Дзякуючы такой акустыцы, зняволеныя ведалі натуры не толькі тых турэмных начальнікаў, з якімі яны мелі дачыненні на працягу дня, але і тых, з якімі ніколі не сустракаліся і ніколі не сустрэнуцца. І адразу пазнавалі па голасе, па крыку, па бруднай і брыдкай лаянцы ў сваіх кабінетах у час следства.
— Вунь ужо гэты драпежны звер пачынае свой «працоўны дзень»,— гаварылі зняволеныя ў камерах.— Хутка ад яго вынесуць яшчэ адну знявечаную ахвяру.
А з першага паверха ляцелі брыдкія, нечалавечыя крыкі-словы, якія не кожнаму даводзілася чуць на свабодзе. Услед за імі чуліся крыкі ахвяры, якая прасіла ратунку. Ды толькі хто яе тут будзе ратаваць? Не для таго тут апынуліся людзі, каб з імі лічыліся і абыходзіліся па-людску. Тут панаваў закон джунгляў: моцны душыў слабага. Следчыя любымі сродкамі выбівалі са сваіх ахвяр «прызнанні».
«І адкуль толькі паназбіралася такая зграя, дзе іх павышуквалі, хто іх нарадзіў і ўзгадаваў?» — думаў Міхась.
Каб да жніўня гэтага года хто-небудзь сказаў яму, што дзесьці ёсць такія людзі-дзікуны, ён бы плюнуў такому чалавеку ў твар. А цяпер пераканаўся, што і сярод людзей ёсць дзікуны і драпежныя звяры.
Сярод усіх катаў асабліва вызначаўся адзін драпежнік-гарлапан, якога завочна ведала ўся турма. Сваім дзікім крыкам ён падымаў на ногі ўсіх насельнікаў турэмнага корпуса. Нікому не давалі спаць яго маты-пераматы. Яго пракліналі ўсе зняволеныя і малілі ўсявышняга паслаць на яго галаву самае вялікае пракляцце. І, можа, іх маленні хоць раз ды былі пачуты.
Аднойчы, гадзіны ў чатыры ночы, услед за наступальным крыкам гэтага ката пачуўся контрнаступальны крык ахвяры, а потым і дзікі, ашаламляльны крык першага, таго самага ката, які ўжо сам прасіў дапамогі і літасці. І калі тая дапамога падаспела, ён, чуваць было, па-воўчы выў, прыгаворваючы:
— Ён жа — кулацкая морда, шпіёнская контра!.. За што ён мяне?.. Што я яму зрабіў?.. У-у-у!.. Падонак смярдзючы!.. Ы-ы-ы!..
— Супакойся, супакойся. Не трэба. Перастань раўці,— угаворвалі яго.— Не забывай, што ты следчы. Не прыніжай сябе.
— Дык за што ж ён мяне? Ах, контра праклятая!..
— Пытаеш, за што? За тое, за што і ты яго,— адказалі яму па-сяброўску.
— Дык я ж за дзела контру!.. Ой, гадзюка!..
— Хопіць распускаць нюні! — пачуўся начальніцкі голас.— Наперад разумнейшы будзеш.
Як пасля стала вядома, здарылася вось што. Гэты звяруга-следчы натрапіў на былога чэкіста першых паслярэвалюцыйных гадоў, які па стане здароўя ўжо звольніўся са свае службы і працаваў на сельскай гаспадарцы. Арыштавалі яго на пасадзе старшыні калгаса і прывезлі ў «Крыжы». Прымушалі прызнацца, што ён — шпіён, кулацкі сын і шкоднік калгаснай гаспадаркі, ад чаго ён рашуча адмовіўся. Тады «абаронца рэвалюцыйных заваёў» пусціў у ход кулакі — скарыстаў свой каронны нумар. І, канечне, адразу ж атрымаў контр-удар. Былы чэкіст аказаўся мацнейшым і спрытнейшым за сённяшняга чэкіста-садыста. За нейкую хвіліну ён ледзь не дастаў са свайго крыўдзіцеля яго чорную душу. Выратаваў яго крык аб дапамозе, якая была тут жа, блізка.
Пасля таго выпадку больш не чуваць было голасу звяругі-следчага. А чаму — невядома. Адно з двух: ці ён перайначыўся, паразумнеў, ці яго спісалі. А мо перавялі ў іншае месца.
Але неўзабаве пасля таго здарэння начны спакой зняволеных пачаў парушаць балючы да слёз крык пакутніка«шпіёна», якога колькі начэй запар катавалі на крузе корпуса (круг — гэта месца ў корпусе-«крыжы», адкуль разыходзяцца ў чатыры бакі яго чатыры крылы). Казалі, што там дапытвалі недазволенымі прыёмамі кітайца ці карэйца, якога абвінавачвалі ў шпіёнстве. Так працягвалася з тыдзень, і нарэшце ўсё сціхла. Ці ён «раскалоўся» і падпісаў на сябе пратакол, ці без подпісу пайшоў да сваіх продкаў. Іншага не магло быць: такая спускалася зверху ўстаноўка.
Міхась сядзеў (легчы не было як) і думаў: «Да чаго ж мы дажылі? Што ж гэта робіцца на белым свеце? Няўжо ў Крамлі не ведаюць пра гэта? Чаму ж маўчыць сам Сталін? Не, пэўна, яму невядома пра ўсё».
Садысты
Не паспеў Міхась давесці сваіх горкіх думак да ладу, як з громам адчыніліся жалезныя дзверы ў камеры. Ахоўнік-канваір у салдацкай форме, у шапцы з блакітным аколышам назваў яго прозвішча і скамандаваў ісці наперад. Міхась ішоў, куды яму загадваў канваір.