Выбрать главу

Калелайнена ўзялі ў дзве гадзіны ночы, а ў камеру прывялі ў пяць гадзін раніцы. І не прывялі, а прывалаклі, як быццам які мяшок, набіты сенам. Учарашні жвавы, здаровы чалавек цяпер паходзіў на труп. Ён быў увесь у сіняках і ў крывавых ранах.

Міхась як стараста камеры распарадзіўся вызваліць адзіны дашчаны шчыток, на якім сам пачынаў тут жыццё, і пакласці на яго небараку. Потым намачыў ручнік і з дапамогай сяброў па камеры — Краснова і Адамса — прамыў крывавыя раны чалавеку.

Толькі недзе гадзін у шэсць вечара ён упершыню адкрыў вочы і прамовіў: «Піць...» Вязні падалі яму гліняную конаўку, напоўненую астылым чаем з рэдкаю заваркай — яго дзённаю порцыяй, і ён выпіў яе да дна. Ніхто нічога не пытаўся, бо і так было відаць, хто і за што «частаваў» яго. Усе маўчалі. Але хутка гэту нядобрую цішыню парушыў матрос Мітрафанаў:

— Трэба ж было дазволіць, каб з такога маладога, здаровага і дужага чалавека здзекаваліся гэтыя вырадкі.

— У гэтых сценах і пры такіх абставінах такое можа здарыцца з кожным, у тым ліку і з табою, матрос,— адказаў былы ваенрук Красноў.

— Са мной?! — ускіпеў Мітрафанаў.— Ды я іх разнясу разам з гэтымі сценамі! Вы яшчэ мяне не ведаеце, дарагі таварышок!

— Мітрафанаў,— умяшаўся Міхась,— леў і тыгр дужэйшыя за цябе, але і яны трапляюць у клетку і ў цырку робяць усё тое, што ім загадаюць. І з жыццём развітваюцца, калі перастаюць слухаць сваіх гаспадароў і падпарадкоўвацца ім.

— Я — не леў і не тыгр, а матрос Мітрафанаў, які заўсёды можа пастаяць за сябе.

— Ну што ж, пажывём — убачым, хто на што здатны. Як кажуць, дай божа ўдачы. Можа, ты і правучыш гэтых катаў.

Роўна праз суткі ўспомнілі і пра Мітрафанава. У дванаццаць гадзін ночы па яго прыйшлі ў камеру два канваіры ў блакітных фуражках з трохлінейкамі цераз плячо. Ён усміхнуўся, памахаў рукою сябрам па камеры і знік за жалезнымі дзвярамі.

Ён вярнуўся толькі ў шэсць гадзін раніцы, але як! Туды яго вялі два канваіры-ахоўнікі, а адтуль неслі на руках ужо чатыры, таму што для двух цяжар быў не пад сілу. Цяпер дашчаны шчыток быў вызвалены для яго. Суткі ляжаў матрос нерухома. Нават і тады, калі ўжо апрытомнеў, доўга нічога не гаварыў. Ды і з насельнікаў камеры ніхто не турбаваў яго. Хоць ён і не прасіў, але яму падалі вады, і ён без слоў узяў дрыготкімі рукамі поўную конаўку і залпам выпіў.

Калі ж стала бачна, што матрос трохі ачуняў, Міхась падышоў да яго ложа і спытаў:

— Ну што, Мітрафанаў, не па-твойму выйшла?

На пытанне Асцёрскага Мітрафанаў не азваўся, толькі павярнуўся да сцяны і гучна заплакаў. Што ён думаў, аднаму богу было вядома.

Не паспеў матрос добра ачуняць, як у наступную ноч яго зноў павялі на допыт. Гэтым разам ён вярнуўся хутка, праз якую гадзіну, і ўжо без дапамогі канваіраў-ахоўнікаў, сваім ходам.

— Што так хутка? — спыталі сябры па камеры.

— Ат, што мне з імі там рабіць? — адказаў ён, ухіляючыся ад прамога адказу.

— Раскалоўся?

Раскалоўся — гэта значыць прызнаўся.

— Раскалоўся,— неахвотна адказаў ён.— Усё роўна ім не дакажаш, што белае — гэта не чорнае, а чорнае — не белае.

Услед за Мітрафанавым зноў павялі на допыт і пакуты Калелайнена, аднак і ён доўга там не затрымаўся і на сваіх нагах вярнуўся ў камеру. Ён таксама падпісаў на сябе пратакол, таксама «раскалоўся». Цяпер ужо яго абвінавачвалі не толькі ў агітацыі супраць савецкай улады, а яшчэ і ў шпіянажы на карысць Фінляндыі.

Наступнай ахвярай быў «божы чалавек» Адамс. Гэты з першага разу прыняў на сябе грэх: што сказалі, тое і падпісаў. Новы «вораг народа» «працаваў» ужо на буржуазную Эстонію.

Так на працягу трох сутак камера 889 прынесла тры ахвяры. Але галоўнае было яшчэ наперадзе.

  Правакатар

Здавалася б, хопіць, ды не: у камеру, якая была разлічана на адзіночнікаў, упіхнулі яшчэ аднаго, дзесятага чалавека. Ён аказаўся самым вясёлым і кампанейскім з усіх насельнікаў гэтай мышалоўкі-пасткі. Яшчэ не паспелі сціхнуць за ім дзвярныя замкі-запоры, як ён з вясёлай усмешкай на твары да ўсіх і да нікога асабіста загаварыў:

— Шчокін Міхаіл Міхайлавіч, былы загадчык Смольнінскага райана горада на Няве, а цяпер — ахвяра часу і памагатых Яжова.