Пракурор сустрэў Таісу ветліва. І калі яна заплакала, пастараўся супакоіць яе.
— Я раздзяляю ваша гора і буду старацца зрабіць усё, каб яго не было,— пачаў ён здалёку.
— Вы скажыце мне, ці жывы ён, і калі жывы, дзе зараз знаходзіцца?
— Не спяшайцеся, грамадзянка Асцёрская, усё па парадку, на ўсё свой час,— паступова рабіўся сухім, афіцыйным і непрыступным малады пракурор.— Жывы ваш муж, жывы, але...
— Што «але»? Хворы, пакалечаны? Дзе ён? — наступала на пракурора Таіса.
— Я ж вам сказаў, што ўсё па парадку. А вы... Якая ж вы нявытрыманая!
— На маім месцы любы быў бы такім, у тым ліку і вы, таварыш пракурор.
— Толькі не любы, а я тым больш,— пакрыўдзіўся служака-пракурор.— Карацей кажучы, вы цяпер — жонка дзяржаўнага злачынцы. Зразумела? — І чакаў, якое ўражанне зробяць яго словы.
— Не, не зразумела,— суха сказала Таіса.— Вы павінны растлумачыць. У чым вы абвінавачваеце яго? Канкрэтна! І павінны сказаць, дзе ён, куды вы яго схавалі ад усяго белага свету і ад мяне, яго жонкі?
— Добра, я адкажу на вашы пытанні. Ваш муж рабіў падкоп пад нашу дзяржаву, удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэвалюцыйнага перавароту. У нас ёсць доказы. Гэта мацёры, спрактыкаваны вораг нашага народа!
— Вораг народа? — усклікнула Таіса.— І, кажаце, у вас ёсць доказы?
— Ёсць!
— Дзе яны, пакажыце? — не адставала Таіса.
— На судзе пачуеце і ўбачыце, калі вас туды пусцяць. А судзіць яго будзе ваенны трыбунал...
— Вы яшчэ не адказалі на маё пытанне, дзе ён?
— У следчай турме.
— У якой? Ці магу я з ім пабачыцца?
— У якой менавіта, не магу пакуль што сказаць. Пабачыцца таксама не магу даць дазволу, таму што следства яшчэ не закончана. Як толькі закончыцца, паведамім.
— Што, канспірацыя? — зноў наступала Таіса.
— Грамадзянка Асцёрская, з выразамі папрашу быць асцярожней. А то я таксама магу пакрыўдзіцца.
— Даруйце, калі што не так сказала з гарачкі.
— На гэты раз я вам дарую, а ў далейшым магу і не дараваць. Але я запрасіў вас сюды не для дэбатаў і не для пакарання. Я хачу гаварыць з вамі адкрыта, па-сяброўску, прытым для вашай жа карысці. Хачу выратаваць вас ад вялікіх жыццёвых непрыемнасцей...
— Я вас не разумею, таварыш пракурор,— насцярожылася Таіса.
— Я ўжо вам сказаў, у чым абвінавачваецца ваш муж — у цяжкім дзяржаўным злачынстве. А з гэтым, як вам вядома, не шуткуюць.
— І што далей? — не цярпелася Таісе.
— Набярыцеся цярпення і слухайце. Усё скажу па парадку. Дзеля вашага будучага і будучага вашага сына вам трэба будзе адмежавацца ад яго.
— Я вас не разумею: як гэта адмежавацца?
— Адрачыцеся ад яго афіцыйна, праз друк...
— Вы што, смеяцеся з мяне ці я, можа, не так зразумела?
— Я гавару вам сур’ёзна, па-сяброўску, што вам трэба праз друк адрачыся ад мужа дзеля вашага будучага і будучага вашага сына. Вы яшчэ маладая, у вас усё яшчэ наперадзе.
— Ніколі! Мой муж — сумленны чалавек, савецкі патрыёт, шчыры і добры сем’янін!
— Глядзіце самі, я вас не няволю, а толькі раю вам і клапачуся пра вас. Не забывайце, што вы камсамолка і студэнтка. А, як вам вядома, жонак ворагаў народа не трымаюць ні ў камсамоле, ні ў навуковых установах, тым больш у педагагічных. Падумайце як след, я пачакаю. Як толькі надумаецеся, так адразу ж і прыходзьце сюды.
На гэтым «задушэўная гутарка» закончылася. Таіса выйшла з гарадской пракуратуры, як п’яная. Ужо на вуліцы яна расплакалася і плакала да самага дома. Пра сваю гутарку з пракурорам яна нікому, акрамя бабулі, якая жыла ў суседнім пакоі гэтай жа кватэры, не сказала. Бабуля пахваліла яе, што не адраклася ад мужа:
— Не будзь дурніцай, не рабі глупства. Вернецца твой Міхась, вернецца,— сказала яна.
Але на гэтым усё не скончылася. Нягледзячы на тое, што яна яшчэ была ў дэкрэтным адпачынку, дні праз два пасля таго яе выклікалі ў інстытут, сабралі камсамольскі сход і выключылі з камсамола.
Потым запрасіла яе да сябе дырэктар і прапанавала зрабіць тое ж самае, што і пракурор,— публічна, праз друк адрачыся ад «ворага народа» — бацькі яе дзіцяці.
— Таварыш Асцёрская, калі вы гэтага не зробіце, мы будзем вымушаны пазбавіцца ад вас. Нам жа таксама хочацца жыць і працаваць — займаць свае пасады.
Так і сказала дырэктар, што ёй і калегам хочацца жыць і працаваць на сваіх месцах.
— Таварыш дырэктар! Ніна Барысаўна! Акрамя таго, што вы дырэктар, дык яшчэ і жанчына. А таму павінны зразумець мяне. Я не магу хаваць жывога мужа, бацьку майго груднога дзіцяці.
— Але і вы таксама павінны зразумець мяне,— адказала няўмольная дырэктрыса.— Ідзіце падумайце і вырашайце пытанне: муж арыштаваны за палітыку, ён, пэўна, будзе асуджаны, інстытут ці воўчы білет, з якім — на ўсе чатыры бакі! Што-небудзь адно з двух. Падумайце добра і пасля мне скажыце.