Тут трэба дадаць, што Абульханаў у турму трапіў другі раз. Першы раз пасадзілі яго за краты ў студзені 1930 года як падкулачніка, за тое, што абараняў раскулачанага суседа, даказваў, што з ім несправядліва абышліся. Мала таго, ён гаварыў, што так рабіць могуць толькі шкоднікі. І вось за «абразу і паклёп на дзяржаўных прадстаўнікоў» яго і пасадзілі. Але, не дачакаўшы суда, праз тры месяцы яго вызвалілі. А дапамог гэтаму артыкул Сталіна «Головокружение от успехов», апублікаваны ў «Праўдзе» ў сакавіку 1930 года. Да першага арышту Абульханаў жыў у вёсцы Арзы Татарскай АССР. Як і яго бацькі і ўсе сваякі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Пасля вызвалення з турмы ён развітаўся з родным домам і роднымі мясцінамі і паехаў да знаёмых у Ленінград. Спачатку жыў адзін, а калі падшукаў належную кватэру, прывёз туды і сям’ю. З першага і да апошняга дня працаваў грузчыкам гандлёвай сеткі Гасцінага двара.
І вось цяпер, праз сем гадоў, пра яго ўспомнілі і пасадзілі за краты ў «Крыжах». Але ён упэўнены, што як толькі Сталін даведаецца пра такія беззаконні, яго адразу ж зноў выпусцяць. Верыў гэтаму і запэўніваў іншых, не ведаючы таго, што 37-ы год — гэта не 30-ы.
Пакуль Абульханаў знаходзіўся паміж вязняў камеры 889, тут панаваў дух бадзёрасці і надзеі. Кожны спадзяваўся на сваё хуткае вызваленне і наогул на выратаванне невінаватых, а таксама на пакаранне гвалтаўнікоў «справядлівай рукой таварыша Сталіна» і яго верных сяброў — Молатава, Варашылава, Кагановіча, Малянкова, пакуль нейкі нягоднік не зрабіў на яго данос. Але пра гэта ніжэй.
Дзям’ян Бедны і запалкі
Недзе ў канцы жніўня ў камеру прывялі яшчэ аднаго насельніка — слесара Іжорскага машынабудаўнічага завода. Гэта быў зусім яшчэ малады хлопец — гадоў 25, які да турмы не паспеў нават ажаніцца. Жыў з бацькамі, якія таксама працавалі на тым жа заводзе.
— Як гэта табе, такому маладому, давялося сюды патрапіць? — спытаў у яго Красноў.
— Я, браток, і сам здзіўляюся, як я мог сюды трапіць.
— Няўжо і не сказалі за што?
— Чаму не сказалі? Сказалі! За тое, што мы сваёй брыгадай сапсавалі першы савецкі блюмінг, які так патрэбны быў нашай айчыннай металургічнай прамысловасці. За гэта пасадзілі не толькі мяне, а і ўсю брыгаду на чале з брыгадзірам.
— Дык як жа гэта так здарылася?
— А д’ябал яго ведае! Хто не працуе, той не памыляецца. А тут яшчэ такая навінка, якую да гэтага мы нават у вочы не бачылі.
— Ну, і як на гэта паглядзелі «блюсціцелі савецкіх законаў»? Як вашу памылку яны ацэньваюць?
— Кажуць, што мы гэта наўмысна зрабілі, з мэтай шкодніцтва. Кажуць, што мы — паслядоўнікі Рамзіна і што за гэта нас будуць караць па ўсёй строгасці савецкіх законаў.
— Дзе гэта вам так сказалі?
— У Колпінскім аддзяленні энкавэдэ. А што тут скажуць, не ведаю.
— Вядома, па галоўцы не пагладзяць,— азваўся Абульханаў.
— Я і сам так думаю,— сказаў слесар.
Звалі навічка Віталем Громавым. Ён быў рухавым і гаваркім чалавекам, таварыскім па натуры. Яшчэ ў Колпіне атрымаў ад бацькоў неблагую перадачу, з якой і прыбыў у «Крыжы». І вось, зайшоўшы ў камеру, адразу ж развязаў свой клунак і пачаў частаваць новых сяброў па няшчасці.
— Дарагі таварыш,— сказаў яму Абульханаў,— у нас устаноўлены такі парадак: усё з прадуктаў і іншых спажывецкіх тавараў, што паступае ў камеру, уручаецца старасту, які размяркоўвае ўсё паміж жыльцамі.
— Прабачце, я гэтага не ведаў. Таварыш стараста, я перадаю вам усё, што прынёс. Дзяліце так, як у вас тут устаноўлена.— І ён адразу ж перадаў Міхасю клунак з прадуктамі.
— Папяросы і запалкі таксама,— не супакойваўся Абульханаў.
Навічок не спрачаўся — перадаў старасту і гэта, але папярэдзіў:
— Не ведаю, як з курэннем, а што датычыць запалак, то папрашу эканоміць. Справа ў тым, што апошнім часам у Ленінградзе і ў вобласці зніклі з прылаўкаў магазінаў запалкі.
— А не ведаеце чаму, па якой прычыне? — спытаў Міхась.
— Ходзяць такія чуткі, што на этыкетцы запалкавага пачка замест звычайнага агню-полымя намалявана бародка Троцкага. А таму паступіў загад зверху — зняць з продажу і знішчыць усе запалкі.
— Можа, і гэта ў нейкай меры паслужыла прычынай знішчэння запалак, толькі галоўнае ў іншым,— загаварыў ўпэўнена Красноў.
— А ў чым жа? — пачуўся здалёку голас бухгалтара Смоліча.
— А вось у чым,— працягваў Красноў,— запалкавая фабрыка, якая забяспечвала Ленінград і вобласць запалкамі, носіць, праўдзівей, насіла да гэтага імя Дзям’яна Беднага. Яна размяшчаецца ў Чудаўскім раёне.