— Зняволены, тут спаць няможна!
— А дзе можна, скажыце? — не разумеючы яго, пытаўся Міхась. Ён думаў, што няможна толькі ля батарэі.
— Не ведаю дзе, а тут, у камеры, няможна.
— Добра, калі няможна, паспрабую трымацца.
Дзверы зачыніліся, і Міхась пачаў маршыраваць па камеры, каб развеяць сон і не зябнуць. Разоў дзесяць ён прайшоўся туды-сюды і зноў сеў на ранейшае месца. Праз лічаныя хвіліны ён зноў задрамаў, а можа, і заснуў. І тут зноў жа загрымелі запоры турэмных дзвярэй. Да Міхася падышоў той жа турэмшчык — калідорны дзяжурны — і пагрозліва загаварыў:
— Я каму гаварыў, што спаць тут няможна?!
— Вінаваты, даруйце, не вытрымаў, грамадзянін дзяжурны, пастараюся не спаць.
— Калі яшчэ раз паўтарыцца, крыўдуйце на сябе — згнаю ў карцары!
— Буду старацца, даруйце,— няўпэўнена паабяцаў Міхась.
Ён зноў пачаў адмерваць крокі па камеры. Так ён хадзіў, пэўна, з паўгадзіны, пакуль не стаміўся. Потым зноў гэтак жа сеў спінаю да батарэі і не заўважыў, як зноў заснуў. І спаў так моцна, што не пачуў, як адчыніліся жалезныя дзверы. Ён нічога не мог зразумець нават і тады, калі яго пачаў катурхаць грозны турэмшчык.
— Ты за каго мяне лічыш? За сабаку? Дзе ж тваё чэснае слова? Згнаю! — зароў ён на ўсю камеру.
Міхась моўчкі ўскочыў на ногі і з нейкім рашучым выглядам на твары стаў супраць свайго мучыцеля, ад чаго той неяк задам падаўся бліжэй да дзвярэй, а потым апынуўся і за дзвярыма.
— Ідзі сюды,— сказаў Міхась,— не бойся, я цябе не з’ем.
— А я і не баюся,— неяк няўпэўнена сказаў турэмшчык.— Не такіх бачыў.
— Скажы, ты чалавек? — спытаўся ў яго Міхась.
— А хто ж я па-твойму, жывёліна? Чалавек!
— Я таксама чалавек, хоць і арыштант. Дык няўжо ж чалавек чалавека не зможа зразумець? Вось уяві сябе на маім месцы.
— Я на тваім месцы не быў і ніколі не буду! — адрэзаў турэмшчык.
— Не заракайся. Колькі часу таму назад я і сам вось так жа думаў, а сёння... Паглядзі, што робіцца вакол, што робяць з добрымі людзьмі!
— Што ты хочаш сказаць гэтым? Што ты ад мяне хочаш? На што правакуеш мяне?
— Слухай, браток...
— Які я табе браток? — са злосцю перабіў Міхася турэмшчык.
— Ну дай дагаварыць! Як ты думаеш, колькі часу чалавек можа пражыць без сну?
— Не ведаю, я не доктар. І навошта мне ведаць?
— А вось навошта. Я не сплю ўжо цэлы тыдзень. Магу я далей так жыць, як ты думаеш?
— Не ведаю. І што ты хочаш ад мяне? На што ты мяне агітуеш? — пачаў ён паступова здавацца.
— Я хачу аднаго — дазволь мне трошкі паспаць. Я ведаю, што табе загадалі не даваць мне спаць. Але не бойся, я цябе не падвяду. Як толькі пачую сігнал трывогі, я адразу ж буду на нагах. Паўтараю — я цябе не падвяду.
— Ну, што з табой зробіш? Паспі трошкі, але глядзі, не падводзь,— нарэшце згадзіўся турэмшчык.
Не паспелі зачыніцца дзверы, як Міхась сеў на тое ж самае месца і адразу заснуў.
Колькі ён так праспаў, Міхась і сам не ведае, але як толькі загрымелі запоры ў дзвярах, тут жа ўскочыў на ногі і стаяў па камандзе «смірна».
— Малайчына! — пахваліў яго ўчарашні грозны турэмшчык.— Я прынёс табе вячэру. Абед таксама стаіць. Я заходзіў у камеру, але не стаў будзіць цябе — пашкадаваў. Так што еш адразу і абед, і вячэру. Хутка прынясу чай.
Міхась прагна накінуўся на абед і на вячэру. Неўзабаве прыбыў і кіпяток, які называўся чаем, таму што быў трошкі падфарбаваны. У прысутнасці турэмшчыка ён выпіў і чай. І тут жа асмеліўся яшчэ раз звярнуцца з просьбай.
— Браток, дазволь мне яшчэ трошкі прыдрамаць. Бо я не ведаю, калі яшчэ дачакаюся такое раскошы.
— Добра, адпачывай. Я бачу, ты неблагі чалавек.
— Дзякую табе, добры чалавек!
Міхась сеў і падумаў: «А ўсё ж такі не перавяліся добрыя людзі. Яны нават і сярод турэмшчыкаў ёсць».
Так ён правёў у забыцці яшчэ гадзін колькі. А потым, як звычайна, сярод ночы, ён пачуў, як грымнулі дзверы, і Міхась у адзін момант апынуўся на нагах, як салдат. Турэмшчык паблажліва ўсміхнуўся. Ахоўнік-канваір у блакітнай фуражцы па той бок калідора гучным голасам спытаў:
— Фа-ми-ли-е ва-ше?
Не хацелася задзірацца з канваірам, выгаворваць яму яго некультурнасць.
— Асцёрскі,— прымірэнча адказаў Міхась.— Куды мяне?
— На кудыкіну гару,— груба адказаў канваір.— Ты ж, пэўна, не навічок тут, ведаеш, куды водзяць пад канвоем.