Выбрать главу

Ён быў сярэдняга росту, а таксама і веку — меў пад сорак гадоў, з тварам зарослым чорнай шчацінай, праз якую, як светлячкі, блішчэлі яго зыркія і ў той жа час пільныя вочы. Быў ён ненатуральна гаваркі.

— Хто тут у вас за старшага? Хачу ўручыць яму ўсе мае багацці: сухары, масла, цукар, папяросы, запалкі,— звярнуўся ён да прысутных. І калі паказалі на Міхася, ён адразу ж перадаў яму ўсё, што прынёс з сабою ў камеру.

— Гэта вось перадала мне жонка перад адпраўкай сюды са «Шпалеркі», унутранай турмы пры Ленінградскім аддзяленні НКВД. Тут увесь мой скарб,— гаварыў ён неяк па-свойску.

— А вы ўжо і «Шпалеркі» адведалі? — спытаў у яго Красноў.— А я трапіў сюды з ваеннай.

— Адведаў і таго «раю»,— адказаў ён, уздыхаючы.

— Ну, як і чым вас там «частавалі»? — зноў спытаў Красноў.

— Ды, пэўна, тым жа, чым і вас там, на Загарадным, у ваеннай. Ратуй мяне, божа, ад такой «гасціннасці».

Праз якую гадзіну Шчокін з усімі насельнікамі камеры перайшоў на «ты» — стаў сваім чалавекам. Для кожнага ў яго знаходзіліся словы спагады. Але асаблівую зацікаўленасць выклікалі ў яго трое: Асцёрскі, Красноў і Смоліч. Двое былі звязаны са школай, а трэці — з бухгалтарскім улікам. Акрамя гэтага, Міхась Асцёрскі меў адносіны і да мастацкай літаратуры. Шчокін уюном віўся каля гэтых ахвяр.

Акрамя Краснова, яго ніхто не раскусіў. Усе захапляліся яго кемлівасцю, знаходлівасцю і аптымізмам, яго эрудыцыяй, таварыскасцю, а таксама шчырасцю. Словам, гэта была фігура, перад якой ніхто не мог застацца спакойным і абыякавым. Кожны хацеў трапіць яму ў лад. Пра што ён толькі не гаварыў, якія толькі тэмы не закранаў! Гаварыў аб усім, але не разганяўся. Больш вымушаў гаварыць сваіх субяседнікаў, асабліва на палітычныя тэмы і пра парадкі ў турме.

— Скажыце,— пытаўся ён,— б’юць у турме на допытах, здзекуюцца над невінаватымі?

— Бывае,— адказваў за ўсіх бухгалтар Смоліч.— З нашай камеры двум ужо косці «паправілі».

— А ў «Шпалерцы» проста лютуюць, да смерці забіваюць тых, хто не паддаецца на вудачку следчых,— гаварыў Шчокін.— Начныя крыкі катаў і іх ахвяр спаць нікому не даюць.

— У нас тут таксама не лепш за «Шпалерку»,— адазваўся Міхась,— таксама па начах дзікія оргіі.

— Дык і тут ёсць майстры кулачнай справы?

— А дзе ж іх няма ў наш трывожны час?

Апошнія словы Міхася спадабаліся Шчокіну, а вось Краснова насцярожылі.

— Э, ці мала што бывае? — сказаў ён.— Допыт ёсць допыт. Гэта не экзамены ў школе і не частаванне ў кафэ. Па-добраму тут нічога не даб’ешся,— сказаў ён, гледзячы дапытліва ў вочы Шчокіну.

— А мяне, браткі, у «Шпалерцы» ледзь да смерці не забілі. Не ведаю, як толькі застаўся жывы,— скардзіўся на лёс і на парадкі ў турме Шчокін.

— А як жа ты выбраўся з тых клешчаў і трапіў сюды, у гэты «рай»? — не адставаў ад яго Красноў.

— А так. Паглядзелі, што я дробная рыбка, і спусцілі на прыступку ніжэй, у «Крыжы», да вас, значыць.

— Дык што, там яшчэ большыя за цябе рыбы знаходзяцца? — пацікавіўся Міхась.

— Што я супраць тых, каго там трымаюць? Нуль. Там, браток, сядзяць шышкі!

— Напрыклад?

— Чудаў, Струпэ, Кадацкі, Тупалеў, яго памочнік Каралёў... Я з імі ўсімі па чарзе стаяў у калідоры тварам да сцяны. Бачыў там і пісьменнікаў — Лібядзінскага, Мустангаву, Уксусава, Бергольц... Што ж гэта робіцца, га? — жаласліва гаварыў Шчокін.— Ты таксама па гэтай справе — па пісьменніцкай? — спытаў ён у Міхася.

— Я яшчэ і сам не ведаю, па якой справе. Прывялі сюды, як барана за рогі, і будзь здароў.

— Дык што, цябе яшчэ не выклікалі на допыт і абвінавачванне не прад’яўлялі?

— Фактычна не.

— Ну нічога, скора выклічуць, пагавораць і выпусцяць на волю. Біяграфія твая чыстая, пасад ты таксама не займаў. А са студэнта многа не возьмеш. Ён — ніхто. Калі, можа, да вершыкаў прычэпяцца, але гэта дробязь. Ды ты іх шмат яшчэ і не паспеў напісаць, як, напрыклад, Дзям’ян Бедны, Мандэльштам ці Барыс Карнілаў. Адным словам, ты амаль што ўжо на адлёце.

— Дай бог нашаму ваўку ваша цялятка з’есці,— жартуючы, адказаў яму Міхась.

Красноў пасля адной-другой гутаркі са Шчокіным пачаў проста яго абыходзіць. Жыццё навучыла яго разумець і разгадваць людзей. Не спадабаўся яму гэты тыпус, не было да яго даверу.

Праз нейкі час ад Шчокіна адхіснуўся Смоліч. Ён таксама меў сякі-такі жыццёвы вопыт, меў нюх на людзей. І цяпер Шчокін прыліп як банны ліст толькі да Міхася, як больш даверлівага, быццам не заўважаючы таго, што яго пазбягаюць іншыя. Міхась у свае дваццаць шэсць год давяраў кожнаму чалавеку. Бо сам ён заўсёды і ўсюды быў шчыры, даверлівы, і яму здавалася, што і ўсе людзі такія ж, як ён сам. Ён глядзеў на жыццё праз ружовыя акуляры.