Яго прывялі ў той жа самы кабінет, у якім дзесяць дзён таму назад бралі анкетныя даныя. Кабінет быў той жа, а гаспадары — следчы і яго памочнік — другія. Яны ветліва прапанавалі яму сесці і павялі далёкую ад справы размову:
— Як самаадчуванне? Як здароўе?
— Дзякую, нішто сабе,— насцярожыўся Міхась.
— Пэўна, знудзіліся за гэтыя тры месяцы? І па сям’і сумуеце? — працягваў следчы.
«Ах, гадзюка,— падумаў Міхась,— адкуль пачынае пад’язджаць!» Але змоўчаў, не сказаў ні слова.
— Магу абрадаваць вас з прыбаўкай у сям’і і павіншаваць.
— Калі ведаеце, то скажыце, хто нарадзіўся?
— А ці ж вы не ведаеце? Ну і баця, не ведае, каго яму прывяла жонка! Добры гусь, выдатны сем’янін!
— Адкуль жа я магу ведаць, калі вы столькі часу трымаеце мяне ў гэтай мышалоўцы, хаваючы ад усяго белага свету, у тым ліку і ад сям’і?
— Ну, хопіць. Навошта так расстройвацца?
— І ўсё ж такі, хто ў мяне нарадзіўся? — не адставаў Міхась.
— Исполнились желания отца — сын.
— А як зваць, калі не сакрэт?
— Як і жадаў таго бацька — Алегам.
«Значыць, праўду гаворыць. Ён паспеў сустрэцца з Таісай»,— зноў падумаў Міхась і сказаў:
— Дзякую за дарагую для мяне навіну.
— Бачыце, як мы пра вас клапоцімся?
Тут Міхась таксама змоўчаў. А «дабрадзей» працягваў:
— Мы да вас адносімся шчыра, па-сяброўску, і хацелася б, каб і вы з намі таксама былі ўзаемна шчырымі. Дарэчы, як у вас з рускай мовай? Беларускую-то вы добра ведаеце, бо на ёй пішаце.
— З рускай я таксама ў згодзе. Чатыры гады вучыў яе ў інстытуце і атрымаў права выкладаць у сярэдняй школе, але ваш «санаторый» перашкодзіў.
— Ну, нічога, у жыцці ўсякае здараецца. Яшчэ і ў школе паспееце папрацаваць. У Манчагорску пакуль што і без вас абыдуцца.
«Во падлюка, усё ведае, усе звесткі пра мяне пазбіраў. Недарэмна тры месяцы марынаваў»,— падумаў са злосцю Міхась.
— Я вось чаму завёў гутарку на гэту тэму. Хачу папрасіць вас пачытаць пратаколы допытаў іншых асоб і паправіць у іх граматычныя памылкі. Як вы глядзіце на гэта? Можаце зрабіць нам такую паслугу?
— А чаму ж і не? Добрым людзям я заўсёды іду насустрач,— тут ужо хітрыў і Міхась.— Давайце вашы пратаколы, я гатовы.
Гадзіны тры-чатыры Міхась чытаў непісьменную мазню следчага. Паправіў сотні памылак — і арфаграфічных, і пунктуацыйных. Дзе трэба было, дабіраўся і да стылю гэтых «твораў». Да раніцы ўсё было гатова. Калі ж ён усё гэта перадаў следчаму, той спачатку пачырванеў, а потым збялеў, але стрымаўся.
— Дзякую за карысную працу,— сказаў ён.— А то мы тут так запрацаваліся, што не маем часу праверыць тое, што напісалі самі,— спрабаваў апраўдацца ў сваім невуцтве.— Цяжкая і няўдзячная наша работа. Самі бачыце.
— Дзякаваць няма за што. Вы ж самі сказалі, што мы павінны дапамагаць адзін аднаму,— працягваў хітрыць і Міхась.
— Слухайце, Асцёрскі, мне штосьці знаёмае ваша прозвішча. Гэта не ваш брат нейкі час знаходзіўся пад следствам у нашых органах? Толькі не ў Ленінградзе, а ў Мінску?
— Мой, толькі не родны, а стрыечны. Цяпер і я вас таксама ўспомніў. Я браў у вас дазвол на сустрэчу з ім у мінскай турме.
— А дзе ён, ваш брат, зараз? Ён жа, па-мойму, таксама літаратар?
— Не ведаю дзе, пэўна, у Мінску.
— Мы яго тады трошкі патрымалі і выпусцілі. Вас таксама выпусцім, калі будзеце гаварыць толькі праўду.
«Дык вось чаму яны так доўга рыхтаваліся да наступлення на мяне, чакалі з Мінска гэтага экзекутара, які праславіўся там сваім уменнем «размаўляць» з беларускімі пісьменнікамі сваёй жорсткасцю. Гэта трэніраваны садыст-інквізітар. Пра яго мне многа расказваў Мікола. Гэта ён катаваў Лукаша Калюгу, Змітрака Астапенку, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Кліма Грыневіча, Змітра Віталіна і іншых беларускіх літаратараў. Так, гэта той самы Фамін».
— Дык вось, Асцёрскі, сёння мы з вамі пагаварылі так сабе, па душах, а заўтра пачнем наступаць на вас, калі вы не будзеце памяркоўны.
— Я вас не разумею. Як гэта наступаць?
— Як? Даведаецеся, калі зноў прывядуць вас у гэты кабінет. А пакуль — бывайце здаровы!
Назаўтра, апоўначы, грымнулі запоры жалезных дзвярэй камеры, і канваір, трымаючы ў руцэ паперку, гучна спытаў:
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе?
— Я,— адказаў Міхась.
— На выхад! — скамандаваў канваір і павёў Міхася той жа дарогай, што і ўчора. Як і ўчора, сам ішоў ззаду, а Міхась наперадзе.
— Вось бачыце, я не хлушу. Сказаў, што сустрэнемся сёння, і сустрэліся. А таму прашу і вас быць шчырымі — гаварыць толькі праўду-матку.