Таіса выйшла з кабінета дырэктара ў такім становішчы, што не бачыла ні людзей, ні дзвярэй, якія вялі на вуліцу. Па дарозе завітала да сяброўкі, расказала ёй пра сваё гора, і тая параіла ёй змірыцца, пайсці на капітуляцыю.
— Таіска, любая мая сяброўка, нічога ты сваёй наіўнай упартасцю не даб’ешся. Ці ж ты не бачыш, што робіцца на белым свеце? Павальныя арышты. Цяпер кожны дрыжыць за сваю скуру. А таму шкадаваць цябе ніхто не будзе, не асмеліцца.
— Дык што ж ты мне параіш?
— Пайсці на такую ахвяру, на такую подласць, каб уратаваць і сябе, і сына. Міхась цябе зразумее. Думаеш, ты адна такая — сотні, тысячы! Вось зайдзі ў бібліятэку, перагарні старонкі «Ленинградской правды» і «Красной газеты» і ты ўбачыш у кожным нумары падобныя адрачэнні. І ты думаеш, што чытачы вераць ім? Усе, акрамя дурняў, ведаюць, што гэта ліпа. А што зробіш — такі час. А які час, такія і песні.
Пасля гэтага Таіса яшчэ раз параілася з бабуляй, і тая на гэты раз дала згоду. Потым яна паступова падрыхтавала да гэтага суседзяў па кватэры, якія заўсёды дапамагалі ёй. І добрых знаёмых таксама.
Праз дзень яна пайшла ў тую ж гарадскую пракуратуру і заявіла аб сваёй згодзе. Пракурор павіншаваў яе з «разумным рашэннем», пахваліў за «разважлівасць» і даў падпісаць даўно падрыхтаваную стандартную паперку, у якой пісалася: «Я, грамадзянка Таіса Максімаўна Асцёрская, адракаюся ад свайго былога мужа, Асцёрскага Міхаіла Раманавіча, які ўпотайкі ад мяне займаўся бруднымі справамі і зрабіўся ворагам нашага, савецкага народа. Пасылаю яму сваё пракляцце і больш не жадаю насіць яго прозвішча!
21 верасня 1937 г. Т. Асцёрская-Мартынава».
Туман невядомага
У той час, як Таіса хоць трохі даведалася пра горкі лёс мужа, для Міхася ж і яго ўласны лёс, і лёс яго жонкі патануў у тумане невядомага... Ішлі дзень за днём, месяц за месяцам, а змен ніякіх не адбывалася. Прыходзілі і адыходзілі з камеры людзі, а ён усё заставаўся на сваім месцы, быццам пахілы крыж ля забытай магілы. Ніхто яго не турбаваў, ніхто ім не цікавіўся. Неяк ён адважыўся нагадаць пра сябе дзяжурнаму па корпусе, на што той суха і груба сказаў:
— Калі трэба будзе, паклічуць. Не думай, што пра цябе забыліся. Тут ні пра каго не забываюць. Сядзі і чакай сваёй чаргі!
І Міхасю нічога не заставалася, як сядзець і чакаць. А калі прыйдзе тая чарга і што яна прынясе яму, нічога не ведаў — усё знікала ў тумане невядомага... А невядомае горш за ўсякае пакаранне... На гэта і разлічвалі тыя, хто яго пасадзіў і хто разлічваў зламаць яго і дабіцца выдуманага прызнання.
Са старых насельнікаў камеры 889 працягвалі пакутаваць разам з Міхасём толькі двое: ваенрук Красноў і бухгалтар Смоліч. Качагара Карчова, грузчыка Абульханава, слесара Громава пасля некалькіх экзекуцый, калі яны падпісалі на сябе «даносы», адправілі ў перасыльную турму. Амаль разам з імі пакінуў камеру і «божы чалавек» — цясляр Адамс. Трошкі раней забралі з камеры пастуха Калелайнена і матроса Мітрафанава. Гаварылі, што іх змясцілі ў турэмны шпіталь пасля цяжкіх катаванняў на допытах. А які далейшы іх лёс, Міхась ужо не ведаў. Заместа іх прысылалі ў камеру новых ахвяр, але і яны доўга не затрымліваліся. Так што Міхась па-ранейшаму заставаўся нязменным старажылам і старастам гэтай камеры.
На пачатку кастрычніка бухгалтара Смоліча першы раз павялі на допыт, адкуль ён ледзь прыйшоў з дапамогай ахоўнікаў. Не сказаўшы нікому ні слова, ён лёг на падлогу і заплакаў. А было гэта пад раніцу, гадзін у пяць. Ніхто яго не чапаў і не перашкаджаў размаўляць самому з сабой. А калі ён супакоіўся, трошкі паспаў і адведаў баланды, Міхась асцярожна спытаў:
— Дык што яны вам прад’яўляюць, у якіх грахах абвінавачваюць?
— У грахах усяго свету, усіх часоў і народаў. Кажуць, што я рыхтаваў эканамічную, палітычную і тэхнічную дыверсіі. Выходзіць так, што я — вораг над ворагамі, гад над гадамі. Вы бачыце, як яны, гэтыя каты, «абработалі» мяне. І сказалі, што, калі я буду зноў «запірацца», перавядуць на «Шпалерку», дзе ёсць больш надзейныя ўмовы праводзіць «дазнанне». Там, кажуць, ніхто не вытрымлівае, адразу «расколваецца». Падабраны там і асобны штат інквізітараў.
— Але мне здаецца, вы не дапусціце, каб і з вамі рабілі тое, пра што вы кажаце.
— Што, думаеце, тут «раскалюся»?
— Не думаю, але ўсё можа быць.
— Не, браце, ні тут, ні там я не стану падпісваць на самога сябе смяротнага прысуду! Калі ж вы не верыце, то тады вы слаба мяне ведаеце. Паміраць буду ў страшэнных муках, а не падпішу!