Віняцкі паказаў рукой на жандармаў, якія набліжаліся да яго. Яны падышлі ўсе трое і амаль разам ударылі ў твар і ў грудзі. Віняцкі закрыў твар рукамі, падаўся да сцяны і стаў абапёршыся на сцяну, каб не адразу ўпасці. Яго білі ў твар і ў грудзі, а ён стаяў на шырока расстаўленых нагах, усё мацней сціскаючы сківіцы, каб не застагнаць, і паваліўся на слізкае, абледзянелае каменне, калі страціў прытомнасць. Тады жандармы спыніліся, а Нацэвіч яшчэ некалькі разоў ударыў яго нагой і загадаў жандармам прынесці вады.
Жандармы не адразу зразумелі, чаго хоча афіцэр. Ён паўтарыў загад.
— Некалькі вёдзер вады,—сказаў ён.
Калі ваду прынеслі, Нацэвіч загадаў пасадзіць Віняцкага ў куце пры сцяне і сам старанна абліў яго вадой. На ноч браўся мароз. Адзежа Віняцкага, аблітая вадой, пачала змярзацца. Мінут цераз пятнаццаць Нацэвіч гэтак-жа старанна выліў на Віняцкага яшчэ два вядры вады і пакінуў яго толькі тады, калі адзежа Віняцкага і валасы на яго галаве абледзянелі.
Збіты да поўсмерці, абледзянелы, амаль увесь час без памяці, Віняцкі праляжаў у сутарэнні паўтара сутак, пакуль яго знайшлі і выратавалі таварышы.
Партызаны выйшлі насустрач дню. Далёкае зорнае неба было чыстым ад хмар. У небе высока стаяў, як у дазоры, месяц з абсечаным краем. Цёплыя прадвясеннія дні змяніла марозная ноч. Мароз апрануў дрэвы ў срабрыстыя вопраткі шэрані, і яны нерухома стаялі, урачыста велічныя ў сваім убранні. Шэрань лягла і паверх снегу на дарозе, асыпаўшыся з дрэў, і там, дзе дарогу не засланяў цень, яна ўся іскрылася.
Лес праз нейкі час змяніўся вялізнай палянай, а пасля балотнымі хмызнякамі. Па балоту ісці было цяжка: багна балотная амаль не замярзала і на зіму, ногі правальваліся ў ваду пад снегам. Часам той або іншы з партызан правальваўся ў балота па самыя грудзі. Да яго кідаліся таварышы і выцягвалі за рукі, а калі нельга было падступіцца, падавалі яму вінтоўку і так выратоўвалі з багны, а заднія тады асцярожна абыходзілі небяспечнае месца.
Так дзвесце шэсцьдзесят партызан выйшлі самым ранкам да ляска, на ускраіне балот, непадалёк ад Крапілаўкі. Над небасхілам на ўсходзе палыхала зарава дня. Над далёкім усходам праплывала дрыглівая палымнеючая сінява. Здавалася, вось-вось прарвецца яна і агнямі разальецца па ўсяму свету. А высока ў небе, куды не даходзіла зарава, усё яшчэ нерухома стаяў, як у дазоры, збляднелы месяц.
Партызаны спыніліся ў ляску, каб адпачыць. Яны закурвалі, узбуджана гаманілі і то адзін, то другі прабіраліся на ўскрай лесу, каб адтуль непрыкметна зірнуць на блізкія стрэхі крапілаўскіх хат. Партызаны збіраліся групамі. Ад аднае групы да другой хадзіў радасна ўзбуджаны Каленік. За два месяцы жыцця па хутарах ён аброс барадою, і партызаны-юнакі цяпер часцей звалі яго проста дзядзькам.
— Акурат на снеданне, хлопцы, дома будзем,— казаў ён спыняючыся перад крапілаўскімі.— А да полудня і пераспім крыху.
Ён думаў пра блізкае спатканне з дзецьмі. Нябось Валька вунь як падрасла ўжо, зусім гаспадыня ў хаце. I хлопцы падраслі. Яны абшчапераць бацьку за шыю і доўга не выпусцяць яго з хаты. Каленік ведаў, як дапытвалі дачку палякі. Ён увесь час думаў цяпер толькі пра яе і хацеў як мага хутчэй убачыць яе. Узнімалася пачуццё незразумелай трывогі і пачынала непакоіць яго. Ён пазваў Міцьку Арлоўскага і нібы для таго, каб паказаць яму, што зусім блізка яго сяло, павёў на ўскрай лесу. Адтуль яны ўбачылі стрэхі крапілаўскіх хат. Хаты табуном сышліся ў лагчыне і толькі воласць і папоў дом ды ў баку яшчэ дом Нацэвіча, высіліся на ўзгорку над усім сялом. Дзе-ні-дзе над стрэхамі высока ўздымаліся слупы шызага дыму і непрыкметна расплываліся ўгары. Каленік паказваў у бок сяла рукою і ўсё гаварыў, каб заглушыць у сабе раптам узнікшую трывогу. Ён паказваў на стрэхі хат, гаварыў, чыя дзе хата, прыгадваў розныя здарэнні з далёкага дзяцінства свайго і з дзяцінства крапілаўцаў, якія сталі партызанамі.
У гэты час за балотамі, над далёкім лесам, усплыло залатым сваім краем сонца і брызнула на зямлю святлом першых промняў.
— Цяпер будзем чакаць сігналу,— сказаў Каленік і раптам змоўк.
Яны доўга стаялі з Арлоўскім, углядаючыся ў цёмную сінявую наску лесу за крапілаўскім полем. Адтуль будзе ісці семдзесят другі стралковы полк. Ён непрыкметна выйдзе ў поле і, разгарнуўшыся фронтам, падасць партызанам сігнал ісці ў бой. Сігнал убачылі хутка, як вышаў з-за небасхіла поўны круг сонца. Адна за другой узляцелі ў неба дзве ракеты і, накрэсліўшы на блакіце неба дугу, рассыпаліся нябачнымі іскрамі. А за гэтым адзін за другім пачуліся чатыры стрэлы. Тады Каленік з Арлоўскім кінуліся да сваіх. Атрад яшчэ да таго разбілі на тры групы. Самую большую павёў Арлоўскі з боку рэчкі, каб ударыць палякам у тыл. Другая, меншая група, пайшла проста на сяло з боку балот, а сам Каленік з кулямётчыкам і пяцёра партызан накіраваліся паўз бераг рэчкі да маста, які палякі часова аднавілі, і заселі там за кустамі.