Выбрать главу

Легіянеры краліся да мосту. Беглі, клаліся на зямлю, падымаліся і зноў беглі. Так яны дайшлі да самай рэчкі і з крыкам уварваліся ў вузкі пралёт мосту. Партызаны сустрэлі іх густымі залпамі стрэлаў і кулямётным агнём.

Каленік бачыў, як пярэднія з легіянераў ўпалі. I ў гэты момант ён узняўся з акопа, узмахнуўшы рэвальверам. Гэта было камандай. Усе рынуліся за ім. Легіянеры цяпер не маглі страляць, ім перашкаджалі свае, якія былі на мосце. Усё запалоніла гучнае дружнае ўра. Яно падхлёствала і гнала легіянераў, скінула іх з моста і ўзняло з зямлі.

Легіянеры адышлі ў суседнія вёскі за ўзгорак, пакінуўшы ў полі толькі частку сваіх. Дзень прайшоў спакойна. Ноччу паўтарылася атака з боку легіянераў, але ўсяго адзін раз. І так яшчэ суткі прайшлі. А на трэція суткі ранкам партызаны ўбачылі, як пайшлі з узгорку некалькімі радамі легіянеры. Яны ішлі зусім адкрыта, сабраўшы ўсе свае сілы. Чырвонаармейцы і партызаны падрыхтаваліся сустрэць іх. Адразу была перададзена каманда батарэі і на ўзгорку пачалі класціся адзін за другім знарады. А легіянеры ішлі. Як толькі рассейвалася воблака пяску і дыму пасля выбуху, Каленік бачыў іхныя рады. Потым на дарозе паказалася бронемашына. Яна кацілася з узгорку разам з радамі легіянераў, і Каленік чуў, як вурчыць матор. На калдобінах машына павольна пагойдвалася і наверсе на ёй пакручвалася вежа з кулямётамі, як-бы выглядаючы дарогу.

Бранявік павольна каціўся насустрач стрэлам і выпускаў з перапынкамі чараду за чарадой са сваіх кулямётаў. Хаваючыся за бранявік, беглі легіянеры. І калі ўжо зусім блізка былі яны ад рэчкі, ухнуў выбух, потым другі і над рэчкай узняліся кавалкі дошчак і бярвенняў з мосту. Сярэдзіна мосту апала ў ваду. Бранявік спыніўся і нейкі час страляў па акопах, стоячы на дарозе, каля самай рэчкі, але праз поўгадзіны змоўк, павярнуўся і ад‘ехаў, а легіянеры адышлі за ім на раней занятыя месцы і там пачалі акопвацца.

"Цяпер надоўга, да зімы так будзем сядзець",— падумаў Каленік.

На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Белапалякі, накіраваўшы свае галоўныя сілы бокам на поўнач і на поўдзень ад гэтага ўчастку фронта, доўгі час не падмацоўвалі яго, спадзяючыся, што калі ўдасца прасунуцца далей з флангаў, партызаны, апынуўшыся ў мяшку, адыйдуць самі.

Так перажылі апошнія дні жніўня і ўвесь верасень. Потым пачаліся восеньскія дажджы, частыя і дакучлівыя. Неба ад ранку і да ночы было ўкрыта густымі хмарамі. Яны сунуліся нізка над зямлёй і імжылі бесперастанку цэлымі суткамі. Рэчка ўздулася, напоўнілася вадой да самых берагоў і ад яе пачало павяваць холадам. Зрэдку паказвалася, прарваўшы заслону хмар, пахаладзелае сонца. Яно кружылася ў хмарах нізка над небасхілам, не маючы сілы разарваць цяжкую вільготную заслону іх і рассеяць, і, здавалася, само сонца набракае ў хмарах вільгаццю і гасне.

У канцы верасня аднойчы ўночы нашы пачулі за рэчкай далёкія стрэлы. А ранкам у штаб палка з‘явілася двое сялян з карабінамі. Яны прышлі прасіць у партызан дапамогі.

Увесь той дзень імжыў дождж і перастаў, як зусім змерклася. Разрэдзіліся хмары і дзе-нідзе бліснулі зоры. Ветру не было. І ў ночнай цішы можна было чуць, як плешчацца аб карэнні прыбярэжных дрэў вада ў рэчцы. Каб сагрэцца і абсушыцца, чырвонаармейцы і партызаны скучыліся за кустамі каля агню, раскладзенага ў яме. Яны моўчкі стаялі шчыльным кругам вакол агня, калі прыбег устрывожаны дазорны.

— Па рэчцы човен плыве, і ў чоўне людзі,— сказаў ён.

Усе кінуліся за дазорным да рэчкі. За плынню ракі, па самай яе сярэдзіне, плыў човен, а ў чоўне сядзела двое. Спачатку ўсіх здзівіла, што човен плыве дужа павольна і не чуваць было, каб хто працаваў вёсламі. Выказалі меркаванне, што можа тыя, хто ў чоўне, тояцца і таму плывуць без вёслаў. Гэтая здагадка здалася праўдападобнай. Тады парашылі спыніць човен.

— Эй, хто там?

Дазорнаму ніхто не адказаў. Човен плыў далей па самай сярэдзіне рэчкі.

— Стой! Страляць буду!

Але і на гэты раз ніхто не азваўся. Чырвонаармейцы ішлі па беразе рэчкі, углядаючыся ў цемру.

— Што за чорт!

— Стой! — крыкнуў яшчэ раз дазорны і выстраліў. Але і пасля гэтага човен не спыніўся і ніхто не азваўся.

Што за ліха?

Чырвонаармейцы гоняй двое ішлі берагам рэчкі, а пасярэдзіне рэчкі плыў загадкавы човен. Тады адзін з чырвонаармейцаў сказаў:

— Я паплыву, зірну, што там такое.

— Добра, плыві, толькі сцеражыся, халодна-ж вельмі,—сказаў Каленік.