Выбрать главу

Калі дайшлі да кабінета, дзе чацвёра сутак таму назад адбылася сутычка ў следчага, і ахоўнік паказаў на дзверы, у Міхася раптам аслабелі ногі: далей ісці ён не мог...

— Ну, чаго стаў? Ідзі! — скамандаваў ахоўнік.

— Не магу,— вырвалася з грудзей у Міхася.

Яму адразу прыгадалася ўсё, што там рабілася. Нейкі страх авалодаў усёй яго істотай. Ён падумаў: «Вядуць за разлікам, будуць метадычна адымаць жыццё. Смерці я не баюся, баюся пакут. А тут жа на гэта здатныя, ды яшчэ пасля такога выпадку... Нездарма ж загадвалі калідорнаму дзяжурнаму забараняць мне спаць».

— Ідзі! — яшчэ раз паўтарыў канваір.

— Не магу, ногі не служаць,— прызнаўся Міхась.

Тады канваір сам адчыніў дзверы кабінета і проста ўпіхнуў туды Міхася.

У кабінеце за сталом следчага сядзеў той самы начальнік аддзялення, маёр Байцоў. Ён абвёў вачыма Міхася і ветліва сказаў:

— Садзіся, таварыш Асцёрскі!

— Дзякую,— не паверыўшы сваім вушам, падзякаваў Міхась.

— Ну, як справы, паэт-настаўнік? — Відаць, ён ужо паспеў пазнаёміцца з паперамі на Міхася.— Як адпачывалася-спалася?

— Адпачываць адпачывалася, а вось спаць не давялося,— схітрыў Міхась. Нельга ж падводзіць чалавека, які дазволіў такое.

— А чаму? — дапытваўся маёр, нібы ён нічога не ведаў.

— Не даваў калідорны дзяжурны.

— За самаўпраўства, за самадурства ён будзе пакараны,— працягваў хітрыць Байцоў.

Пасля гэтых слоў ён адразу ж перавярнуў пласцінку на другі бок:

— Скажыце, Асцёрскі, вы не забыліся, што тры-чатыры дні таму назад вы нарабілі вось у гэтым кабінеце?

— Не забыў, грамадзянін начальнік, вымушана ўвязаўся ў бойку са следчымі. Непрыемны выпадак,— вінавата адказаў Міхась.

— Бойкі бываюць розныя, а гэта аказалася асаблівай: вы тады забілі чалавека — следчага Фаміна.

— Як гэта забіў? — здзівіўся Міхась.— Абараняючыся, я ударыў яго адзін раз — і ўсё. Гэта я добра памятаю, а наконт забойства — гэта проста выдумка.

— Якая выдумка! Яго ўчора пахавалі. Ну, і чорт з ім! Сабаку сабачая смерць!.. А вось нам з вамі яшчэ жыць ды жыць, спраў наперадзе многа. Я бачу, што вы наш, савецкі чалавек, але прайдзісветы абвялі вас вакол пальца, антысаветчыкі заблыталі ў варожую павуціну, з якой вы самі і не выблыталіся б, каб на дапамогу не прыйшлі нашы органы, якімі кіруе спрактыкаваны ленінец Мікалай Іванавіч Яжоў. Бачыце,— ён паказаў на вялізны партрэт «ленінца» побач з партрэтам Сталіна на сцяне кабінета,— як ён трымае іх, гэтых антысаветчыкаў, у сваіх яжоўскіх рукавіцах? Ён, а разам з ім і мы, ратуем такіх, як вы, грэшных, ад сапраўднай контры. У каго вучыўся Мікалай Іванавіч? У самога Дзяржынскага, які з першых дзён савецкай улады пачаў ваяваць з усёй гэтай поганню. Мы таксама вучымся ў яго. На долю Дзяржынскага выпаў нялёгкі абавязак: міжнародная і ўнутраная контра. Не лягчэй і нам цяпер. Вы павінны ўсё заўважыць і ацаніць. Павінны зразумець нас і дапамагчы нам. Раскажыце, хто вас зацягнуў у гэта балота. За гэта сурова караць вас не будуць, дадуць гады тры, і ўсё. А інакш вас могуць шлёпнуць. Зразумелі? Распішыцеся на гэтай паперцы, і мы з вамі квіты.

— Дзякую за павучальную лекцыю, але падпісвацца пад фальшыўкай я не буду. Калі я гэта зраблю, мяне, як вы кажаце, шлёпнуць, а не падпішу — судзіць няма за што.

— Значыць, не падпішаце? — трохі падумаўшы, спытаўся маёр.

— Не! — цвёрда адказаў Міхась.

— Ну што ж, я вымушаны буду пасадзіць вас у карцэр.

— Воля і ўлада ваша, таварыш маёр.

— Я вам не таварыш. Вам таварыш Бухарын са сваёю хеўрай! — ашчэрыўся маёр.

— Прабачце, грамадзянін начальнік,— паправіўся Міхась.

Маёр націснуў на кнопку, і ў кабінет зайшоў узброены пісталетам ахоўнік.

— Адвесці падследнага ў карцэр,— загадаў яму маёр.

  Халадзільнік

Той год у канцы лістапада ў Ленінградзе стаяла незвычайна халоднае надвор’е. Зямля ледзь пакрылася снегам, затое ўзяліся такія маразы, што Нява стала. І так моцна яе ўкавала, што па ледзяным люстры каталіся на каньках. Часам лёд на рацэ ажно трашчаў. Адным словам, зіма ўваходзіла ў сілу.

І вось такім часам Міхася пасадзілі ў карцэр, які ніколі не бывае цёплы. Наадварот, у ім былі спецыяльныя адтуліны, праз якія ўлетку можна было наганяць гарачыню, а зімою — холад. Усё гэта рабілася для таго, каб чалавек не вытрымаў такіх пакутаў і хутчэй «прызнаўся» ў сваіх «злачынствах».

Тут было ўсё каменнае: і сцены, і падлога, і ложак з «падушкай» на ім. Драўлянай была толькі адна палоска-дошка, умазаная пасярод ложка, дзе зняволены мог прылегчы. Акенца было доўгае, але вузкае — сантыметраў 15—20. Лямпа, якая была замацавана на сцяне пад столлю, ледзь-ледзь свяцілася, як лампадка над нябожчыкам. І яна была не для зручнасці насельніка карцэра, а для таго, каб калідорны дзяжурны мог назіраць за паводзінамі ахвяры. Гэта быў сапраўдны халадзільнік, у якім рэдкі чалавек мог вытрымаць значны час.