Выбрать главу

Аднойчы Шчокін прапанаваў:

— Таварышы, давайце будзем пець катаржныя і рэвалюцыйныя песні.

— Я з ахвотаю,— згадзіўся Міхась.

Міхася падтрымалі яшчэ сёй-той. І яны тут жа зацягнулі: «По диким степям Забайкалья, где золото роют в горах». А скончыўшы гэту, перайшлі на іншую: «Вихри враждебные веют над нами...»

Грымнулі дзвярныя запоры, і ў камеру ўляцеў наглядчык:

— Вы што мне наладжваеце тут канцэрты! Гэта вам не філармонія і не капэла! Спыніць недазволеныя ўчынкі! Інакш караць будзем!

— Грамадзянін дзяжурны, гэта мы ад суму і ад гора,— за ўсіх адказаў Шчокін.

— Гэта яшчэ не гора, усё ваша гора наперадзе,— сказаў загадкава наглядчык і зачыніў дзверы.

— У мяне ёсць прапанова,— сказаў Шчокін,— у другі раз спяваць цішэй.

І з ім зноў пагадзіліся. Так потым неаднойчы і рабілі.

Пасля адной з такіх спевак Шчокін падсеў да Міхася і сказаў:

— Дарагі Міхась, ты хутка будзеш на волі. Дык вось да цябе будзе такая просьба: зайдзі да маёй жонкі, яна жыве на Кірачнай, і скажы ёй, што яе любімы муж перад смерцю пеў рэвалюцыйныя песні.

— Як гэта перад смерцю? — не зразумеў той.

— А вось так. Мяне ўсё роўна хутка расстраляюць як трацкіста. Я гэта добра ведаю,— гаварыў ён гучна, каб усе чулі і паверылі. А сам прыслухоўваўся, хто і як будзе рэагаваць.

— Я гэтаму не веру,— сказаў Міхась.— Ты будзеш жыць.

Але Шчокін даказваў сваё.

Назаўтра яго выклікалі, і ён з усмешкай на твары пайшоў на допыт ці мо нават на расстрэл, як ён сам казаў.

Камера прыціхла. Усе маўчалі. Той-сёй паверыў словам Шчокіна і спачуваў яму. Да такіх адносіўся і Міхась. Адзін Красноў не паверыў ніводнаму яго слову.

— Таварышы, вы зразумелі гэтага «смяротніка» ў двукоссі? — звярнуўся ён да жыхароў камеры.

Усе маўчалі як быццам вады ў рот набраўшы.

— Гэта правакатар, ён знаходзіўся тут на падсадцы. Зразумелі ці не?

— Мне ён таксама штосьці не спадабаўся,— азваўся Смоліч.

— А я не веру гэтаму,— не згаджаўся Міхась.

— Хоць ты і стараста, і маеш вышэйшую адукацыю, але лапух,— папракнуў Міхася той жа Красноў.— Я ведаю, што ты паверыш толькі тады, калі пабудзеш у следчага, на допыце. І тады ты будзеш вельмі шкадаваць, што даведаўся пра гэта позна.

— А чорт яго ведае, можа, і так. Ці ж можна залезці ў душу чалавека, якога ты ўпершыню ўбачыў?

— Можна, калі добра прыглядзецца. Вось тут у нас засталося дзевяць чалавек, а такога тыпуса больш няма.

— І ўсё ж я не згодзен з такой думкай,— не здаваўся Міхась.

— Справа гаспадарская,— закончыў Красноў.

Хутка словы Краснова пацвердзіліся, асабліва калі пачалі цягаць на допыты адзін за адным вязняў з камеры. Кожны адчуў на ўласнай скуры і касцях «дабрыню» прысуджанага да «кары смерцю».

Праўда, Міхася чамусьці не турбавалі. А чаму — ён не ведаў, і гэта мучыла яго больш за ўсё: калі, калі? Было такое ўражанне, што пра яго забыліся. Няўжо выпрабоўваюць яго нервы?

  Адрачэнне

Мінуў цэлы месяц пасля арышту Міхася, а ні жонка пра яго, ні ён пра яе нічога не ведалі. За гэты час жонка нарадзіла сына і ўжо знаходзілася дома, у сваёй кватэры. Дзе яна ні была, да каго ні звярталася, а лёс мужа застаўся загадкай. Ні ў пракуратуры горада, ні вобласці, ні ў Ленінградскім аддзяленні НКВД, ні ў адной з турмаў горада, куды яна неаднойчы звярталася і пісьмова, і асабіста — абівала парогі, ніхто ёй пэўнага нічога не сказаў. Усюды быў адзіны адказ:

— Не ведаем.

— Дык хто тады ведае? Што гэта такое? — абуралася яна.

І зноў быў стандартны адказ:

— Не ведаем. Чакайце, з цягам часу вам адкажа той, хто ведае.

Яна ўжо страціла ўсякую надзею на тое, што Міхась жывы і што яна атрымае пра яго якія-небудзь весткі.

Шукаў Міхася і яго брат Рыгор, студэнт педтэхнікума, і таксама без вынікаў: лёс брата Міхася заставаўся для яго таямніцай, пакрытай змрокам. А тут яшчэ Таіса па невядомай для яго прычыне адмовіла яму ў прытулку. І нават больш таго — забараніла яму пераступаць парог яе кватэры. Усё гэта лягло цяжкім каменем на яго юначае сэрца. Ён вымушаны быў забраць дакументы ў тэхнікуме і ехаць да сваіх бацькоў на Магілёўшчыну.

І вось нарэшце 15 верасня 1937 года Таіса атрымала позву за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася ёй 17 верасня ў дзесяць гадзін раніцы з’явіцца ў гарадскую пракуратуру, чаму яна была вельмі рада, бо спадзявалася атрымаць вестку пра Міхася.

Яна папрасіла суседку пабыць з дзіцем і сама амаль бягом паімчалася па названым адрасе. Яе не пакідала надзея, што ўрэшце нешта даведаецца пра мужа.