— Вы яго замарозілі! — папракала следчых турэмны фельчар.— Памагайце мне!
Міхась, як было і задумана, паступова пачаў «уваскрасаць»: спачатку калаціцца і ляскаць зубамі, потым стагнаць і адкрываць вочы.
Калі следчыя ўбачылі, што іх ахвяра трошкі ажыла, яны налілі шклянку чаю з цукрам, падсунулі пячэнне.
— Пі, сагравайся і закусвай, Асцёрскі,— частавалі і ў той жа час папракалі «дабрадзеі» Міхася: — Вось да чаго давяла цябе твая неразумная галава. Калі б ты адразу падпісаў прызнанне, дык і не пакутаваў бы.
На гэтыя словы Міхась не адказаў сваім мучыцелям нічога. Ён, нібы ў забыцці, сядзеў і глядзеў у адну кропку. Так ён «прагасцяваў» там гадзін некалькі. Можа, прасядзеў бы і больш, ды не хапіла вытрымкі. Седзячы ў крэсле, нібы ў забыцці, пачуў, як яго каты, каб неяк прабавіць час, пачалі чытаць вершы Пушкіна, дапускаючы пры гэтым грубыя памылкі — і ў націсках, і ў самых словах. Міхась забыўся на сваю «ролю» і пачаў іх папраўляць.
Яны як быццам толькі гэтага і чакалі. Адразу ажывіліся і тут жа накінуліся на сваю ахвяру:
— А, ён ужо ўваскрос, прыйшоў у норму! — усклікнуў Рой, новы Міхасёў следчы.— На, падпісвай!
— Што падпісваць? —з наіўным выглядам спытаўся Міхась.
— Прызнанне,— растлумачыў следчы.
— Ніякіх вашых фальшывых паперак я падпісваць не буду!
— Не будзеш?
— Не буду! — рашуча пацвердзіў свае словы Міхась.
— Зноў пойдзеш туды! — пагрозліва заявіў следчы.
— Нікуды я больш не пайду, акрамя сваёй камеры!
— Пойдзеш! Пакліч дзяжурнага,— звярнуўся Рой да свайго памочніка,— няхай ён адвядзе гэтага бандыта ў той жа маразільнік!
Хутка калідорны дзяжурны быў ужо ля дзвярэй кабінета следчага і загадаў Міхасю зноў ісці туды, адкуль яго прынеслі. Міхась не ішоў. Тады турэмшчык узяў яго за руку, але Міхась вырваўся. На дапамогу турэмшчыку кінуўся яшчэ адзін «фараон», але ўсё роўна Міхась не скараўся: вырваўся з іх рук. Тады ўмяшаліся следчыя, і яны ўчатырох, як і некалькі гадзін таму назад, схапілі Міхася за рукі, за ногі, дацягнулі да карцэра і праз адчыненыя дзверы кінулі туды, быццам мяшок з мукой, на каменную падлогу. Доўга Міхась ляжаў у забыцці ад удару галавою, ніяк не мог апрытомнець, пакуль не прабраў яго холад да самых касцей. А калі ачуняў, патрошкі зноў пачаў займацца гімнастыкай.
У канцы таго самага дня ў карцэр зайшоў дзяжурны па корпусе — «ліберал» — і прынёс Міхасю тую самую вельветавую куртку, якую з яго садралі, калі вялі ў гэты пракляты карцэр.
— Вазьміце вашу куртку, а то вам тут халодна,— сказаў «ліберал» дабрадушна.
— Дзякую вам за клопаты, але куртка мне не патрэбна,— адмовіўся Міхась.
— Вазьміце, а то замерзнеце,— угаворваў той вязня.— Вам яшчэ трэба жыць.
— Не вазьму, я хачу памерці,— упіраўся Міхась.
— Не дурыце, вы павінны жыць!
Міхась здаўся. Ён узяў куртку і спытаў:
— Грамадзянін дзяжурны, скажыце, калі ласка, ці доўга яшчэ прыйдзецца мне склець тут?
Ён звярнуўся да «ліберала» на ўсякі выпадак, бо яму следчыя гаварылі, што заганяюць яго сюды «навечна».
«Ліберал» дастаў з кішэні блакнот, што здзівіла Міхася, паглядзеў у яго і сказаў:
— Вам засталося тут быць роўна дванаццаць гадзін. Трымайцеся. Больш адпакутавалі, менш засталося,— развітаўся і пайшоў.
«Невыпадкова яго празвалі «лібералам»,— думаў Міхась.— Пасля ўсяго гэтага я назваў бы яго «гуманістам». Дзіўна, што і ў турме ён застаўся чалавекам. А тут патрэбны адны садысты».
Пэўна, да «ліберала» даходзіла, каго туды заганялі і ад каго трашчалі сцены славутай турмы. Хто ведае, можа, пасля і ён з турэмшчыка стаў арыштантам.
Калі Міхасю заставалася пакутаваць у тым лёху лічаныя гадзіны, да яго зачасцілі то следчы, то яго памочнік.
— Не дуры, Асцёрскі, падпісвай. Інакш ты не вылезеш з гэтай клеткі, загінеш,— пераконвалі яго «дабрадзеі».
— Ну, няхай сабе і загіну,— адказаў ім Міхась.— Вы таксама тут не вечныя,— гаварыў, а не прызнаваўся, што ведае ўжо, колькі яму засталося пакутаваць тут.
А пад самы канец тэрміну прыйшоў памочнік следчага і кійком выдушыў шкельцы адзінага доўгага, але вузкага акна: каб было яшчэ халадней. Урэшце абодва — і следчы, і яго памочнік — спачатку прымушалі, а потым ледзь не ўмольвалі Міхася паставіць свой подпіс пад напісанай імі фальшыўкай. Калі і тут нічога не дабіліся, загадалі Міхасю ісці за імі ў кабінет, але ён не кранаўся з месца. Тады яны паклікалі ахоўнікаў і з іх дапамогай прывялі ў кабінет. Там яны яшчэ колькі часу прымушалі яго падпісаць на сябе данос, але і цяпер у іх нічога не атрымалася.