— Канечне, цяпер няма, яе ўзарвалі твае хаўруснікі пасля твайго арышту. А ты кажаш, што і чыгункі там няма. Выкручваешся? Але пакінем пакуль вадакачку,— манеўраваў следчы.— Адкажы мне на такое пытанне: ты жывеш у рускім горадзе, а пішаш па-беларуску. Чаму? Што ці хто цябе прымушае рабіць гэта?
— Таму, што я беларус, і пішу на сваёй роднай мове. Гэта мова матчына. А што датычыцца адукацыі, дык яе можна набываць усюды, было б толькі жаданне.
— Добра, дапусцім, што гэта так. А чаму тваю кніжку вершаў рэдагаваў нацдэм Платун, які пралез быў у нарком асветы БССР? — не адставаў следчы.
— Па-першае, рэдактараў для сваіх кніжак, як і дзеці бацькоў, не выбіраюць. Іх назначае выдавецтва. А па-другое, вельмі здзіўлены і ўражаны, што нехта Платуна занёс у спісы нацдэмаў. Я ведаў яго як наркома асветы БССР. Адкуль у вас такія звесткі?
— Адтуль, што я вёў яго справу. Пэўна, невыпадкова і тое, што ты вучыўся ў педінстытуце, які носіць, вярней, ужо насіў імя ворага народа Бубнава.
— А што, і Бубнаў рэпрэсіраваны?
— Не прыкідвайся дурнем, ты і сам усё гэта ведаеш.
— Ну, тады давайце саджайце ўсіх студэнтаў былога майго інстытута, Ленінградскага універсітэта і Маскоўскага педінстытута, бо яны таксама носяць імя гэтага дзяржаўнага дзеяча.
— Каго трэба, пасадзім без тваёй парады і падказкі. Ты лепш раскажы нам аб сваёй варожай дзейнасці. А калі не хочаш расказваць, падпішы падрыхтаванае мною прызнанне. Адпірацца тут няма ніякага сэнсу, бо ты злоўлены з доказамі злачынства.
— Што вы прыдумляеце? Дзе і з чым я злоўлены? Сказанае вамі трэба яшчэ даказаць, а вы не можаце, таму што няма чым.
— Не будзеш? Упіраешся? Граеш на нервах?
— Ніякіх ліпавых паперак я падпісваць не буду! — рашуча заявіў Міхась.
— Падпішаш! Куды ты дзенешся? — здзекаваўся следчы.
— Не падпішу і нагаворваць на сябе не буду!
Пасля гэтых слоў Міхася следчы націснуў кнопку, і ў кабінеце паявілася фігура ў блакітнай фуражцы.
— На ветрык яго! — загадаў зларадна Фамін.
Міхася завялі ў суседні пакой, адчынілі дзверы і акно, што супраць дзвярэй,— зрабілі скразняк. Загадалі зняць вельветавую куртку. Было гэта ў тры гадзіны ночы, за акном быў мароз — мо якіх градусаў дзесяць, не менш. Турэмны двор быў пакрыты рэдкім снегам. Вецер, хоць і ноччу, не сціхаў — надвор’е было ветранае. Так што стаяць на скразняку некалькі гадзін для Міхася было немалою пакутай, але ён, сцяўшы зубы, трымаўся. «Толькі не прастудзіцца,— цвердзіў ён сабе,— толькі не прастудзіцца».
У шэсць гадзін раніцы прагрымеў званок на пад’ём, і Міхася адразу ж перавялі ў калідор і загадалі стаць тварам да сцяны. Што гэта азначала, ён яшчэ не ведаў.
Разнеслі па камерах хлеб, баланду, кіпяток, а Міхасю ніхто нічога не сказаў — нібы яго і не было ля сцяны. Час цягнуўся марудна. Абед і вячэра таксама «прайшлі» міма яго.
Так ён прастаяў да 12 гадзін ночы. Спрабаваў звяртацца да дзяжурнага па корпусе («красаўчыка»), што яму рабіць далей, але той толькі гыркнуў:
— Стой і чакай таго, хто цябе паставіў!
Адзіным ратункам было тое, што ён мог папрасіць дазволу ў любога турэмшчыка, які праходзіў міма, схадзіць у туалет. Каб не гэта, можна было застаяцца і ўпасці. І Міхась стараўся скарыстоўваць такую магчымасць, каб ратавацца. Сілы яшчэ спатрэбяцца, па ўсім відаць, што гэта толькі пачатак.
У 12 гадзін наступнай ночы яго зноў павялі на допыт і паставілі перад следчым Фаміным.
— Зняволены Асцёрскі, адкуль у цябе такое хвацкае прозвішча? — спытаў Фамін.
— Пра гэта лепш было б спытаць у майго бацькі, ён лепш ведае.
— Не язві! Лепш скажы мне: ты — паляк?
— Я такі паляк, як вы француз,— дзёрзка адказаў Міхась.
— Тады адкуль у цябе такое польскае прозвішча на -скі?
— Такім пытаннем не займаўся, бо няма ніякай патрэбы.
— Ухіляешся ад прамога адказу! Навошта ты хаваеш сваё сапраўднае паходжанне?
— Мне няма чаго хаваць ад вас, я — беларус, і вы гэта добра ведаеце. Цікава, учора абвінавачвалі мяне ў беларускай нацдэмаўшчыне, а сёння ў тым, што я быццам бы — паляк. А што тут дрэннага, калі б і на самой справе я быў палякам? Ці ж палякі не людзі?
— Усе палякі — фашысты. Вось у чым справа,— патлумачыў Фамін.— Вы, нацдэмы, і паляка Кастуся Каліноўскага зрабілі беларусам, а таксама і Дуніна-Марцінкевіча.
— Яны і ёсць сапраўдныя беларусы,— не адступаў Міхась.
— Бачу я, што вы там — адна банда,— сказаў Фамін, не здолеўшы абвергнуць Міхася.— Ты быў членам праўлення Беларуска-польскага дома асветы ў Ленінградзе і пры ім Беларускага зямляцтва?