ніхто ні адным словам не выказаў недавер‘я, але ўсведамленне таго, што можа хто з партызан не верыць яму, прыгнятала Віняцкага, і ён увесь час хадзіў маўклівым і стараўся быць разам з Каленікам. Цяпер ён паціху расказваў пра сваё дзяцінства. А яго расказ нагадаў Каленіку пра сваё. Слухаючы Віняцкага, Каленік лёг на зямлю і ўвесь час пазіраў у цемру за рэчку. Калі прайсці крыху за рэчкай улева, будзе млын Геллера, а наперадзе хутар Нічыпара Лёгкага. Увесь узгорак за рэчкай ад дарогі ўлева да зарасніку, усё зямля Нічыпара Лёгкага. Больш дванаццаці год з дзяцінства і да самай салдатчыны Каленік праслужыў у Лёгкага парабкам. Гэта было даўно. Вечарамі ён сустракаўся каля млына з дзяўчынай. Яму было тады дзевятнаццаць год. Над балотамі навісаў шызы туман. Пахла свежа скошаным сенам. Яны падыходзілі да рэчкі, а з рэчкі падымаліся, палахліва лопаючы крыллямі, дзікія качкі і ляцелі, выцягваючы на ўсю даўжыню свае шыі, абганяючы адна адну. Пасля ўсё танула ў цішыні, і можна было толькі пачуць, як булькоча вада ды шамацяць чараты. Яны сядзелі на мураве і гаварылі, пазіраючы ў неба, дзе кожны вечар для іх запальваліся далёкія першыя зоры. Слухаючы Віняцкага, Каленік пазіраў на той бок рэчкі і перад вачыма паўставала ўсё перажытае.

Па зямлі праходзіла ноч. Далёкае неба іскрылася зорамі, усё неба, куды ні глянь. Зоры над усёй зямлёй, над усім светам. I зорнае неба Каленік памятае толькі з таго часу, калі жыў у Нічыпара Лёгкага. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор па млечнаму шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Тады зноў пазірае ў поле за рэчку. Там цішыня. Там нерухома сядзіць на ўзгорку санлівая ноч. Але і ў цемры ночы Каленік угадвае знаёмыя месцы. На тым беразе блукае яго маладосць, яго дзяцінства. Яно там усё, да самай салдатчыны, пасля якой началося жыццё на гэтым беразе рэчкі.

Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. А калі дакаціўся глухім водгуллем гром, ноч, якая, дагэтуль непарушна юцілася на ўзгорку за рэчкай, спалохана ўзнялася і падалася ў бок балот, адкуль насустрач ёй узняўся заслонай туман. Цемра парадзела.

Збоку ў Каленіка ляжаў Гайшынскі. Ён скурчыўся і драмаў, нацягнуўшы на галаву каўнер піджака. Гэтак па ўсяму полю драмалі партызаны, то лежачы па аднаму, то па некалькі чалавек разам, а наперадзе бязгучна хадзілі ўздоўж рэчкі дазорныя.

Усё вышэй уздымалася хмара і з гэтым часцей успыхвалі маланкі і вурчэў гром. А над галовамі партызан святлела далёкае неба і зоры танулі ў дрыглівай, бледнай яго сіняве. Каленік не спаў, усё пазіраў на той бок рэчкі. Ён першы і заўважыў постаці коннікаў, якія з'явіліся далёка на ўзгорку на дарозе. Коннікі павольна ехалі, збіўшыся ў кучу. Каленік некалькі секунд моўчкі пазіраў насустрач ім, потым крануў за локаць Віняцкага і паказаў на ўзгорак.

— Глядзі!

Постаці коннікаў выступалі ўсё выразней. Уз'ехаўшы на самы ўзгорак, яны скучыліся яшчэ больш. Каленік разбудзіў Гайшынскага і партызана, які ляжаў улева ад яго.