Выбрать главу

— Не бядуй, Валюшка, у горадзе я ўраз залатаю галаву і прыеду, буду біць іх яшчэ і на тым баку.

Ён кіўнуў галавой у бок рэчкі, усміхнуўся і апусціў галаву на падушку.

Свяціла сонца, усё была запалонена яго святлом. Сяляне пастаялі на месцы і пачалі разыходзіцца, а каленікава дачка яшчэ доўга стаяла на месцы, блукаючы поглядам у іскрыстай белай далечыні, па якой паімчаліся коні. Побач з ёй стаяў Максім Шаціла. Ён углядзеўся ў яе твар, у спакойныя і суровыя яе дзяціныя вочы і сказаў да яе:

— Бацька твой сапраўдны чалавек...

А пасля дадаў, калі яна зірнула ў твар яму шырока раскрытымі вачыма.

— Я гэта ведаю, мы разам з ім ляжалі ў акопах...

Шырока раскрытыя вочы дзеўчынкі заіскрыліся. Ледзь прыкметная ўсмешка кранула яе вусны. Шаціла Максім нічога больш не сказаў, а ўзняў галаву і пайшоў моўчкі, пазіраючы ў далячынь, якая раптам затуманілася і задрыжэла.

Мар’іна Горка

1936—1937