— А я хацеў-бы ў сваю чаргу спытаць, з якога гэта часу рускі афіцэр пачаў ваяваць супроць Расіі, за Польшчу? — адказаў селянін.
Афіцэр узлаваў.
— Я з табой не збіраюся жартаваць. Гутарка наша будзе дужа кароткай. Калі ты згодзішся сказаць нам, дзе цяпер партызаны і колькі іх, мы пакінем табе жыццё. Калі не — у расход... Ну?!
Замест адказу селянін спытаў:
— Хай пан скажа, якое сёння чысло?
Афіцэр здзівіўся, але адказаў:
— Сёння семнаццатае, табе што да таго?
— Нічога, я хачу ведаць, якога я чысла загіну,— адказаў селянін.
Гэта ўжо зусім вывела афіцэра з цярпення.
— Што? Ты ўсё жартуеш? Не-е, міленькі, кінь, раней мы пажартуем. Ты памрэш яшчэ не так хутка, і ў дзень, калі будзеш паміраць, я пастараюся зрабіць так, каб ты ўжо не здолеў прыпомніць чысла. Але гэта будзе не сёння. Я цябе так лёгка не пушчу. Мы яшчэ пагаворым з табой, але да таго я пажартую, перад тым я пакажу цябе сваім жаўнерам, хай парагочуць, убачыўшы прадстаўніка магутнага большэвіцкага войска.
Праз некалькі мінут селяніна вывелі на плошчу перад валасным дваром. На плошчы стаялі ў два рады легіянеры. Іх было багата, пэўне, цэлы батальён. Селяніна паставілі перад імі.
— Ён паляк,— сказаў афіцэр, звяртаючыся да легіянераў.— Але ваюе за большэвікоў. Мы запытаем у яго, чаму ён здрадзіў сваёй радзіме? — афіцэр усміхаўся, прадчуваючы вясёлую забаўку.
— Я не здрадзіў сваёй радзіме,— адказаў селянін.— Калі я жыў у Польшчы, я ўсё жыццё рабіў на пана і не меў кавалка хлеба. Мне не патрэбна такая радзіма.
Легіянеры з цікаўнасцю слухалі, што гаворыць селянін. Ніхто з іх не зарагатаў, як таго чакаў афіцэр. І афіцэр толькі сказаў:
— Ага, цікава...
А пасля выняў з кішэні ў селяніна печаную бульбу, паказаў яе салдатам і сказаў да селяніна:
— Ці варта-ж ваяваць за такую радзіму, якая дае толькі печаную бульбу і лапці?
Афіцэр задаволена смяяўся. Яго праціўніку цяжка што-небудзь адказаць. Смяяліся і салдаты, паглядаючы на руку афіцэра, у якой ён трымаў дзве печаныя бульбіны, і на селянінаву адзежу. Селянін зусім спакойны. Ён у сваю чаргу з усмешкай пазірае на афіцэра.
— Ці варта паміраць за гэта? — пытае ў яго афіцэр.
— Я паміраю не за лапці і не за бульбу, а за рэволюцыю, за свабоду, за совецкую уладу, каб навек пазбавіцца ад лапцей і не жыць адной толькі бульбай.
Эфект і на гэты раз атрымаўся зусім не такі, якога чакаў афіцэр. Усмешка збегла з яго губ. I перасталі смяяцца легіянеры, не разумеючы, чаму іх сагналі слухаць гэтага дзіўнага селяніна. Шалеючы ад злосці, разумеючы, што зрабіў вялікую памылку, афіцэр выхапіў рэвальвер і штурхануў селяніна ў грудзі.
— Зараз я табе пакажу рэволюцыю і совецкую ўладу. Твой язык анямее раней, чым ты паспееш прасіць аб літасці.
А Віняцкі ўсміхаўся, пазіраючы на афіцэра.
— Пабачым, як ты засмяешся там, у сутарэнні.
— Іншага я ад цябе і не чакаю,— спакойна сказаў Віняцкі і пайшоў, абкружаны канвоем.
Яго прывялі ў цёмнае сутарэнне пад будынкам воласці і заперлі там. Гэта была халодная яма, выкладзеная каменнем. Праз вузкую дзірку ўгары, забітую жалезнымі кратамі, якая замяняла акно, сюды прабівалася з двара цмянае святло і ўрываўся халодны вецер і снег. Холадам з усіх бакоў несла і ад настыўшага камення.
І каб сагрэцца, Віняцкі ўвесь час хадзіў па сутарэнню з кута ў кут.
На змярканні ў сутарэнне прышоў Нацэвіч і тры жандармы. Адзін з жандармаў прынёс запалены ліхтар і паставіў яго на падлозе каля дзвярэй. Цмянае святло ліхтара разрэдзіла цемру ў сутарэнні, а цемра за акном стала ад гэтага яшчэ гусцейшай. На момант святло ліхтара асляпіла Віняцкага, і ён спыніўся на самай сярэдзіне сутарэння. Калі ён раскрыў вочы, убачыў перад сабой Нацэвіча.
— Раю гаварыць, пакуль не знямеў язык,— сказаў Нацэвіч.
Віняцкі маўчаў. Ён думаў пра сваіх таварышоў. Двевятнаццатага яны прыдуць і выратуюць яго, калі да гэтага часу яго не застрэліць гэты ганарлівы паручык. Віняцкі міжвольна зірнуў на Нацэвічавы рукі, на яго сціснутыя ў кулакі хударлявыя пальцы. Дзевятнаццатага. Гэта ўсяго дзве ночы і дзень, паўтара сутак. Зусім небагата часу. І жартуючы, Віняцкі запытаў:
— Калі-ж пан паручык выправіць мяне на той свет?
Нацэвіч нічога не адказаў. Ён моўчкі ударыў Віняцкага кулаком у твар. Удар быў не сільны і Віняцкі сказаў:
— Эй ты, панок, кінь драпацца, ты не ўмееш біць. Загадай ім хіба.