Выбрать главу

Праз дзень Смоліча зноў выклікалі на допыт, дзе пасля кароткай экзекуцыі адпусцілі і сказалі, што перавядуць на «Шпалерку».

За Смолічам выклікалі сярод ночы і Краснова. Выклікалі без асабістых рэчаў, усе чакалі яго хуткага вяртання, але ў камеру ён больш не вярнуўся: знік, як быццам яго апусцілі ў ваду з каменем на шыі. Адны гаварылі, што ён пабіты да паўсмерці і трапіў у шпіталь, а там «аддаў канцы». Другія лічылі, што ён памёр ад пакутаў на допыце. А трэція — што яго расстралялі па рашэнні ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР. Як бы там ні было, а Красноў у камеру больш не вярнуўся, пакінуўшы свае рэчы: ручнік, мыла, зубную шчотку і парашок. Такая дэталь гаварыла пра тое, што яго на белым свеце больш няма. І гэта кожны разумеў.

Так Міхась паступова развітаўся з усімі насельнікамі камеры 889 і, як і два месяцы таму назад, застаўся адзін, але ненадоўга: зноў прыходзілі новыя і новыя людзі — прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў, нацыянальнасцяў, прафесій і веку.

Сярод навічкоў быў механік Сестрарэцкага зброевага завода, брыгадзір абароннага цэха Кіраўскага завода, загадчык свінафермы Чырвонаармейскага (Гатчынскага) раёна, студэнт Ленінградскага універсітэта, наборшчык з друкарні «Печатный двор», старшыня калгаса з Лужскага раёна, бібліёграф бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, аграном-палявод з Ціхвінскага раёна. Зноў у камеры для адзіночнікаў пасялілася дзесяць чалавек. Зноў даводзілася спаць амаль што седзячы.

  Цікавыя людзі

Усе насельнікі камеры 889 «новага набору» былі цікавымі людзьмі. Кожны з іх меў свае погляды, пераконанні, свае арыгінальныя рысы характару. Асабліва цікавымі здаваліся тры чалавекі: механік Сестрарэцкага зброевага завода Іван Сямёнавіч Сяргееў, загадчык свінафермы калгаса імя Сталіна Мікіта Рыгоравіч Іваноў і студэнт Ленінградскага універсітэта імя Бубнова Павел Сцяпанавіч Лёсік.

Сяргееў — патомны рабочы. Колькі існаваў гэты славуты завод, столькі там і працавалі прадстаўнікі гэтай рабочай дынастыі. Сам Сяргееў пачынаў свой працоўны шлях хлопчыкам-падлеткам. Потым ён удзельнічаў у першай сусветнай і грамадзянскай войнах. Быў мараком, служыў на легендарнай «Аўроры» і быў на караблі ў той час, калі ён даў залп па Зімнім палацы. Пасля ён двойчы трапляў у рукі царскіх сатрапаў і белых банд і цудам ратаваўся. Выпадковасць дапамагла яму пазбегчы той расправы, якую ўчынілі над захопленымі маракамі белагвардзейцы ў раёне Лісінага Носа на прыбярэжнай дамбе Фінскага заліва. На «Аўроры» ён уступіў у рады РКП(б). Было гэта ў 1917 годзе, пасля лютаўскай рэвалюцыі. На долю Сяргеева выпала і адбудоўваць, аднаўляць разбураны родны завод. Ад падручнага слесара ён дайшоў да першакласнага майстра-механіка. На дзень арышту яму ішоў сорак дзевяты год.

— Іван Сямёнавіч, якая ў вас сям’я? — спытаўся ў яго Міхась.

— Тут я адзін як перст, а дома — жонка і двое дарослых дзяцей: сын і дачка. Дарэчы, яны ўжо самі маюць дзяцей і жывуць асобна сваімі сем’ямі.

— У чым жа вас абвінавачваюць?

— У грахах белагвардзейцаў. Тое, што рабілі яны са мной і маімі сябрамі, прыпісваюць мне — былому чырвонаму матросу.

Не менш цікавай была біяграфія новага вязня — былога загадчыка свінафермы Іванова. Яму таксама было каля паўсотні гадоў, і ён таксама ўступаў у рады партыі бальшавікоў у 17-м, у час ліпеньскіх падзей. Разам з іншымі камуністамі і беспартыйнымі бальшавікамі ахоўваў Леніна ў час знаходжання яго ў «Разліве», а потым і ў Смольным. Удзельнічаў у штурме Зімняга. Пасля прымаў удзел у разгроме белых банд Юдзеніча. Быў цяжка паранены пад Пулкаўскімі вышынямі, страціў правую руку і застаўся з пакалечанаю леваю нагой. Цудам уцалеў, як ён сам пра гэта гаварыў. Больш ваяваць яму не давялося з-за інваліднасці, і ён асеў у роднай вёсцы, заняўся сельскаю гаспадаркай.

— На маім вяку,— гаворыць Іваноў,— тройчы мянялася назва майго роднага раённага горада. Да рэвалюцыі яго называлі Гатчынай, пасля рэвалюцыі — Троцкім, потым Чырвонагвардзейскім, а цяпер зноў будзе называцца Гатчынай. Каму гэта трэба? Навошта так рабіць?

— Гэта, пэўна, і з’явілася прычынай вашага арышту? — спытаўся нехта з вязняў.

— Гэта і тое-сёе іншае.

— А што яшчэ? — пацікавіўся Міхась.

— Тое, што парасяты дохлі ад недаядання. А што ж мне было рабіць, калі корму не давалі? Не самому ж лажыцца ў карыта. І гэта яшчэ не ўсё. Кажуць: «Ты капітуляваў перад Юдзенічам. Параніўся, каб не ваяваць, самастрэлам заняўся...» Гэта я, значыць, спецыяльна сабе правую руку адрываў і нагу левую ламаў. Вось вам, дарагія таварышы, і законы.