Выбрать главу

— Ну, а як у вас з калгасам? Адразу пайшлі?

— А куды ж мне было дзявацца? Амаль першы запісаўся. Нават нейкі час старшыняваў, а потым папрасіў замяніць мяне здаровым чалавекам. Пасля таго я яшчэ трошкі быў брыгадзірам, а калі арганізавалася свінаферма, мяне, як камуніста, прызначылі ўзначаліць яе. Так я і «ваяваў» са свіннямі і свінаркамі аж да самага арышту.

— Ну, а як, цяжка было «ваяваць» на тым фронце? — зноў спытаў Міхась.

— Не лягчэй, чым з белякамі. Там я быў паранены ў руку і нагу, а тут — у сэрца. Добра, калі галава ўцалее,— загадкава закончыў Іваноў.

Студэнт Лёсік быў самым маладым вязнем у камеры. Ён меў дваццаць тры гады, быў узяты з трэцяга курса гістарычнага факультэта. Сам ён родам з Беларусі, але ні бацькоў, ні месца свайго нараджэння не памятае. Выхоўваўся ў дзіцячым доме пад Смаленскам. Чуў ад людзей, што нарадзіўся недзе ля Баранавіч. Яму гаварылі, што яшчэ ў часы першай сусветнай вайны ён разам з бацькамі-бежанцамі апынуўся на Смаленшчыне. Бацькі па дарозе загінулі, і ён маленькім дзіцем апынуўся на руках чужых людзей, якія адразу ж уладкавалі хлопчыка ў дзіцячы прытулак на Смаленшчыне.

Да пятнаццацігадовага ўзросту жыццё Лёсіка было звязана з гэтым домам-прытулкам. Пасля заканчэння сямігодкі ён нейкі час працаваў у Смаленску на швейнай фабрыцы, дзе набыў прафесію краўца. Паступіў на першы курс рабфака пры Ленінградскім універсітэце, потым на першы курс гістарычнага факультэта, дзе правучыўся два гады і пачынаў трэці, ды яго арыштавалі. Вось і ўся біяграфія юнака-арыштанта.

— За што ж цябе, юнача, запраторылі сюды, у гэтую камяніцу? — спытаўся ў яго Сяргееў.

— На папярэднім следстве ў Васілевостраўскім раённым аддзяленні энкавэдэ мяне абвінавацілі ў тым, што я быццам хаваю сваё сацыяльнае і нацыянальнае паходжанне. Прыпісалі мне тое, пра што я і ў сне не сніў: быццам я сын беларускага пана-нацдэма нейкага Язэпа Лёсіка, якога яшчэ раней «обезвредили». Хто такі Язэп Лёсік, што ён рабіў і дзе ён цяпер, мне невядома. У каго я ні пытаўся ў такіх жа арыштантаў, як і я, ніхто не ведае. Можа, ён і сапраўды мне сваяк, але ж для мяне гэта — казка, не болей. Няўжо можна саджаць у турму людзей толькі за тое, што іх прозвішчы супадаюць з іншымі? Я нават не ведаю, што зрабіў той чалавек, якога прыпісалі мне за бацьку.

— А сам следчы ведае пра гэта? — спытаў Міхась.

— Пэўна, не, таму што і ён не мог адказаць мне на гэта пытанне.

— Дык слухай, дарагі дружа,— пачаў тлумачыць Міхась.— Язэп Лёсік — беларускі вучоны-мовавед, акадэмік, аўтар адной з першых граматык беларускай мовы, па якой вучылася не адно пакаленне юнакоў-беларусаў, у тым ліку і я. Яму прыклеілі ярлык «нацдэма», значыць, нацыянал-дэмакрата, і выслалі за межы Беларусі, пасля чаго ён недзе ў РСФСР працаваў настаўнікам, выкладаў рускую мову ў сярэдняй школе. Калі не памыляюся — на паўночным Урале. А дзе ён зараз, не ведаю. Можа, і яго зноў напаткаў такі ж самы лёс, як і нас грэшных. Бо цяпер толькі за падабенства прозвішча піхаюць за краты, дык што ўжо гаварыць пра самога «віноўніка»?

— Дзякую, таварыш стараста, цяпер хоць буду ведаць, хто такі мой ліпавы бацька.

— Што ты, вось тут, у гэтай камеры сядзеў чалавек, якому прыпісвалі ў бацькі генерала Краснова і толькі за тое, што носіць такое ж самае прозвішча. Бачыш, якое супадзенне. У адной камеры двое двайнікоў.

— А дзе ён цяпер, той Красноў? — пацікавіўся Лёсік.

— А хто яго ведае. Колькі дзён таму назад яго павялі на допыт — і з канцамі... Ад таго Краснова застаўся толькі ўспамін ды яго рэчы — ручнік, мыла, зубная шчотка, парашок. Можа, яго ўжо адправілі да продкаў...

— А што, тут і так бывае? — спытаў нехта з навічкоў.

— Бывае! Тут, у гэтых сценах, усё можа быць.

  Успомнілі

Прайшло не больш як месяц, і зноў амаль цалкам памяняліся насельнікі камеры. Яны былі яшчэ больш «стракатыя», чым папярэднія. Былі тут начальнікі цэхаў і радавыя рабочыя, старшыні сельсаветаў і калгасаў, простыя калгаснікі, вучоныя і інжынеры, журналісты і артысты. Трапіў і адзін малады пісьменнік, а таксама два настаўнікі. І амаль усе яны доўга не затрымліваліся. Іх выклікалі адзін-два разы на допыт, «пагутараць па душах», пасля чаго падсунуць ім паперку, і яны яе падпісваюць. Бо ведаюць (ім ужо пра гэта наперад скажуць суседзі па камеры), што ўпірацца няма ніякага сэнсу. Бо калі ўжо бяздушныя следчыя паставілі сабе за мэту сцерці вас у парашок, то абавязкова сатруць — любой цаной.

Так вось амаль штодзень, як на перавалачную базу, прыходзілі ў камеру новыя людзі і хутка выбывалі з яе, а куды — невядома. Словам, для ўсіх быў нейкі рух. Адзін толькі стараста камеры заставаўся на месцы каля трох месяцаў. Для Міхася гэта была загадка. Ён ужо ўсяго перадумаў і, нарэшце, дадумаўся да таго, што хутчэй за ўсё, яго рыхтуюцца вызваліць з гэтай пасткі. Бо ён добра ведаў, што за ім няма ніякіх грахоў, што ён чысты, як ранішняя раса.