— Ну, і што з таго? — не адставаў бухгалтар.
— Што, пытаецеся? Дзям’ян Бедны аб’яўлены «ворагам народа» і арыштаваны. Значыць, стала неяк няёмка і нават небяспечна мець запалкі, на якіх красуецца яго імя. Па гэтай прычыне і помнік Аляксандру ІІІ, што стаяў на плошчы Паўстання супраць Маскоўскага вакзала, не так даўно быў зняты з п’едэстала.
— А пры чым тут помнік?
— А пры тым, што на пастаменце яго былі высечаны вершаваныя радкі таго ж самага Дзям’яна Беднага. Пра ўсё гэта я чуў ад аўтарытэтных людзей яшчэ ў «Шпалерцы».
— Адзін чалавек прынёс гэтулькі страты! — азваўся пастух, які ўвесь час маўчаў.
— Не, хлопцы, тут нешта нядобрае выходзіць, а што — цяжка зразумець,— нарэшце падаў свой голас і качагар.— Дзям’ян Бедны — першы пралетарскі паэт. Кажуць, што ён у свой час разам з Леніным жыў у Крамлі. А ў грамадзянскую вайну мы песні яго спявалі. Што ж гэта такое робіцца на белым свеце?
Усе маўчалі. Бо ніхто не мог адказаць на такое балючае пытанне качагара Карчова. Запалкі, помнік ля Маскоўскага вакзала ў Ленінградзе і лёс самога знакамітага паэта пачаў пераблытвацца з лёсам саміх вязняў.
І першы пасля такой нечаканай навіны загаварыў «божы чалавек» — Адамс:
— Паколькі такі крызіс на запалкі, я прапаную кожную запалку дзяліць на часткі.
— А як гэта рабіць? — пачулася пытанне.— Хто зможа ўзяць на сябе такую складаную справу?
— Я,— упэўнена сказаў як адрэзаў, Адамс.— Усю гэту справу бяру на сябе.
— Я лічу, што трэба пагадзіцца з Адамсам і даручыць яму такую важную для нас місію,— выказаў згоду стараста Асцёрскі.
Так ціхі «божы чалавек», не спяшаючыся, пачаў дзяліць з дапамогай ляза брытвы, якое ён тайком пранёс праз турэмны заслон, кожную запалку на дзве, а то і чатыры часткі. Дзякуючы гэтаму вынаходству запалкавы крызіс не вельмі адбіўся на людзях камеры 889.
Матрос
Недзе на пачатку верасня пераступіў парог камеры яшчэ адзін, ужо дзевяты па ліку, «жыхар» — матрос Мітрафанаў. Ён служыў механікам на траўлеры Мурманскага рыбалавецкага флота. Судна гэтае ў пошуках добрага ўлову курсіравала па ўсёй экваторыі Атлантыкі і не вярталася ў порт прыпіскі па некалькі месяцаў. Гэта быў параход-завод са ўсёй тэхнікай і механізмамі.
Мітрафанаў быў не малады, але і не стары яшчэ чалавек, гадоў за трыццаць. Высокага росту — каля двух метраў, атлетычнага складу, мускулісты, рухавы, але не мітуслівы. Сам русавалосы, з прыгожым абветраным тварам, на якім нібы назаўсёды пакінулі свой след марскія штормы і буры. Відаць было, што ён зведаў шмат за сваё марское жыццё: і радасці, і крушэнне надзей, і адчай, бо плаваў ён больш як дзесяць гадоў.
У камеру Мітрафанаў увайшоў смела, але з тактам бывалага чалавека. З усімі асобна павітаўся і пазнаёміўся, як гэта звычайна і робяць бывалыя людзі. Расказаў сваім новым сябрам па няшчасці, што ён не так даўно пакінуў судна, паспеў пагуляць па-матроску, а пасля «пазагараць» у мурманскай акруговай турме. Праўда, нядоўга, усяго толькі два тыдні, пасля чаго мясцовае турэмнае начальства чамусьці вырашыла адправіць яго ў ленінградскія «Крыжы».
Усе свае харчовыя запасы ён адразу ж перадаў старасту камеры. Курэнне і запалкі — таксама.
— Таварыш матрос, вы, пэўна, нейкую акулу пакрыўдзілі, што трапілі сюды, да нас? — жартуючы, спытаўся ў яго Міхась.
— Ні кітоў, ні акул мы не лавілі. Больш селядцы ды траску,— не зразумеўшы жарту, адказаў Мітрафанаў.
— А ў чым, прабачце, вас абвінавачваюць?
— Кажуць, што шпіёніў, знаходзячыся за межамі Радзімы са сваім траўлерам.
— А была такая справа? — шуткаваў Міхась, гледзячы ў твар былому бясхітраснаму матросу.
— Навошта вы здзекуецеся з мяне? — пакрыўдзіўся Мітрафанаў.— Вы ж бачыце, што я не здольны на такія сабачыя справы.
— Вы даруйце мне, таварыш Мітрафанаў, за такі жарт, я гэта так, каб унесці нейкую разрадку для свайго калектыву ў гэтым «санаторыі».
— Ну нічога, я на вас не крыўдую,— адказаў Мітрафанаў.— На вашым месцы я рабіў бы тое ж самае.
— Што ж, тады распранайцеся і ўладкоўвайцеся, як вам зручней будзе,— спагадліва прапанаваў Міхась навічку.
— Цеснавата ў вас, хлопцы,— пасмялеўшы, спрабаваў шуткаваць новы жыхар.
— У цеснаце, ды не ў крыўдзе,— на жарт адказаў жартам Міхась навічку.— Вось мяркуем падаць заяву ў ЖАКТ, можа, там улічаць нашу просьбу і пашыраць жылплошчу.
Усе засмяяліся.
З прыходам Мітрафанава пачаліся выклікі на допыты, а разам з імі і катаванні. Ужо ў наступныя суткі пасля яго прыходу павялі ў кабінет следчага пастуха Калелайнена. Гэта была першая ластаўка, а праўдзівей — першая ахвяра. Як правіла, допыты праводзіліся ноччу — з дванаццаці гадзін да шасці гадзін раніцы. Днём жа адпачывалі і каты, і пакутнікі. Праўда, апошнім такая раскоша не заўсёды выпадала. Пасля кашмарнай ночы тыя, што маглі, часцей за ўсё стаялі ў калідоры тварам да сцяны, за якой размяшчаліся кабінеты следчых.