— Ну, добра,— пагадзіўся той,— возьмем альбом цалкам.— Ён сказаў так, як быццам зрабіў нейкую вялікую ласку свайму субяседніку, а праўдзівей — ахвяры.
— Толькі вярніце яго ў такім жа выглядзе! — зноў не стрымалася Таіса, наіўна верачы ў тое, што яна яшчэ раз убачыць свой альбом.
— У нас нішто не губляецца і не псуецца,— буркнуў пакладзіста энкавэдыст.
На гэтым і закончыўся вобыск, на які пайшло каля трох гадзін. Засталіся толькі адны фармальнасці.
— Пакуль мы аформім акт,— сказаў старэйшы энкавэдыст да малодшага,— ты хуценька ідзі пашукай машыну.
— Ёсць, будзе зроблена.
Неўзабаве быў складзены акт, які падпісалі начальнік міліцэйскага нарада, домакіраўнік, сам арыштаваны — Міхась Асцёрскі. Хутка пасля гэтага вярнуўся і малодшы энкавэдыст, які паведаміў, што машын свабодных у горадзе няма, усе заняты. Але начальнік яму не паверыў і пайшоў званіць сам. Праз пэўны час ён таксама вярнуўся ні з чым.
— Ну што, Асцёрскі, не пашанцавала нам з вамі. Хацелі пракаціць з вецярком, ды нічога не атрымалася,— ці то сур’ёзна, ці то з іроніяй сказаў начальнік.— Прыйдзецца дабірацца пехатой. Вы не супраць?
— А калі я адкажуся ад вашай прапановы, дык вы зменіце сваё рашэнне? Вы ж добра ведаеце, што такога ў вашай практыцы не бывае. Гэтая ваша гаворка толькі для гаворкі,— адказаў Міхась свайму «дабрадзею».— Дарэчы, далёка трэба ісці?
— Не, недалёка, кіламетры два-тры. Турму «Кресты» ведаеце? Дык вось там і будзе наш фініш.
— «Кресты» я ведаю, неаднойчы ездзіў міма на трамваі. Яны нагадваюць нейкую фабрыку. Каб не калючы дрот і не вышкі з вартавымі, дык ніхто і не паверыў бы, што гэта турма.
— Ну, збірайцеся, а то хутка пачне днець, пайшла пятая гадзіна раніцы.
— Зараз, толькі пераапрануся. Таіса, пашукай мне мае старыя штаны і вельветавую куртку-талстоўку.
— А навошта табе пераапранацца? — спытала яна.— Я ўпэўнена, што гэта ненадоўга. Вось разбяруцца там, усё высветліцца, і ты вернешся дамоў. Ці праўду я кажу, таварыш начальнік? — ужо звяртаючыся да старэйшага канваіра, спытала Таіса.
— Ну так,— схітрыў той,— я мяркую, што ўсё хутка высветліцца. І калі гэта памылка, ён заўтра і вернецца дамоў.
— Тады, можа, і няварта пераапранацца?
— Варта, Таіска,— настойваў на сваім Міхась.— Бывае, што за адну гадзіну можна сапсаваць дарагую рэч. А ты ж ведаеш, як мне цяжка дасталася гэтая мая «тройка». А я іду не ў тэатр і не ў рэстаран, а ў турму, ды яшчэ якую — знакамітыя «Крыжы».
Толькі цяпер яна зразумела, куды забіраюць яе мужа. І што з такой установы хутка не вяртаюцца. Яна залілася горкімі слязьмі і пачала збіраць мужа ў страшную дарогу.
Сам жа Міхась падумаў, што расстаецца з жонкай не на дзень і не на два. Бо на такі кароткі тэрмін не забіраюць у турму, а змяшчаюць у асобны пакой пры міліцыі. «Тут штосьці не тое»,— падумаў ён. Ды і сам час быў незвычайны — суровы, ліхі. Але жонцы пра гэта ён не зрабіў нават і намёку, не хацеў трывожыць. І калі ўжо ўсё было гатова, ён дастаў са стала сто рублёў, якія адкладваў на дарогу ў Манчагорск, дваццаць пяць паклаў сабе ў кішэню, а астатнія вярнуў на тое ж самае месца:
— Мне хопіць і чацвяртной, а табе трэба жыць і, можа, яшчэ і дзіця карміць.
— Як гэта жыць і дзіця карміць? — спалохалася Таіса.— Няўжо ты ў тых «Крыжах» збіраешся зімаваць? — І адразу загаласіла.
Толькі цяпер зразумеў Міхась, што зрабіў непапраўную памылку, раскрыўшы тую праўду, якую таіў ад яе да апошняй хвіліны перад расстаннем.
— Ды не, што ты, дарагая, гэта я так, між іншым, як кажуць, для краснага слоўца,— суцяшаў ён яе.— Я хутка вярнуся. Ты ж ведаеш, мне трэба на работу ў школу.
Але дарэмнымі былі намаганні Міхася. Яна заплакала яшчэ гучней і пачала рваць на сабе валасы. Потым абхапіла мужа за шыю і на ўвесь голас закрычала:
— Не пушчу! Звяругі, што вы з намі робіце?! За што вы нас разлучаеце?!
— Супакойце жонку! — цяпер ужо сталі крычаць энкавэдысты.— Інакш мы будзем прымаць свае меры.
Крык Таісы і канваіраў разбудзіў усіх жыльцоў вялікай камунальнай кватэры. Людзі ў адной бялізне павыскоквалі са сваіх пакояў. Жанчыны пачалі супакойваць Таісу, а мужчыны глядзелі на такое відовішча насцярожана. Домакіраўнік, бачачы ўсю складанасць сітуацыі, непрыкметна знік за дзвярыма. Суседзі ўгаворвалі Таісу, раілі ёй не нервавацца дзеля будучага дзіцяці. Прасіў яе аб гэтым і Міхась. І калі яна трошкі супакоілася, канваіры ўзялі пад рукі Міхася і хуценька вывелі яго на лесвіцу.