Выбрать главу

«Перадачу аднясу, усё перадам, што просіць, а на спатканне не пайду — сорамна,— вырашыла яна.— Што я скажу яму цяпер? — разважала яна.— Ды і хто я цяпер яму? Здрадніца ці проста знаёмая? Не, не буду прасіцца на спатканне. Няхай мне ўсявышні даруе»,— рашуча сказала яна сабе.

Так і зрабіла: назбірала цэлы мяшок рэчаў і прадуктаў,— канечне, з дапамогай сяброў Міхася — і ўсё гэта, таксама з іх дапамогай адвезла ў перасыльную турму і перадала Міхасю цераз турэмных работнікаў. Да ўсяго гэтага прыклала і запіску.

  Парылка

Ленінградская перасыльная турма, разлічаная на чатыры тысячы «пасадачных» месц, у 37-м годзе штодзённа трымала ў сваіх сценах да сарака тысяч чалавек. І камеры, і калідоры, і падсобныя памяшканні былі забітыя зняволенымі, якіх рыхтавалі для адпраўкі ў лагеры паўночна-ўсходніх раёнаў краіны. Там не толькі ляжаць, але і сядзець не было дзе. За вялікае шчасце лічылася знайсці месца, каб свабодна было стаяць. Ляжалі і сядзелі па чарзе, ды і то гэта было прывілеяй смялейшых і дужэйшых. Тут ішла жорсткая барацьба за месца легчы, сесці і проста стаць. Зняволеныя згрупоўваліся паміж сабой і сілай адваёўвалі сабе месцы. Перамагалі заўсёды смелыя, рызыкоўныя і дужыя. А гэтымі якасцямі, як правіла, вызначаліся крымінальнікі — рэцыдывісты, забойцы, рабавальнікі, зладзеі — тыя, хто ведаў, за што яго сюды загналі, для каго турма — родны дом, з якога ён амаль ніколі не вылазіў. Хоць іх было і не так ужо многа ў параўнанні з так званымі палітычнымі, але яны былі больш згуртаваныя, а галоўнае, нахабныя. Вось яны і размяшчаліся, дзе ім захочацца, і хадзілі, не разбіраючы дарогі. Пад ногі яны ніколі не глядзелі: ці гэта падлога, ці чые-небудзь рэчы, ці ляжалі там людзі. Станавіліся людзям на ногі, на рукі, на тулава, нават на галаву. Крычы не крычы, абурайся не абурайся — ніхто цябе не пачуе, ніхто не прыйдзе на дапамогу, нягледзячы на тое, што вакол былі людзі. Тут панавалі законы тайгі і тундры — мацнейшы выжывае, слабейшы гіне. Гэтым галаварэзам магла супрацьстаяць толькі група дружных, смелых, фізічна моцных людзей.

Тут шмат хто з гэтага мурашніка пакрыўджаных богам і людзьмі гаротнікаў атрымліваў перадачы ад сваіх родных і блізкіх, але не кожны мог скарыстаць тое, што атрымліваў, не мог спажываць тое, што меў. Адымалі проста на вачах у людзей, і тыя маўчалі. Каму хацелася лезці на ражон, з-за некага рызыкаваць сабою! Бо гэтыя банды дзейнічалі заадно з турэмнаю аховай. Асобным людзям пры атрыманні перадач прызначалася нават узброеная ахова. Але ж ахоўнікі не будуць чакаць, пакуль ты спажывеш атрыманае. Ахоўнік прывядзе цябе на прызначанае месца і пойдзе на сваю вахту. А як толькі ён знікне, банда хапугаў навальваецца на чалавека і забірае ўвесь яго скарб.

Міхасю ў гэтых адносінах трошкі пашанцавала. Ён трапіў у кампанію надзейных і смелых людзей. З ім разам былі яго знаёмыя: Іван Сямёнавіч Сяргееў, Павел Лёсік, Мікалай Канеўскі (палітрук батальёна), Іван Беленькі, Рыгор Гайсёнак, Аляксандр Трошка. Амаль усе яны, акрамя Сяргеева,— ленінградскія беларусы. Паміж сабою былі вельмі дружнымі, а таму здолелі адразу адваяваць сабе зручнае і бяспечнае месца і абараніць усю сваю маёмасць. Праўда, асобныя бандыты спрабавалі пажывіцца за іх кошт, але кожны раз іх спасцігала няўдача. Важна падкрэсліць яшчэ і тое, што крымінальнікі не такія смелыя як сябе выстаўляюць. У душы яны баязліўцы. Варта толькі хоць адзін раз паказаць ім сваю сілу ці проста па-сапраўднаму прыгразіць ім, як яны потым перастаюць чапляцца да чалавека, а нават і абыходзяць яго.

Сумлення ў іх няма, яны паважаюць толькі сілу. Асноўная маса зняволеных, што выпадкова трапляла ў турмы, лагеры, калоніі — цярпела двайны прыгнёт: з аднаго боку — турэмнае, лагернае начальства, з другога — крымінальнікі — бандзюгі, блатнякі і зладзеі розных масцей, якія былі ў змове з адміністрацыяй лагераў і турмаў, нават дзяліліся сваёю здабычай са сваім начальствам, за што карысталіся рознымі прывілеямі. Тэрарызаваць палітычных зняволеных уваходзіла ў іх задачу і абавязкі перад адміністрацыяй. За гэта яны былі вызвалены ад фізічнай працы, якую пераклалі на плечы палітычных — каб хутчэй аддавалі богу душу...

Дык вось, Міхась атрымаў ад жонкі Таісы перадачу, прынёс яе ў свой кут. Перадача была вялікая, ён нават здзівіўся. Там былі асабістыя яго рэчы (адзенне, абутак) і прадукты — усё тое, што ён прасіў. Па самым аб’ёме перадачы (цэлы мяшок, як падняць) і па тых рэчах (адзенне), якія былі перададзены, ён здагадаўся, што гэта справа не адной Таісы. Да гэтага, няйначай, прыклалі свае намаганні яго верныя сябры па вучобе: Кастусь, Мікола, Сцяпан. Відаць, яны не пабаяліся, што іх будуць абвінавачваць у сувязях са «злачынцам» ці «ворагам народа». Міхасю гэта падымала настрой, бадзёрыла: пра яго не забылі!