— І не пабаіцёся смерці?
— Не, не пабаюся. Я буду жыць і там, на тым свеце, у раі. Так угодна будзе богу. А таму і не баюся...
— Смелы вы чалавек, але неразумны! — не стрымаўся качагар Карчоў.
— Не ў вас мне розуму пазычаць, мілы чалавек, а ў нашага адзінага бацькі — Бога.
Адамсан ні на кога не крыўдаваў за калючыя і нават балючыя пытанні. Ён з усімі быў добры і памяркоўны. Усім дараваў, хто яго свядома ці несвядома крыўдзіў. Яго ніколі нельга было ўбачыць узбуджаным, сярдзітым ці нястрыманым. Гаварыў ён спакойна і разважліва. Быў добры і гатовы падзяліцца апошнім кавалкам хлеба. Без працы не мог быць ні адной мінуты. Вядома, у турме, асабліва следчай, няма ніякага занятку. Але ён знаходзіў яго і тут: то з хлеба ляпіў фігуркі, то з паперы што-небудзь вырабляў, то дзяліў кожную запалку на колькі частак, то аглядаў сваю вопратку, нешта ў ёй калупаўся. Па колькі разоў на адным дні ён станавіўся тварам да сцяны ці да кутка і доўга маліўся.
— Таварыш Адамсан,— аднойчы звярнуўся да яго Міхась,— калі, не дай бог, пачнецца вайна, вы возьмеце ў рукі зброю, будзеце ваяваць?
— Калі скажа бог, буду ваяваць.
— А як жа вы даведаецеся аб божай волі?
— Я адчую гэта сэрцам.
— А калі не адчуеце?
— Тады не буду.
— Значыць, абараняць Радзіму вы не збіраецеся?
— Я і сам яшчэ не ведаю, якая будзе воля ўсявышняга.
Патомак Батыя
Ды нечакана ўпіхнулі ў камеру адразу двух чалавек: бухгалтара з завода імя Леніна Антона Паўлавіча Смоліча і грузчыка з Гасцінага двара Мустафу Абульханавіча Абульханава. Смоліч нічым не вызначаўся, калі не лічыць таго, што насіў кароткія, акуратна падстрыжаныя чорныя вусікі. Сам жа быў выхадзец з Украіны. Уся яго віна заключалася ў тым, што ён звязаў свой лёс з каталічкай, праз якую «меў сувязь з Пілсудскім і яго хеўрай», як сцвярджаў следчы. Нейкі час ён знаходзіўся ва ўнутранай турме — «Шпалерцы», куды змяшчалі самых «небяспечных злачынцаў»: адказных партыйных і савецкіх работнікаў, на якіх былі падазрэнні і даносы іх жа саслужыўцаў. І вось калі там разабраліся, што ён, Смоліч,— «дробная сошка», перавялі ў агульна-масавую, палітычную турму «Крыжы».
Затое грузчык Абульханаў — вельмі цікавы чалавек, ён заслугоўвае асаблівай увагі. Не паспеў ён увайсці ў камеру, як сам, без чыёй-небудзь прапановы, назваўся ўсім прысутным у камеры:
— Абульханаў Мустафа Абульханавіч, татарын, патомак хана Батыя, грузчык Гасцінага двара, пражыў на свеце сорак два гады і мяркую пражыць яшчэ два разы па столькі. Жанаты, маю сямёра дзяцей. Рост сярэдні — 170 сантыметраў, вага 90 кілаграмаў. Вось вам усе мае анкетныя даныя. Калі што адпусціў па неабачлівасці, пытайцеся — я адкажу на ўсе вашы пытанні.
Пасля гэтых слоў ён кожнаму са зняволеных падаў руку — паздароўкаўся. Потым дастаў з торбы ўвесь правіянт і спытаў:
— Хто тут стараста?
— Пакуль што такога няма,— падаў голас пастух Калелайнен.
— Тады трэба выбраць — і неадкладна.
— Абульханава,— прапанаваў тут жа Карчоў.
— Не, людзі добрыя, мяне рана выбіраць, я навічок. Выбіраць трэба таго, хто тут найболей сядзіць у гэтай камеры, і, канечне, аўтарытэтнага чалавека.
— Асцёрскага,— прапанаваў былы ваенрук Красноў.— Ён першы пасяліўся ў гэтай «кватэры». Ну як, згодны?
— Згодны,— пачуліся галасы.
— Прагаласуем... Аднагалосна.
— Дык вось, таварыш стараста, бярыце гэтыя прадукты і падзяліце іх паміж усімі членамі нашай так званай камуны. Асабіста мне пакідайце такую самую долю, як і ўсім іншым,— сказаў сур’ёзна Абульханаў.
Так Абульханаў прынёс новы, свежы вецер у жыццё камеры 889. Адкрылася новая старонка ў жыцці зняволеных, якім пачынала здраджваць іх воля, канчалася цярпенне.
Гэты смуглявы, каржакаваты і мускулісты чалавек ніколі, ні пры якіх абставінах не падаў духам і не дазваляў гэтага рабіць іншым. Пры ім ніхто ніколі не сумаваў. Калі, здаралася, часам убачыць каго-небудзь сумным, падыдзе да яго са словамі жарту і скажа:
— Хвядос, чаго павесіў нос? Ну, асудзяць, ну і што з гэтага? Не мы першыя, не мы апошнія. Пашлюць, напрыклад, у Сібір, а там, як і тут, у Ленінградзе ці ў іншых мясцінах, так жа сонейка свеціць і праца ёсць. Толькі да чаркі радзей будзем прыкладвацца, вось і ўсё. А хлеб і да хлеба, калі будзем працаваць, і там будзе. Усё яно з часам ператрэцца, перамелецца, і мы зноў вернемся да сваіх жонак і дзяцей.
А калі хто пачне ныць і паўтараць два балючыя словы «За што?» — ён удумліва скажа:
— Не псуй нервы ні сабе, ні суседзям. Мы з табою хто? Мурашкі. А вунь паглядзі-тка, якіх акул ловяць — маршалаў, генералаў, наркомаў, работнікаў ЦК. Так што мы не адзінокія ў гэтых адносінах. Ды нас жа і выпусцяць хутчэй за іх. Вось толькі даведаецца пра ўсё гэта таварыш Сталін, ён пакажа гэтым самавольнікам, дзе ракі зімуюць! Дастанецца і гэтаму выскачку Яжову! Ён усім ім дасць раскрутку!