Выбрать главу

На другі дзень раніцою Віняцкі пайшоў з вёскі, апрануўшыся ў сялянскую адзежу. Каленік правёў яго далёка ў лес і там яны развіталіся. Калі постаць Віняцкага знікла ў лясным гушчары, за цёмнымі стваламі старых дрэў, за густа абсыпанымі снегам кустамі, калі заглухлі яго шагі, а з лесу толькі і можна было пачуць шолахі дрэў, Каленік вярнуўся назад.

На дварэ Каленіку сказалі, што яго чакае незнаёмы. У хаце сядзеў мужчына гадоў трыццаці васьмі, сярэдняга росту, з даволі вялікімі светлымі вусамі. На ім была сялянская адзежа: кажух, даволі падношаны ўжо, былая салдацкая шапка, напалову аблезлая і на нагах боты. Але пад гэтай адзежай Каленік пазнаў бывалага чалавека.

— Хто ты?

— Я адтуль,— незнаёмы махнуў рукою ў бок глухой сцяны хаты на ўсход.

— Адтуль...— Каленік дапытліва ўглядаўся ў твар яму.— А можа адтуль? — Паказаў рукой у адваротны бок.— Чым ты можаш давесці, што адтуль?

— Шацілу Максіма ведаў? — замест адказу запытаў незнаёмы і з усмешкай зірнуў на Каленіка.

— Максіма?

Каленік адразу прыпомніў свайго камісара палка, з якім быў на калчакоўскім і на дзянікінскім фронце. Ладны ў росце, прыгожы мужчына, артылерыст царскай арміі, ён стаў большэвіком, і ў адным з баёў, калі быў забіты камандзір палка, стары афіцэр, узяў на сябе камандаванне палком і вывеў яго з засады, у якую полк было трапіў. Вядома, ён ведаў Максіма Шацілу, ён не адзін раз ляжаў у часе баёў побач з ім на снезе і на мокрай ад дажджоў зямлі.

— Ну, ведаю, а што?

— Я ад яго.

Каленік зірнуў на незнаёмага.

— Чаго глядзіш? А Міцьку Арлоўскага ведаў? Арсенал...

Каленік бліжэй падаўся да госця. Ён і да гэтага бачыў як-бы нешта знаёмае ў твары гэтага чалавека. А цяпер прыпомніў Арлоўскага Міцьку, палкавога ардынарца, які хадзіў больш за ўсіх узброеным, насіў за поясам цяжкі маўзер і гранаты. Вечарамі, дзе даводзілася перадыхнуць у хаце, ён скакаў рускага і барыню, з на яго пакрыкваў камандзір палка, казаў:

— Глядзі, арсенал, узарвешся.

Каленік абняў адной сваёй рукой госця, пацалаваўся з ім, а той адразу-ж, як павіталіся, расхінуў полы кажуха і ўсе здзіўлена зірнулі на ягоны пояс. За поясам быў рэвальвер і чатыры гранаты.

— Я па-старому,— сказаў ён усміхаючыся.— Прывык.

Затым ён перадаў Каленіку ліст ад Шацілы. Шаціла быў камандзірам стралковага палка. Ён пісаў, што дзевятнаццатага сакавіка полк выступіць супроць белапалякаў і прасіў партызан быць гатовымі, каб ударыць у тыл ім. Полк сам вызначаў аперацыю, прасіць аб якой партызаны паслалі Віняцкага.

— А мы сёння правялі свайго чалавека, ён пайшоў да вас. Паслалі прасіць аб гэтым-жа, толькі меркавалі на семнаццатае.

— Што-ж, прыдзе назад.

— Ах, гэта здорава,— сказаў Каленік,— дзякую, брат, за навіны, а то сядзім мы тут без настаяшчага дзела. Час ад часу толькі натрывожым іх з тылу і зноў сюды, ды і не ўсе ходзім па чарзе. Ну дзякую. А цяпер мы пакормім цябе, нябось выгаладаўся...— І яшчэ дадаў.— Будзе ім цяпер поўная крышка.

Штаб галоўных сіл польскіх войск, якія занялі пасля партызан крапілаўскую воласць, размясціўся ў самай Крапілаўцы. Сюды і быў дастаўлены селянін, якога польскі патруль захапіў на адным хутары, вёрст за дзесяць ад Крапілаўкі. Гэта быў высокі, цёмны з твару чалавек, гадоў трыццаці шасці. Яго прывялі ў штаб і цераз нейкі час даставілі на допыт да афіцэра Нацэвіча. Чалавек быў у парванай лапленай сялянскай свіце. На нагах у яго былі лыкавыя лапці і на галаве далёка не новая шапка-кучомка. Афіцэру паведамілі, што ў гэтага селяніна ў кішэні знайшлі некалькі печаных бульбін і абойму з патронамі. Афіцэр усміхнуўся на гэтае паведамленне. Ён загадаў легіянерам выйсці з габінета, а сам пачаў дапытваць селяніна ў прысутнасці штабнага пісара.

— Чаму ў цябе ў кішэні аказаліся патроны?

— Я падняў іх па дарозе, валяліся ў снезе, я не ведаў, што патронаў нельга насіць у кішэні.

— Угу! — Афіцэр усміхнуўся.— А чаму гэта ты гаворыш не зусім, як тутэйшы?

— Я тут жыву не з так даўных часоў. Я сам паляк, тут застаўся з бежанства.

— Паляк? А чаму партызан?

— Я не партызан, я нічога не ведаю аб партызанах.

— Угу,— зноў прагудзеў афіцэр.— Ты нічога пра партызан не ведаеш? — I ўсё ўсміхаўся.— А ці ты думаеш, я цябе не ведаю, а? Я цябе ўраз пазнаў, пан Віняцкі, і табе няма чаго хавацца. Я рад, што мы з табой сустрэліся. Ты, пэўне, добра разумееш, які канец цябе чакае. Я хацеў-бы спытаць толькі, з якога гэта часу паляк ідзе супроць сваёй бацькаўшчыны і ваюе за Расію, за большэвіцкую Расію? Я гавару так з табой, бо ведаю, ты куды больш разумееш, чым тутэйшыя мужыкі.