Выбрать главу

Высокі, плячысты, ён шырока ступае па самай сярэдзіне дарогі паміж старых бярэзін, нагладжваючы пышныя русыя вусы, хаваючы ў вусах сваю хітраватую ўсмешку і паглядае на крапілаўцаў, якія ідуць натоўпам, шырока, на ўсю дарогу, узбуджаныя і гаваркія.

Гэта былі дні напружанага чакання: што-ж будзе? Крапілаўцы скасілі панскія сенажаці, размеркавалі пахаць і пасеялі азімае жыта. Гэтак-жа пазней пачалі секці лес. Крапілаўцы гаспадарылі на памешчыцкай зямлі, а ён маўчаў і толькі ўлічваў, як ён казаў, панесеныя страты і чагось чакаў. Зрэдку да бацькі ў маёнтак наязджаў сын-афіцэр, але і ён не спрабаваў бараніць бацькоўскага дабра і нават не паказваўся крапілаўцам на вочы. Не запярэчыў памешчык і тады, калі камітэт прышоў у двор і апісаў коняй, кароў і хлеб, забараніўшы прадаваць што-б там ні было без яго згоды. Ён толькі іранічна скрывіў губы і адмовіўся распісацца на апісным акце.

Мінула тры з паловай месяцы. Доўгімі восеньскімі вечарамі крапілаўцы сходзіліся ў хатах, расказвалі, дзе што каму давялося пачуць і меркавалі, што будзе. Ім усё яшчэ не верылася, што панская зямля ўжо іхная, хоць даўно кожны засеяў азімае жыта і бачыў на сваім надзеле зялёную рунь. І ўсё часцей і часцей сыходзіліся крапілаўцы ў каленікавай хаце і настойліва выпытвалі яго, ці ведае што канчатковае камітэт. Кожнаму хацелася вестак пэўных і такіх, якія замацоўвалі-б яго права на зямлю.

Сялянскі камітэт у Крапілаўцы быў як-бы другім валасным праўленнем. У воласці па-старому сядзелі старшыня Беразоўскі і валасны пісар з памочнікамі, чалавек вёрткі і хітры. У нядзельныя дні і валасны старшыня, барадаты рыжы мужчына, і пісар чыста паголены, з валасамі, зачасанымі вожыкам, таўкліся па цёмнай зборнай, набітай народам, а за сталом, вакол якога збіраліся сяляне, звычайна ў такія дні стаяў Каленік. Побач з ім можна было часцей за ўсё бачыць Гайшынскага, зусім яшчэ маладога хлапчука, і Сімкаўца Антона, ды яшчэ паляка Віняцкага. Віняцкі, як і іншыя, зямлю атрымаў з панскай і засеяў жыта. Аднак жыў ён у чужой хаце, не меў свайго каня і ўсё яшчэ адчуваў сябе сярод крапілаўцаў як-бы чужым. Ён сумаваў, яму не хапала работы ў сваёй гаспадарцы і, з‘явіўшыся аднойчы ўвечары да Каленіка, ён абвясціў, што ідзе ў польскія легіёны.

— Бачыш, рабіць мне няма чаго,— тлумачыў ён,— жыць таксама няма асабліва з чаго, і я запісаўся. I да ўсяго я тут нібы чужы, мяне цягне дадому, на радзіму. А ты падумай,— угаварваў ён,— мы прагонім немцаў і ў Польшчы ўстановім гэткі-ж парадак, як і ў вас тут. Будзе свой сялянскі камітэт, адбярэм зямлю панскую, а тады толькі прыязджай у госці.

Каленік ківаў недаверліва галавою:

— Ці варта табе туды запісвацца, навошта?

— Чаму? У Польшчы павінна быць тое-ж, што і ў Расіі. Мы гэта зробім.

А Каленік зноў недаверліва пакручваў галавою.

— Я нічога не ведаю аб польскіх легіёнах,— казаў ён,— але-ж іх збіраюць генералы, я баюся, што не за такія парадкі яны ваяваць будуць, якіх мы хочам. Пачакаў-бы ты, пакуль у нас усё ўстановіцца, а тады і ўбачыў-бы, ці варта табе ісці ў легіёны.

— Я гаварыў з нашым чалавекам,— пярэчыў не менш настойліва Віняцкі.— Мы будзем ваяваць не за старыя парадкі. У нас яшчэ бядней мужыкі жывуць, а ў пана зямлі можа тысяч пятнаццаць моргаў.

Віняцкі доўга і падрабязна апавядаў Каленіку пра сваю далёкую радзіму і пра багацці свайго памешчыка, а назаўтра нібы баючыся, што яго затрымае хто, пашоў у горад і дадому не вярнуўся ні ў той дзень і ні ў бліжэйшыя месяцы.

Былі першыя замаразкі. Ноччу іней лёг на стрэхі і на платы, зямля стала цвёрдай і звонкай. Каленік, як звычайна, прышоў пасля снедання ў валасное праўленне, каб дастаць газету. Як толькі ён адчыніў дзверы ў пакой, у якім сядзелі памочнікі валаснога пісара, яны абодва ўсхапіліся з-за стала насустрач Каленіку.

— Аляксей Антонавіч узяў газеты сабе і не даў чытаць,— сказаў адзін з іх.

— Ого! Цікава, што-ж там такое? — здзівіўся Каленік.

— Можа, каб пашлі да яго вы, тады не адмовіў-бы,— параіў памочнік.

Пісар снедаў, калі зайшоў да яго Каленік. Ён выцер салфеткай губы і натапыраныя кароткія вусы і ўтаропіўся вачыма ў госця.

— Вы прабачце, Аляксей Антонавіч, я прышоў папрасіць газетку, кажуць, нешта вельмі важнае ёсць.

— Наконт важнасці, як сказаць. У нас тое, слава богу, даўно вашай міласцю робіцца.

Каленік стаяў перад сталом, за якім сядзеў пісар, а той не кранаўся з месца.