— Адкуль, земляк?
— Як сказаць? І тутэйшы я і не тутэйшы,— адказаў той.— Бач, я таксама нядаўна з войска, але на радзіму не паехаў, бо там немцы, а тут я раней быў ужо з сапёрным батальёнам, вось і заехаў і ажаніўся. А сам ты?
— Я то адсюль, звеку тутэйшы.
Пазней, калі незнаёмы назваў, да каго ён прыстаў у прымы, Каленік сказаў, як-бы ухваляючы яго жаніцьбу:
— Ну і добра. Будзем разам Нацэвічаву зямлю браць. Я салдат і ты салдат, нам у самы раз такое дзела. Самі мужыкі не адважацца, усё яшчэ мусіць законаў баяцца, вось мы ім тут і растлумачым, што царскім законам навек крышка.
Незнаёмы правёў Каленіка да самай хаты. У хаце яго не адразу пазналі. Старая маці, якая была пасадзіла дзяцей есці, узнялася з-за стала, абтрэсла фартух і, толькі прыглядзеўшыся, падалася да сына.
— Рыгорка!.. Дзеткі... гэта-ж бацька прышоў.
Дзеці павылазілі з-за стала, толькі самы меншы хлапчук стаяў за сталом на лаўцы, нясмела і здзіўлена паглядаючы на бацьку. Каленік абдымаў дзяцей, туліў іх тварамі да сваіх калючых шчок, гладзіў, задаволена ўсміхаючыся, і як сеў за стол, самага меншага ўзяў на ўлонне. Калі хлапчук папрасіў піць, даў яму сваю баклажку.
— На, маёй вады выпі, з вайны.
Хлапчук прыклаўся губамі да баклажкі, а старэйшы недаверліва зірнуў на бацьку.
— Маніш, што з вайны вада.
Маці частавала Каленіка, а ў хату да яго ўжо сыходзіліся крапілаўцы. Прышоў Малакавец Гаўрыла і Прорвіч Арцём, даўнія каленікавы дружбакі. Потым яшчэ прыйшлі Канцавы Андрэй, Жытко Міхаль, а з імі і новы каленікаў знаёмы паляк Віняцкі Віктар, а пасля ўжо Рагавец Зіновій і каваль Райтман, да яшчэ Сімкавец Антон, адзін з самых неспакойных у Крапілаўцы. Крапілаўцы прыходзілі пабачыцца з Каленікам і можа што пачуць. Заходзячы ў хату, яны віталіся голасна з усімі, пасля падыходзілі да стала, за якім сядзеў Каленік, абрадавана паціскалі яго руку, перакідваліся парай слоў з ім і, прапануючы закурыць, сядалі на даўгіх шырокіх лаўках каля сцен. Яны густа дымілі махоркай, дым клубкамі віўся пад нізкай столлю, і гаварылі абы пра што, пакуль Каленік вячэраў. Пасля адзін з іх запрапанаваў пайсці з хаты:
— Хутка тут хоць тапор вешай,— сказаў ён.— Хадзем, няхай Рыгор скажа, як нам далей жыцца будзе.
На двор прышлі яшчэ мужчыны і жанчыны з дзецьмі. Прышла і старая ўдава салдатка Кавалевіч Ганна, маўклівая і строгая жанчына з застыглым, нерухомым позіркам у вачах. На руска-японскай вайне загінуў яе муж, а ў апошняй вайне загінулі абодва яе сыны. Ёй няма яшчэ і пяцідзесяці год, але густыя, цёмныя валасы яе пасівелі за апошнюю зіму, калі прышло паведамленне пра смерць сыноў. Калі яна прышла, мужчыны расступіліся, далі ёй дарогу, каб прывіталася з Каленікам. У яе вачах загарэўся рэдка прыкметны бляск.
— Ты малайчына, Рыгор,— сказала яна да Каленіка.— Я хоць і не бачыла яшчэ цябе, але чула, што ты на добры шлях стаў, хочаш рабіць, каб і мужык чалавекам быў. Рабі.— і паказала на мужчын рукой.— Яны не ўсе можа дапамогуць табе, ёсць баязлівыя, але некалі ўсе падзякуюць табе.
— Дзякую за добрае слова, цётка Ганна. На маю дарогу стаць нікому з іх не забаронена,— сказаў Каленік.— А што баязлівыя яны, гэта можа яшчэ і няпраўда. Чалавек баіцца, калі адзін, а мы ўсё гуртам рабіць будзем.
— Іменна правільна,— азвалася ўраз некалькі галасоў. А ў чым правільна, тлумачыў адзін з сялян:
— Па аднаму мы пра панскую зямлю з якой пары гаворым, а крануць баімся. А тут касіць пара.
І той-жа голас пытаў:
— Няўжо-ж як і за старым рэжымам — з капы касіць будзем?
— А як ты думаў? Цара-то няма, але-ж і новых законаў няма: усё панскае панскім засталося,— адказаў яму з натоўпу нехта.
Каленік слухаў і задаволена ўсміхаўся. Яму нават і не спатрэбілася ўсчынаць гаворку пра панскую зямлю.
— Во, чуеш, цётка Ганна, пра што гавораць? А ты казала— баязлівыя.
— Гаварыць яны ўсе смелыя,— падражніваючы, адказала жанчына.— Паглядзім, як касіць пойдуць.
— А так і пойдзем, як гаворым.
— Косы ў рукі і гайда на панскае. Ваявалі не за тое, каб гібець.
— А пасля і араць.
— А можа так будзе, як тады каля воласці? — іранізавала жанчына.
— Хіба збіраліся? — спытаў Каленік.
— Прыязджаў салдат адзін, гаварыў каб зямлю бралі. Людзі былі з усяе воласці, тысячы чалавек. Пакуль гаварыў, слухалі а як рукі падымаць,— хто куды.
— Гэта таму, што старонні ён чалавек,— вытлумачыў нехта.— Прыехаў і паедзе, а разбірацца не будзе каму.
— Нічога, збярэмся яшчэ раз з усяе воласці,— сказаў Каленік.— Ну, а мы, паколькі ў цэнтры жывем, давайце першымі і прыклад паказваць. Я гэта не жартуючы кажу, маю я на гэта і дакумент належны ад свайго палкавога камітэта.— Каленік палез у кішэнь і дастаў з партманэ паперы.— Тут маё ўсё. Полк наш у Петраградзе стаіць. Пакуль што і там яшчэ ў буржуяў улада пасля цара, але народ яе возьме. Паглядзелі б вы, як народ на вуліцы выйшаў! Увесь народ! І салдаты з вінтоўкамі і кулямётамі... Хутка канец ім. Там іх зверху душыць будуць, а мы тут пад самы корань падсякаць. У Петраградзе наш большэвіцкі дэпутат словамі таварыша Леніна гаварыў. Трэба скінуць панскія загарадкі з зямлі, разгарадзіць яе. Трэба, каб не Нацэвічава зямля была, а твая і твая, і твая...— Каленік паказваў на мужчын, якія стаялі вакол яго.