Выбрать главу

— А я і не збіраюся хлусіць. Гаварыць буду толькі праўду, як гэта я раблю ўсё маё свядомае жыццё.

— Вось і добра. Раскажыце нам, толькі шчыра, як вы дайшлі да жыцця такога?

— Я вас, грамадзянін следчы, не разумею.

— Не разумееце? Скажыце нам, як вы трапілі ў гэту турму?

— На гэта пытанне я папрасіў бы адказаць вас.

— Не я ж рабіў злачынствы, а вы,— прыкінуўся пакрыўджаным Фамін.

— Я ніякага злачынства не рабіў, а значыць, і расказваць няма пра што.

— Не рабілі, кажаце?

— Не! — катэгарычна адмовіўся Міхась.

— Ах, дык ты рашыў адпірацца?! Устаць! — закіпеў ад злосці следчы.— Калі ты забыўся, дык я нагадаю табе, што ты рабіў на працягу некалькіх апошніх гадоў.

— Калі ласка, мне і самому цікава будзе паслухаць,— не стрымаўся Міхась.

— Пэўна, не вельмі цікава. Страшна! Па-першае, ты ўзначальваў кіраўніцтва Ленінградскага аддзялення Беларускага нацыянал-дэмакратычнага цэнтра, якім кіраваў у Мінску мацёры, спрактыкаваны вораг нашай дзяржавы Цішка Гартны і членамі якога былі Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Платон Галавач і іншыя. Дык вось, ты са сваімі ленінградскімі нацдэмамі-галаварэзамі разам з Каталынавым і яго хеўрай падрыхтаваў забойства таварыша Кірава. Пасля рыхтаваў замах і на членаў Палітбюро на чале з таварышам Сталіным, якія суправаджалі труну з целам забітага вамі Кірава. Толькі гэтага ўжо вам зрабіць не ўдалося. Нашы органы падсеклі вам крылы — абясшкодзілі Каталынава з яго групай. Вы ж замаскіраваліся. Цяпер табе зразумела? Як бачыш, мы ўсё ведаем.

— А доказы дзе? — гнеўна спытаў Міхась.

— Доказы ёсць, хоць адбаўляй!

— Няма ў вас ніякіх доказаў і быць не можа, таму што гэта ліпа!

— Не хвалюйся, пакажам, калі трэба будзе. Усяму свой час.

— І ўсё ж я хацеў бы бачыць вашы доказы.

— Калі ласка,— ён дастаў з папкі аркуш паперы і прачытаў:

Прыйдзе час —

мы разлічымся крута!

Прыйдзе час крышыць і ламаць!

Дзынкнуць каты

сваімі путамі

І навек жыццю скажуць:

«Бывай!..»

Твой верш? Пазнаеш?

— Не верш, а радкі з верша,— паправіў яго Міхась.

— Дык каго гэта ты збіраешся сам і заклікаеш іншых крышыць і ламаць? Нашу свяшчэнную Савецкую Радзіму?

— Што ж вы выхопліваеце асобныя радкі з майго вялікага верша, які я, дарэчы, нідзе не публікаваў, і ўкладваеце ў яго патрэбны вам сэнс, а мне прыклейваеце ярлык «ворага народа»? Давайце я вазьму любы твор Маркса ці Леніна, зраблю такую ж самую рэвізію, і атрымаецца тое ж самае — контррэвалюцыя.

— Ты мне Маркса і Леніна не чапай, яны святыя для нас! — зароў следчы і пачырванеў, увесь наліўся крывёю.

— А мяне граззю можна абліваць? Знарок выхопліваеце з тэкста адну страфу і прышываеце мне контррэвалюцыю!

— Не адну страку, а сем! — абурыўся той.

— Сем строк, ці радкоў, а страфа ўсяго адна,— даказваў Міхась.— Гэта ж паэзія, а не проза.

— Ты мне зубы не загаворвай, страфа і страка — гэта адно і тое ж! Выкручваешся, хочаш уцячы ад адказнасці? Не выйдзе!

— Грамадзянін Фамін, паслухайце мяне. Я ніколі не браўся за справу, якой не разумеў, а вы ўзяліся,— асмялеў Міхась.— Як вам не сорамна! Паўтараю — гэта страфа, а не страка (радок), узятая з майго верша «Ліст з Амерыкі», дзе расказваецца пра былога падпольшчыка, удзельніка рэвалюцыі 1905 года, які ад царскіх жандараў уцёк у Амерыку, думаў, што там знойдзе прытулак, але памыліўся. Як кажуць, хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Ён цалкам расчараваўся ў тым хвалёным «раі» і чакаў моманту, калі і амерыканскі народ разлічыцца са сваімі прыгнятальнікамі. Вось для каго прыйдзе час «крышыць і ламаць», а не для сыноў нашай Радзімы, якая мяне нарадзіла і ўзгадавала. Не трэба перакручваць сэнс. Гэта несумленна з вашага боку, грамадзянін следчы.

— Ты яшчэ будзеш мяне вучыць і сарамаціць, чарвяк няшчасны! Ты лепш назаві сваіх хаўруснікаў па падрыхтоўцы бруднай справы супраць нашай квітнеючай дзяржавы і яе выдатных дзеячаў,— наступаў на яго азвярэлы следчы.

— Няма ў мяне ніякіх хаўруснікаў, як няма і самой «бруднай справы». Няма і прыдуманай вамі беларускай нацыяналістычнай арганізацыі, а значыць, і яе членаў.

— Няма, кажаш? А Сапун, Пугач, Праташчык, Галуза, Жук? Хопіць ці яшчэ назваць?

— Гэта ж члены нашага літаратурнага гуртка пры Беларускім доме асветы ў Ленінградзе.

— Так, і члены тваёй антысавецкай, нацыяналістычнай арганізацыі. Ці ж не з імі ты хацеў ўзарваць вадакачку ў Колтушах, што непадалёку ад лабараторый акадэміка Паўлава?

— У Колтушах, побач з паўлаўскімі лабараторыямі, ніколі не было ніякай вадакачкі, як і самой чыгункі. Гэта чыесьці выдумкі,— адказаў Міхась.