Выбрать главу

І вось, нарэшце, пятага лістапада, напярэдадні 20-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, яго выклікалі ў кабінет следчага. «Ну,— думаў Міхась,— спяшаюцца вызваліць мяне перад юбілейным святам, хочуць паднесці сюрпрыз і мне, і маёй жонцы. Як яна там? Каго нарадзіла? Як яна жыве там з малым без матэрыяльнай падтрымкі?»

Але дарэмна Міхась напружваў сваю фантазію, дарэмна ён цешыў сябе марамі-ілюзіямі.

Яго ўвялі ў кабінет, дзе адразу прапанавалі сесці і адказаць на анкетныя пытанні. Яшчэ раз спыталі, дзе нарадзіўся, вучыўся, працаваў, жаніўся. Не забылі спытаць і аб складзе сям’і, а таксама месца сталага жыхарства. На ўсе пытанні ён адказваў дакладна, без памылак. Следчы ўсё акуратна запісаў і даў Міхасю падпісацца ў канцы анкеты, калі яе, тую паперку, можна было назваць анкетай. І тут Міхась зноў падумаў: «Выпусцяць, далібог, выпусцяць. Так ветліва не размаўлялі б, каб не збіраліся выпускаць. Яны гаварылі б са мной на іншай мове, як гэта рабілі з маімі таварышамі па камеры».

А таго Міхась не ведаў, што для яго рыхтавалі паперку на на «вылет», а на самыя цяжкія выпрабаванні, якія здольны пераносіць чалавек са здароўем волата. А што доўга не выклікалі, дык гэта быў проста манеўр. Па-першае, хацелі добра пайграць яму на нервах; па-другое, нагнаць страху (ён бачыў, якімі вярталіся з допытаў яго сябры па няшчасці); і па-трэцяе, трэба было падабраць следчага, які б ведаў беларускую мову, таму што мелі справу не толькі з будучым настаўнікам, але і з пісьменнікам, хай сабе і маладым. Такога следчага чакалі з Мінска. І дачакаліся — ён прыехаў у «Крыжы». Ім аказаўся нейкі Фамін.

Калі Міхась вярнуўся ў камеру, да яго адразу ж кінуліся з пытаннем:

— Ну як, стараста, хутка на вылет?

— Цяжка сказаць, але ж нейкая надзея ёсць,— адказаў Міхась і пачаў расказваць пра сваю размову са следчым.

— Вось шэнціць жа чалавеку,— пазайздросціў нехта Міхасю.— Хоць доўга чакаў, затое дачакаўся свайго — на свята дамоў.

Тут пачалі рыхтаваць пісьмы з адрасамі, якія Міхась павінен быў даставіць сем’ям і сваякам вязняў.

— Выручай, таварышок, можа, і мы калі-небудзь выручым цябе,— гаварыў журналіст Змітро Сарока.— За намі не прападзе.

З такімі думкамі жыла камера перад святамі і нейкі час пасля свят. Людзі суцяшалі сябе нейкімі надзеямі на справядлівасць, да якое ў той час было вунь як далёка.

  Дзікуны

Як ужо зазначалася вышэй, у гэтай турме-камяніцы ўся аператыўна-следчая работа праводзілася толькі ноччу. Удзень следчыя адпачывалі ад сваёй нялюдскай і крывавай працы. Гаспадарамі ўдзень былі афіцыйныя асобы — начальнік турмы, начальнікі карпусоў, дзяжурныя па карпусах і наглядчыкі. У гэты час неабмежаванымі правамі карысталіся дзяжурныя па карпусах. На кожны корпус іх было тры. Яны і дзяжурылі па чарзе гадзін па 12 запар. Кожны з іх меў свой нораў і характар, а таксама сваю мянушку, якую давалі ім зняволеныя па іх «заслугах». У корпусе, дзе сядзеў Міхась, аднаго з дзяжурных ахрысцілі «крыкуном», другога — «красаўчыкам-зазнайкам», а трэцяга — «лібералам». Калі дзяжурыў «ліберал», зняволеныя маглі вырашыць амаль усе свае пытанні. У час дзяжурства «красаўчыка-зазнайкі» трэба было падладкоўвацца пад яго характар і настрой, хітрыць, што не кожнаму было пад сілу. Але цярпець яго яшчэ можна было. А вось як толькі заступаў на дзяжурства «крыкун», то сядзі як мыш пад мятлою — не рухайся і не пікні. Ледзь толькі хто асмеліцца заявіць аб сабе, падаць голас, ён, як драпежнік, улятае ў камеру, гатовы кінуцца на сваю ахвяру з разяўленай дзюбай і кіпцюрамі. Падыме крык, лаянку, адхвошча брыдкімі, нецэнзурнымі словамі.

Зняволеныя гаварылі паміж сабою:

— І як толькі зямля трымае такую поскудзь?!

Яго баяліся не толькі зняволеныя, але і калідорныя дзяжурныя, бо і да тых ён чапляўся, і яны яго ненавідзелі.

— Вунь ужо тая гадзюка, «крыкун», прыйшоў на дзяжурства,— гаварылі зняволеныя, калі чулі яго голас у калідоры.

А што рабілася ў калідорах, усё было чуваць і ў камерах. Ды і не толькі ў калідоры аднаго паверха, а нават на ўсіх.

Можна было падумаць, што ў часе будаўніцтва турмы дапусцілі памылку: не ізалявалі камеры ад калідораў, а калідоры ад камер і пакояў-кабінетаў следчых. Што рабілася на першым паверсе (у кабінетах следчых), усё было чуваць нават у камерах чацвёртага паверха. Ды ўдзень гэта яшчэ сяк-так, працоўны рытм гэтай фабрыкі жахаў прыглушалі навакольныя гукі, а вось ноччу дзікія крыкі катаў і іх ахвяр пранікалі за жалезныя запоры кожнай камеры-клеткі і наводзілі страх на ўсіх іх насельнікаў-пакутнікаў. А можа, гэта і спецыяльна было так зроблена, каб наперад запалохаць ахвяр, псіхалагічна падрыхтаваць іх да прызнання свае «віны». Хто ведае?