Перад тым як змясціць Міхася ў гэты ляднік, з яго садралі вельветавую куртку-талстоўку, знайшлі прыхаваныя 25 рублёў, адабралі папружку, абрэзалі ў штанах кручкі: нібы ён мог уцячы з карцэра!
Як толькі ён зайшоў у гэты змрочны лёх, яго адразу абдало холадам. Ён сеў на ложак, які больш нагадваў грабніцу, разгубіўся і не ведаў, што далей. Адно зразумеў, што жывым, а тым больш здаровым, адсюль не выйсці. «Што ж рабіць, што прыдумаць, каб не паміраць паступова цяжкай, пакутлівай смерцю? Які знайсці сродак для паратунку? Хто ці што ў гэтым дапаможа?» — разважаў ён сам з сабой.
І вось за сцяною пачуўся дзікі, душараздзіральны крык і просьба аб літасці:
— Ой!.. Ой!.. Ой!.. Паклічце следчага! Я не магу больш!..
Неўзабаве загучалі крокі, прыйшоў следчы.
— Ну што, паразумнеў на свежым паветры, апамятаўся? — голас быў здзеклівы: гаварыў уладар лёсу са сваёю ахвярай.— Падпісвайся і пойдзеш у цёплы пакой.
— Не магу, не магу!.. Я ж ні ў чым не вінаваты!
— Значыць, да цябе яшчэ не дайшло. Пасядзі, пакуль дойдзе,— гучна сказаў садыст-следчы.— Працвярэзішся больш — падпішаш.
Грымнулі дзверы, і ён пайшоў у свой кабінет, добра ведаючы, што ахвяра яго капітулюе, бо ў такім халадзільніку доўга не выцерпіш.
Такія размовы і крыкі Міхась пачуў за дзень некалькі разоў, урэшце ахвяра здавалася і рабіла тое, што ёй загадвалі.
«Не, я да такой нізасці не дайду! Паміраць буду, а літасці ў ката не папрашу! — сказаў сабе Міхась.— Толькі трэба прыдумаць штосьці, каб выратавацца ад ганебнай смерці і сораму перад людзьмі»,— думаў Міхась. І ён успомніў гімнастычныя практыкаванні на занятках па фізкультуры пад час вучобы ў інстытуце. Шчыра кажучы, тады ён гімнастыку не вельмі цаніў. Любіў больш скакаць, бегаць, ездзіць на лыжах, каньках, ганяць футбольны мяч. Наогул спорт ён любіў. І вось вырашыў узяцца менавіта за гімнастыку — яна падыходзіла да яго ўмоваў. Ён успомніў усе 32 такты, за якія ў свой час нават меў непрыемнасці ад фізрука, бо не ставіўся сур’ёзна. Ужо пасля першай спробы ён зразумеў, што гімнастыка — адзінае, што яго выратуе. Пасля пяці хвілін заняткаў ён сагрэўся, а пасля дзесяці напружанай працы рук, ног, тулава пачынаў пацець. Так ён рабіў з перапынкамі спачатку па дзесяць, а пасля і да пятнаццаці хвілін. Гэта, канечне, было прыблізна, таму што гадзіннік яго ляжаў недзе асобна ад яго — тут яго мець не дазвалялася. Але вязні ўмеюць вызначаць час па сонцы, па іншых прыкметах, а больш «на вока». Так што прыблізна хвілін 10—15 ён практыкаваўся, а потым столькі ж адпачываў на ложку з каменнаю падушкай. Пад спінаю была дошка, а заместа падушкі былі доўгія валасы і нават барада, якія ў яго адраслі ў «Крыжах» больш як за тры месяцы. У часе адпачынку Міхась і засынаў на некалькі хвілін — таксама некалькі разоў у суткі. І так ён рабіў і днём, і ноччу, бо проста прымушаў холад. Усё рабілася ўпотай ад турэмшчыкаў. Калі б тыя даведаліся пра яго хітрасць і далажылі следчым, тыя зрабілі б усё, каб пазбавіць сваю ахвяру і такой магчымасці грэцца. Ім трэба было «прызнанне», якое па-добраму не здабываецца ў такіх установах. Зламаць жа яго волю ім трэба было любой цаной.
Міхась ведаў, што за ім сочаць, а таму быў асцярожны — прыслухоўваўся да кожнага кроку калідорнага дзяжурнага. А калі зразумеў, што яго западозрылі і сочаць за ім, вырашыў зрабіць нечаканы манеўр, як кажуць шахматысты, зрабіць ход канём. Такое рашэнне Міхась прыняў пасля двух першых сутак цяжкіх пакут у халадзільніку. Бо за гэты час да яго ў карцэр заходзіў новы следчы — Рой (Фаміна Міхась больш ужо не бачыў) і тройчы — новы памочнік следчага. Яны спрабавалі ўгаварыць яго «раскалоцца» — падпісаць фальшыўку, інакш пагражалі замарозіць яго ў карцэры.
І вось, пачуўшы крокі калідорнага дзяжурнага, Міхась лёг на свой ложак-грабніцу, звесіў на падлогу адну нагу і адну руку, як гэта робяць людзі, якія трацяць прытомнасць, раскрыў рот і заплюшчыў вочы. Калідорны дзяжурны адкрыў «ваўчок» у дзвярах, паглядзеў раз, другі і прыйшоў да думкі, што Міхась страціў прытомнасць. Ён хуценька адчыніў дзверы, падышоў да вязня, паклікаў, потым крануў, але той ляжаў нерухома. Тады ён ледзь не бягом выскачыў з карцэра і скіраваў да следчага.
Праз лічаныя хвіліны ў карцэры быў следчы са сваім памочнікам. Яны памацалі халоднае цела, паднялі і зноў паклалі на «грабніцу», а самі пайшлі па дапамогу. Вярнуўшыся ўчатырох, яны ўзялі Міхася за рукі, за ногі і панеслі ў кабінет. Тут ужо быў турэмны фельчар, і яны разам пачалі «размарожваць» вязня. Церлі спіртам, згіналі-разгіналі яму рукі і ногі, лілі ў рот амаль што гарачы чай, для чаго спіцаю разнімалі зубы.