Выбрать главу

Тумаш Вiтаўт

Яўхім Карскі

Уводзіны

1 студзеня сёлета мінулі 100-я ўгодкі ад нараджэньня заснавальніка беларускае моваведы Яўхіма Карскага. Сёлета-ж, 29 красавіка, мінула й 30 гадоў ад ягонай сьмерці. 30 гадоў — часу ня мала, каб пробваць з гістарычнае ўжо пэрспэктывы зірнуць на вельмі плодную навуковую дзейнасьць Карскага, на ягоную багатую навуковую спадчыну дый усьведаміць сабе яе актуальнае навуковае значэньне.

Заданьне гэтае, аднак-жа, ня простае й ня лёгкае дзеля колькі прычынаў. Калі ходзіць аб жыцьцяпіс Яўхіма Карскага — дадзеныя да яго ўсё яшчэ вельмі скупыя. За галоўную крыніцу вестак і па сяньня застаецца нэкралёг, кароткі нарыс жыцьця й навуковае дзейнасьці Карскага, напісаны на аснове аўтабіяграфічных зацемак акадэмікам Б. М. Ляпуновым. Нэкралёг гэты памешчаны ў «Известия АН СССР, Отделение Общественных Наук», № 3, 1932 г.

Блізу нічога новага да біяграфіі Карскага ня прыносяць артыкулы аб ім, памешчаныя ў перавыдадзеным у 1955-56 гадох АН БССР 2-м томе Карскага «Беларусаў», а напісаныя В.І. Баркоўскім. Няшмат новага й у кароценькіх успамінах таго-ж Баркоўскага, дый ягонай жонкі, а Карскага дачкі, Н. Баркоўскай, што былі друкаваныя ў № 1 менскага часапісу «Полымя» 1961 году.

Калі-ж ходзе аб агляд навуковае спадчыны Яўхіма Карскага — тут паяўляюцца іншыя цяжкасьці. Найперш Карскі быў вучоным і надзвычайна працавітым, і пладавітым. Бібліяграфія ягоных працаў, артыкулаў, зацемак, рэцэнзыяў абыймае больш 800 пазыцыяў. А між імі ёсьць і больш дзесятка кнігаў, каля поўтысячы, ці нават і больш, бачынаў друку. Дык самыя вялікія памеры навуковае спадчыны Карскага заданьне яе агляду робяць ня лёгкім.

З другога боку, Яўхім Карскі па сваёй натуры й зацікаўленьнях быў вучоным, што не зачыняўся ў сваей спэцыяльнасьці, моваведзе, а выходзіў і за межы мовы ў сумежныя галіны фальклёру, этнаграфіі, літаратуры, палеаграфіі, а нават — і палітыкі. Пры тым, хоць праз усё жыцьцё галоўнае навуковае зацікаўленьне Карскага было накіраванае на беларусаведныя пытаньні, даў ён, усё-ж, і колькі важных дый арыгінальных працаў і ў галіне расейскае моваведы, літаратуры дый палеаграфіі, дый крануў і падобныя пытаньні польскія, украінскія дый паўдзённаславянскія.

Гэткая шматкірунковасьць зацікаўленьняў дзейнасьці Карскага накідала-б патрэбу падыходзіць да агляду ягонае навуковае працы з розных гледзішчаў: і як моваведа, і як этнографафальклёрысты, і як палеаграфа дый гісторыка літаратуры. Гэтак і пробвалі падыйсьці да агляду дзейнасьці Карскага беларускія аўтары ў Менску ў 1951 г., калі адзначалася 20-годзьдзе ад сьмерці Карскага. Тады паказаліся ў друку адпаведныя артыкулы М. Жыдовіча, Ю. Мацкевіча, В. Вольскага, М. Грынблята, В. Баркоўскага. Гэтыя артыкулы, публікаваныя ў Менску яшчэ ў пару строгае Сталінскае ізаляцыі нацыянальных культураў і навукі народаў Савецкае імпэрыі ня то што ад сувязяў, але й ад самога вока Захаду, засталіся ня ведамымі на Захадзе й па сяньня. Дзеля гэтага немагчыма нешта сказаць пра іх зьмест ды навуковую вартасьць.

Трэцяя перашкода ў дасьледаваньні навуковае спадчыны Карскага, гэта тое, што некаторыя вельмі важныя працы Карскага знайсьці на Захадзе або вельмі цяжка, або й наагул немагчыма, бо іх зусім нямашака.

Вось у выніку гэтых прычынаў, а таксама дзеля самое велічыні навуковае спадчыны Карскага дый яе размаітасьці, у рамах аднаго рэфэрату даводзіцца рабіць агляд яе толькі вельмі агульны, што заўсёды ёсьць адзіным выхадам, у выпадках, калі ў кароткім нарысе даводзіцца ахапіць гэткае шырокае й багатае поле навуковае дзейнасьці, як маем у выпадку Яўхіма Карскага, працаваць навукова якому жыцьцё выдзеліла ледзь не паўстагодзьдзя часу, бо цэлых 48 гадоў.

Жыцьцяпіс

Радзіўся Яўхім Карскі ў сям'і настаўніка пачатковае школы вёскі Лаша, Горадзенскага павету. Год ягонага нараджэньня ў біяграфічных даведках даецца як 1860 або 1861. Два розныя гады паўстаюць у залежнасьці ад каляндарнага стылю, паводле якога азначаецца дзень нараджэнытя Карскага. Па старым юльянскім каляндары радзіўся ён у 1860 годзе, 20 сьнежня. Па новым-жа дата нараджэньня прыпадае на 1 студзеня 1861 году.

Па нацыянальнасьці бацькі былі беларусамі, што відаць з пазьнейшай зацемкі самога Карскага пра тое, што ён «прыродны беларус». Гадаваўся Яўхім Карскі ў вельмі вялікай сям'і, у якой самых дзяцей было васьмёра. Пачатковую навуку атрымаў у Ятранскай народнай школе ў Наваградзкім павеце. Сярэднюю асьвету здабываў у Менскай духоўнай сэмінарыі, дзе вучыўся 10 гадоў, аж да яе сканчэньня ў 1881 годзе.

У тым-жа 1881 годзе Яўхім Карскі паступае на Нежынскі гістарычна-філялягічны Інстытут у Чарнігаўшчыне. Студыюе тамка філялёгію пад кіраўніцтвам славісты-моваведа прафэсара Р. Ф. Брандта. Канчае Інстытут вясною 1885 году й на 8 гадоў пераяжджае ў Вільно на пасаду настаўніка царкоўнаславянскае й расейскае мовы ў тамашняй гімназіі.